МАСТАЦТВАЗНАЎСТВА
На Беларусі мастацтвазнаўства дастаткова інтэнсіўна развівалася з 1920-х г. і набыло спецыфічныя асаблівасці. На хвалі адраджэння нац. культуры фарміраваліся калектывы мастацтвазнаўцаў, вяліся даследаванні ў галіне выяўленчага мастацтва, архітэктуры, нар. творчасці. Асобныя пытанні гісторыі развіцця бел. мастацтва вывучаў М.Шчакаціхін («Васіль Вашчанка — магілёўскі гравёр канца XVII — пачатку XVIII сталецця», 1925; «Гравюры і кніжныя аздобы ў выданнях Францішка Скарыны», 1926). У «Нарысах з гісторыі беларускага мастацтва» (т. 1, 1928) ён прасачыў гісторыю развіцця нац. выяўленчага мастацтва і даў яго навук. перыядызацыю. Плённа працавалі П.Бузук, А.Грыневіч, Я.Дыла, І.Замоцін, М.Красінскі, І.Плашчынскі, якія зрабілі ўклад у станаўленне метадалагічных прынцыпаў вывучэння бел. мастацтва і нар. творчасці. Даследаванні выяўленчага мастацтва даваеннага перыяду прадстаўлены пераважна артыкуламі інфармацыйнага і публіцыст. характару В.Вольскага, І.Гаўрыса, А.Касцялянскага, І.Фурмана. Больш грунтоўны яго аналіз праведзены ў зб-ках «Нарысы выяўленчага мастацтва Беларусі» і «Мастацтва Савецкай Беларусі» (абодва 1940), дзе змешчаны нарысы А.Азірскага, Д.Геніна, М.Грынблата, А.Даліна, М.Керзіна, М.Машкоўцава і інш. пра архітэктуру, скульптуру, графіку, жывапіс, нар. творчасць.
Мэтанакіраванае вывучэнне бел. выяўленчага мастацтва і архітэктуры аднавілася ў пасляваенны час. У 1950-я г. выйшлі зб-кі навук. артыкулаў, прысвечаных розным відам мастацтва: «Мастацтва Савецкай Беларусі» (1955), «Беларускае мастацтва» (1957, 1960, 1962), манаграфія «Беларуская архітэктура. Гістарычны нарыс» М.Кацара (1956). Планамерныя даследаванні заканамернасцей развіцця духоўнай і матэрыяльнай культуры бел. народа пачаліся пасля стварэння ў 1957 Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі (1-ы дырэктар П.Глебка). Праблемы выяўленчага мастацтва ў 1950—70-я г. распрацавалі Л.Дробаў, А.Воінаў, М.Кацар, П.Масленікаў, У.Чантурыя. Вынікі даследаванняў адлюстраваны ў манаграфіях «Беларуская архітэктура» (1956), «Скульптура Савецкай Беларусі» (1957) і «Нарысы па гісторыі выяўленчага мастацтва Савецкай Беларусі» (1960) М.Кацара, «Гісторыя архітэктуры Беларусі» (1977) і «Архітэктурныя помнікі Беларусі» (1982) У.Чантурыі, «Беларускія мастакі XIX стагоддзя» (1971), «Мастацтва Беларускай ССР» (1972), «Жывапіс Беларусі XIX — пачатку XX ст.» (1974) Л.Дробава, «Беларускі савецкі тэматычны жывапіс» П.Масленікава (1962), «Мастацтва Савецкай Беларусі» М.Арловай (1960). Развіццё бел. керамікі прааналізавана ў кн. «Мастацкая кераміка Савецкай Беларусі» І.Елатомцавай (1965). У 1970-я г. пашырыліся даследаванні ў Бел. тэатральна-мастацкім ін-це, Мінскім ін-це культуры, Дзярж. мастацкім музеі. У аналізе актуальных пытанняў бел. выяўленчага мастацтва пераважаў жанр творчага партрэта. Выйшла серыя кніг пра жывапісцаў, графікаў, скульптараў, мастакоў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, арыентаваная на шырокае кола чытачоў, у т. л. манаграфіі альбомнага тыпу: «Міхаіл Савіцкі» Э.Пугачовай (1982), «Віталій Цвірка» Б.Крэпака (1985), «Яўген Зайцаў» Ю.Карачуна (1988). У кн. Л.