ГАЗІ́
(сапр. Мінгазееў) Ібрагім Зарыфавіч (4.2.1907, в. Старыя Карамалы, Татарстан — 21.2.1971),
татарскі пісьменнік. Пісаў на рус., тат. і башк. мовах. Першыя творы ў друку з’явіліся ў 1930-я г. У апавяданнях і аповесцях жыццё рабочай моладзі і калгаснай вёскі, падзеі Вял. Айч. вайны (зб-кі «Іх было трое», 1945; «Мы яшчэ сустрэнемся», 1947, і інш.). Працоўныя будні, разнастайныя аспекты жыцця сучаснікаў адлюстраваны ў аўтабіягр. трылогіі «Незабыўныя гады» («Дзяцінства», «Хлеб, вінтоўка і каханне», «Калі мацнеюць крылы», 1949—66), рамане «Звычайныя людзі» (1955). Выступаў як літ. крытык, перакладчык.
т. 4, с. 432
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
га́зі
(ар. gazi, ад gaza = ваяваць)
1) удзельнік газавату;
2) ганаровы тытул военачальнікаў у многіх мусульманскіх краінах.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г., часткова)
АБУ́-ЛЬ-ГАЗІ́ Бахадур-хан
(12.8.1603, г. Ургенч, Узбекістан — сак. 1664),
узбекскі пісьменнік, гісторык. Хівінскі хан. У творах («Радаслоўная туркменаў» і «Радаслоўнае дрэва цюркаў») ёсць каштоўныя звесткі пра жыццё і гісторыю розных плямёнаў Сярэдняй Азіі, шэраг нар. легендаў, паданняў, прымавак і прыказак.
Літ.:
Кононов А.Н. Родословная туркмен. Соч. Абу-л-Гази хана хивинского. М.; Л., 1958.
т. 1, с. 47
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАДЖЫ́-МАГАМЕ́Д
(? — 1877),
імам Дагестана і Чэчні. Сын шэйха Абдурахмана Хаджы Сагратлінскага, паплечніка Шаміля. Вучоны-багаслоў, аўтар паэмы ў гонар трох імамаў (Газі-Магамед, Гамзат-бек і Шаміль). У 1877 узначаліў паўстанне горцаў у Дагестане і Чэчні супраць рас. улад. 4.11.1877 узяты ў палон, паводле рашэння ваенна-палявога суда пакараны смерцю.
т. 4, с. 420
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТАЦЮ́РК
(Ataturk) Мустафа Кемаль (12.3.1881, г. Салонікі, Грэцыя — 10.11.1938),
дзяржаўны, паліт. і ваенны дзеяч, заснавальнік і 1-ы прэзідэнт (1923—38) Турэцкай рэспублікі. Скончыў Акадэмію Генштаба ў Стамбуле (1905). Да 1908 удзельнічаў у младатурэцкім руху. Прымаў удзел у італа-турэцкай (1911—12), 2-й Балканскай (1913) і 1-й сусветнай (1914—18) войнах (з 1916 генерал, паша). У 1919 узначальваў нац.-вызв. рух за стварэнне незалежнай Тур. рэспублікі. З 1920 старшыня Вял. нац. сходу Турцыі, сфарміраванага пад яго кіраўніцтвам. З 1921 вярх. галоўнакамандуючы. За перамогу над англа-грэч. інтэрвентамі ў баях пры р. Сакар’я (1921) атрымаў званне маршала і ганаровы тытул газі. Правёў прагрэс. рэформы бурж.-нац. характару ў галіне дзярж.-адм. ладу, культуры і быту: скасаваў султанат (1922) і халіфат (1924), абвясціў рэспубліку (1923), рэфармаваў заканадаўства, увёў грыгарыянскі каляндар, лац. алфавіт і інш.
т. 2, с. 70
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)