Гадыцкі-Цвірко Ю. 2/189

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ КРАЁВАЯ НАРО́ДНАЯ РА́ДА,

фіктыўны прадстаўнічы орган, выбраны на т.зв. Беларускім краёвым з’ездзе (студз. 1919). Інспіравана ўрадам Польшчы, які прэтэндаваў на бел. землі і не хацеў, каб дэлегацыя БНР удзельнічала ў Парыжскай мірнай канферэнцыі. «Прэзідэнт» рады К.Цвірка-Гадыцкі, «член» — А.Янсан. 23.3.1919 яны накіравалі міністру-прэзідэнту Польшчы ліст, у якім прасілі зрабіць адпаведныя крокі «ў кірунку ўстанаўлення супольнага палітычнага жыцця беларускага народа з Польшчай».

А.М.Сідарэвіч.

т. 2, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БА́ЦЬКАЎШЧЫНА»,

бел. культурна-асветнае таварыства ў Мінску ў 1918—20. Створана ва ўмовах акупацыі Беларусі герм. захопнікамі з мэтай гуртавання бел. насельніцтва, развіцця яго нац. свядомасці, пашырэння асветы і бел. л-ры. Заснавальнікі Я.Варонка, Я.Бялевіч, К.Езавітаў, П.Крачэўскі, Я.Лёсік, К.Цвірка-Гадыцкі і інш. Выдавала бел. газеты і часопісы («Бацькаўшчына», «Беларускае слова», «Беларуская ілюстраваная часопісь» і інш.). Аддзяленні т-ва дзейнічалі ў Бабруйску, Гродне, Слуцку, Вільні, Рызе і інш.

У.В.Ляхоўскі.

т. 2, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ КРАЁВЫ З’ЕЗД,

выдуманы форум «дэлегатаў беларускіх грамадзянскіх і палітычных арганізацый, сялянскіх радаў», членаў «быўшай Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ... іншых краёвых арганізацый цэлай Беларусі», які нібыта адбыўся 28—30.1.1919 у зоне «бальшавіцкай акупацыі» — у Навагрудку. «Прэзідэнт» нібыта абранай на Беларускім краёвым з’ездзе Беларускай краёвай народнай рады У.Цвірка-Гадыцкі меў у той час сталыя кантакты з дзеячамі БНР і нават супрацоўнічаў з імі. Легенда аб Беларускім краёвым з’ездзе ўзнікла ў сак. 1919, калі дэлегацыя БНР на чале з А.Луцкевічам дамагалася ўдзелу ў Парыжскай мірнай канферэнцыі. 23.3.1919 Цвірка-Гадыцкі і член Бел. краёвай нар. рады А.Янсан накіравалі міністру-прэзідэнту Польшчы І.Падарэўскаму ліст, у які ўключылі «рэзалюцыю з’езда», што тычылася справы бел. дзяржаўнасці. Аўтары «рэзалюцыі» пісалі, што «Беларусь у сваіх этнаграфічных межах... увойдзе ў сціслы звязак з Польскай Рэчы Паспалітай». Спасылкай на гэтую «рэзалюцыю» міністр-прэзідэнт Польшчы даводзіў на Парыжскай мірнай канферэнцыі, што дэлегацыя БНР не мае паўнамоцтваў і не можа ўдзельнічаць у перагаворах. «Рэзалюцыя» істотнага ўплыву на работу Парыжскай мірнай канферэнцыі не зрабіла. Фіктыўнасць Беларускага краёвага з’езду была даказана, і ў чэрв. 1919 прадстаўнікі бел. народа былі дапушчаны на канферэнцыю.

А.М.Сідарэвіч.

т. 2, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)