Дробава «Жывапіс Беларусі XIX — пачатку XX ст.» (1974) на гіст. фоне разгледжана станаўленне гіст., бытавога, партрэтнага і пейзажнага жанраў жывапісу, прыведзены звесткі пра жыццё і творчасць вядучых майстроў: В.Ваньковіча, Я.Дамеля, І.Аляшкевіча, І.Хруцкага, Ф.Рушчыца і інш. Працягам тэмы стала яго манаграфія «Жывапіс Савецкай Беларусі» (1979), дзе прааналізавана развіццё бел. жывапісу ў 1917—75. Гісторыі бел. манументальнага мастацтва прысвечаны даследаванні В.Церашчатавай «Старажытнабеларускі манументальны жывапіс XI—XVII ст.» (1986), У.Пракапцова «У пошуках прыгажосці і гармоніі» (1988), А.Сяліцкага «Жывапіс Полацкай зямлі XI—XII ст.» (1992). Станаўленню і развіццю тэатральна-дэкарацыйнага мастацтва прысвечаны працы «Тэатральна-дэкарацыйнае мастацтва Савецкай Беларусі» Г.Барышава (1958), «С.Ф.Нікалаеў» (1970), «Дэкарацыйнае мастацтва музычнага тэатра БССР» (1973), «Яўген Чамадураў» (1984) П.Карнача.
Гісторыя і тагачасны стан архітэктуры Беларусі дастаткова поўна асветлены ў працах А.Воінава «Гісторыя архітэктуры Беларусі: Савецкі перыяд» (1975), «Гісторыя архітэктуры Беларусі» (т. 2, 1987) і У.Чантурыі «Архітэктура Беларусі канца XVIII — пачатку XIX стагоддзя» (1962), «Архітэктурныя помнікі Беларусі» (1982), «Атлас помнікаў архітэктуры і мемарыяльных комплексаў Беларусі» (1983), «Помнікі архітэктуры і горадабудаўніцтва Беларусі» (1986). Шэраг важных праблем гісторыі бел. архітэктуры разгледжаны ў манаграфіях «Архітэктура Магілёва. З гісторыі планіроўкі і забудовы горада» (1973), «Архітэктура Віцебска» (1980) Т.Чарняўскай, «Замкі Беларусі» (1987) М.Ткачова, «Архітэктура палацава-сядзібных ансамбляў Беларусі: Другая палавіна XVIII — пачатак XIX стагоддзя» (1981), «Архітэктура і мастацтва ракако на Беларусі» (1989), «Эклектыка. Архітэктура Беларусі 2-й паловы XIX — пачатку XX стагоддзя» (2000) А.Кулагіна, «Беларускае народнае дойлідства» (1991), «Нацыянальныя рысы беларускай архітэктуры» (1999) А.Лакоткі, «Дойлідства Беларусі XVI — сярэдзіны XVII ст.» (1991) Ю.Якімовіча, «Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока» (2001) Т.Габрусь і інш. даследчыкаў. Развіццё кніжнай гравюры ў 16—18 ст. і аналіз творчасці Ф.Скарыны, П.Мсціслаўца, М. і В. Вашчанкаў, А. і Л. Тарасевічаў зрабіў В.Шматаў у кн. «Беларуская кніжная гравюра» (1984), «Мастацтва кніг Францыска Скарыны» (1986). Гісторыю развіцця бел. сав. графікі ён разгледзеў у кнігах: «Беларуская графіка 1917—1941 гг.» (1975), «Сучасная беларуская графіка 1945—1977 гг.» (1979) і інш. У 1980-я г. пашырыўся тэматычны і жанравы дыяпазон даследаванняў, у т. л. ў вывучэнні дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. М.Яніцкая вывучае гісторыю развіцця маст. шкла — «Вытокі шкларобства Беларусі» (1980), «Беларускае мастацкае шкло, XIX — пачатак XX стагоддзя» (1984), «Мастацкае шкло Савецкай Беларусі» (1989). Ганчарства, мастацкая апрацоўка дрэва і металу, салома- і лозапляценне, ткацтва адлюстраваны ў манаграфіях «Народная разьба па дрэву» (1978), «Беларускае народнае мастацтва» (1980), «Беларуская народная кераміка» (1987), «Беларускае народнае мастацкае кавальства» (1990), «Беларуская народная цацка» (1991), «Беларускае народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва» (1996), «Народнае мастацтва Беларусі» (1997) Я.