ВІ́ТАН-ДУБЕ́ЙКАЎСКІ ((Дубяйкоўскі) Лявон Іванавіч) (19.7.1869 ці 1867, в. Дубейкава Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 6.11.1940),

бел. архітэктар, будаўнік, педагог, паэт. Скончыў Мсціслаўскае гар. вучылішча, Школу буд. рамёстваў у Варшаве, Акадэмію архітэктуры ў Парыжы (1909). У 1903 здаў экзамен на званне інжынера-будаўніка пры Пецярбургскім ін-це цывільных інжынераў. У 1897 адкрыў буд. кантору ў Смаленску. З 1910 працаваў у Варшаве, выкладаў у Тэхн.-прамысл. школе (1912—15), працаваў у створаным ім уласным бюро. У час 1-й сусв. вайны займаўся буд-вам на Полаччыне і ў Арле (Расія). Удзельнічаў у бел. нац.-культ. руху: спрыяў дзейнасці клуба «Беларуская хатка», чытаў лекцыі на бел. настаўніцкіх курсах у Вільні і Гродне (1919). З 1922 займаўся арх.-буд. работамі ў Вільні, быў дырэктарам Мулярскай школы (1925—29). Сярод работ: цэрквы ў г. Манастыршчына і Ярцава (Смаленская вобл.), скарбніца ў г. Вязьма. Аднаўляў касцёлы ў Оршы, Мсціславе, Крычаве, вёсках Смаляны Аршанскага і Свіслач Асіповіцкага р-наў; спраектаваў царкву ў Відзах (1922), Дрысвяцкі Петрапаўлаўскі касцёл, мноства розных пабудоў у Вільні і на Віленшчыне. Аўтар працы «Эвалюцыя і рэформа драўлянага будаўніцтва» (засталася ў рукапісе). Аўтар сац.-вострых твораў, скіраваных супраць вайны і салдатчыны, антыгуманных сац. умоў, што раз’ядноўваюць людзей з радзімай: байка «Цягне воўк — пацягнуць воўка!», вершы «Бура», «Кракаў воран на бярозе...», «Голас з чужой стараны» і інш. Склаў зборнік бел. прыказак (у рукапісе). Пахаваны ў Вільні на могілках Роса. Рукапісы яго твораў захоўваюцца часткова ў Мінску, Вільні, Нью-Йорку.

Літ.:

Vitan K. Lavon-Vitan-Dubiejkauski: da 85 uhodkau naradżeńnia. New York, 1954.

В.В.Гліннік.

т. 4, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЕ́ДА»,

навукова-літаратурны часопіс бел. эміграцыі. Выдаваўся ў 1951—54 у Нью-Йорку на бел. мове Крывіцкім (Беларускім) навук. т-вам Пранціша Скарыны. Гал. рэдактар Я.Станкевіч, рэдактар літ. аддзела А.Адамовіч. Друкаваў гіст., этнагр., мовазнаўчыя і інш. навук. матэрыялы, літ. творы бел. эмігранцкіх пісьменнікаў, інфармацыю пра грамадскае і культ. жыццё бел. асяродка ў Амерыцы і інш. У 1951 выйшла 5 сшыткаў, у 1952 — 12 нумароў у 10 сшытках, у 1953 — 10 нумароў у 4 сшытках, у 1954 — 1 нумар. Дадаткам да час. ў 1953 выдадзены творы У.Жылкі, успаміны Кветкі Вітан пра Л.Дубейкаўскага.

т. 4, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУЦКЕ́ВІЧ (Іван Іванавіч) (9 6.1881, г. Шаўляй, Літва — 20.8.1919),

бел. паліт. дзеяч, археолаг, этнограф, публіцыст. Брат А.І.Луцкевіча. Вучыўся ў Лібаўскай (Ліепайскай) і Мінскай гімназіях, Маскоўскім археал. ін-це, Пецярбургскім ун-це. Адзін з пачынальнікаў і ідэйных кіраўнікоў бел. культ.-асв., грамадска-паліт. руху на пач. 20 ст. Удзельнічаў у стварэнні «Круга беларускай народнай прасветы і культуры», Беларускай сацыялістычнай грамады, газет «Наша доля», «Наша ніва», «Гоман», выд-ва «Наша хата» (1908), Беларускага выдавецкага таварыства (1913), Беларускага народнага камітэта (1915—18), першых бел. школ на Віленшчыне, Гродзеншчыне, Беласточчыне (1916), Віленскай бел. гімназіі (1919), Бел. навук. т-ва (1918). Збіральнік і даследчык бел. старажытнасцей. Яго асабістая калекцыя стала асновай Беларускага музея ў Вільні. З А.Луцкевічам, В.Ластоўскім і інш. распрацоўваў пытанні дзярж. самавызначэння Беларусі — ад канцэпцыі краёвай аўтаноміі, аднаўлення на канфедэратыўнай аснове дзярж. уніі Беларусі і Літвы (1906—18) да абвяшчэння незалежнай Бел. Нар. Рэспублікі ў яе этнагр. межах. 3 яго ўдзелам і па яго ініцыятыве пытанне аб нац. самавызначэнні бел. народа ўпершыню прагучала на міжнар. форумах — канферэнцыі сацыяліст. і рэв. партый (Фінляндыя, 1906), Славянскім з’ездзе прагрэс. студэнтаў (Прага, 1908), міжнар. канферэнцыі нацый (Лазана, 1916). Быў прыхільнікам раўнапраўных адносін Беларусі з Расіяй, Польшчай, Украінай, Літвой. Паўплываў на творчы лёс Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, З.Бядулі, М.Гарэцкага і інш. Аўтар навукова-публіцыст. прац па гісторыі, мастацтве, кніжнай культуры Беларусі. Увёў у навук. ўжытак помнікі старабел. л-ры 16 ст., пісаныя арабскай графікай «Аль-Кітаб» (1920). Памёр у г. Закапанэ (Польшча), перапахаваны ў 1991 у Вільні. У Мінску створаны Фонд сац. ініцыятыў і даследаванняў імя братоў Луцкевічаў (1993).

Тв.:

Аб беларускім мастацтве // Гоман. 1918. № 70 (перадрук Скарыніч. Мн., 1993. Вып. 2);

Ай Кітаб // Спадчына. 1992. № 3.

Літ.:

Луцкевіч А. За дваццаць пяць гадоў (1903—1928). Мн., 1991;

Яго ж. Беларускі музей ім. Івана Луцкевіча. Мн., 1992;

Станкевіч А Іван Луцкевіч — закладчык Віленскай беларускай гімназіі // 25-лецце беларускай гімназіі ў Вільні, 1919—1944.

Вільня, 1944; Вітан-Дубейкаўская Ю. Мае ўспаміны. Вільня, 1994; Адамовіч А. Як дух змагання Беларусі... Нью-Йорк, 1983; Гужалоўскі А Сабранае застаецца, калі свой не адхінецца: Іван Луцкевіч — збіральнік бел. старажытнасцяў // Мастацтва Беларусі. 1991. № 10; Каваль А. [Каўка А.] Іван Луцкевіч — адраджэнец // Беларуска = Albaruthenina. Мн., 1993. Вып. 1; Лабынцаў Ю.А. Архіў беларускага адраджэння. Мн., 1993.

А.К.Каўка.

І.І.Луцкевіч.

т. 9, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)