Сахуты. Гісторыя нар. касцюма даследавана ў рабоце «Беларускае народнае адзенне» М.Раманюка (1981). Прафесійнаму дэкаратыўна-прыкладному мастацтву прысвечаны публікацыі «Беларуская кераміка» В.Гаўрылава, «Сучасная беларуская кераміка» В.Жука (абедзве 1984), «Беларускія дываны і габелены» Дз.Трызны (1981), «Беларускае мастацкае шкло» А.Сурскага (1978). Сярод прац па гісторыі бел. скульптуры — «Народная драўляная скульптура Беларусі» (1977) і «Старажытнабеларуская скульптура» (1991) А.Лявонавай, «Партрэтная скульптура Савецкай Беларусі» Э.Петэрсона (1982), «Манументальны летапіс эпохі» І.Елатомцавай (1969), «Беларуская скульптура малых форм» В.Жука (1998). У 1970—80-я г. выйшаў шэраг творчых партрэтаў скульптараў: А.Глебава, А.Заспіцкага, С.Селіханава, А.Бембеля, Л.Гумілеўскага і інш. Манаграфічныя даследаванні ў значнай ступені дапаўнялі альбомныя выданні, якія паступова ад простага ілюстравання твораў мастацтва пераходзілі да навукова-даследчай работы, што найб. выявілася ў выданнях Н.Высоцкай: «Жывапіс Беларусі XII—XVIII стагоддзяў» (1980; складальнікі Н.Высоцкая і Т.Карповіч), «Пластыка Беларусі XII—XVIII стагоддзяў» (1983), «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII—XVIII стагоддзяў» (1984), «Жывапіс барока» (2003). У выніку комплекснага даследавання гісторыі выяўленчага мастацтва, помнікаў гісторыі і культуры Беларусі падрыхтавана і выдадзена фундаментальнае выданне — «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» (т. 1—7, 1984—88; Дзярж. прэмія Беларусі 1990), якое дае цэласную карціну багацейшай культурнай спадчыны бел. народа і ўключае помнікі археалогіі, гісторыі, архітэктуры і манументальнага мастацтва. Да ліку найбольш значных дасягненняў бел. мастацтвазнаўства адносіцца падрыхтаваная ў Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі «Гісторыя беларускага мастацтва» ў 6 тамах (1987—94; Дзярж. прэмія Беларусі 1996), якая змяшчае абагульняльныя даследаванні па архітэктуры, жывапісе, графіцы, скульптуры, дэкаратыўна-прыкладным мастацтве Беларусі са старажытных часоў да нашых дзён. У наш час нац. мастацкая культура Беларусі перажывае перыяд свайго адраджэння, ствараюцца групы вучоных, якія вядуць актыўную даследчую працу, займаюцца актыўным працэсам вяртання забытых і згубленых у часе імён майстроў розных відаў мастацтва. Пытанні гісторыі і тэорыі бел. мастацтва разглядаюцца ў часопісах «Мастацтва» (з 1983, да 1991 наз. «Мастацтва Беларусі»), «Архитектура и строительство» (з 1970, да 1996 наз. «Архитектура и строительство Белоруссии»), альманаху «Запіскі Беларускай акадэміі мастацтваў» (з 1998), газетах «Літаратура і мастацтва» (з 1932) і «Культура» (з 1991) і перыядычным друку; праблемы дызайну на Беларусі — у час. «Pro дизайн» (з 2001). Сістэматычнае вывучэнне гісторыі мастацтва і архітэктуры Беларусі вядзецца ў сектары выяўленчага мастацтва Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі, у Бел. АМ, Бел. ун-це культуры, пытанні гісторыі і тэорыі архітэктуры — у БНТУ у Мінску.
Літ.:
Беларускае сучаснае мастацтвазнаўства і крытыка: Праблемы адаптацыі да новых рэальнасцей. Мн., 1998.
В.І.Жук.
т. 18, кн. 2, с. 501