ВІ́ЗБАР (Юрый Іосіфавіч) (20.6.1934, Масква — 17.9.1984),

рускі кінаакцёр, рэжысёр, сцэнарыст, журналіст, бард; адзін з заснавальнікаў аўтарскай песні. Скончыў Маскоўскі пед. ін-т (1955). Працаваў настаўнікам, з 1958 у Дзярж. к-це па тэлебачанні і радыёвяшчанні (адзін з заснавальнікаў радыёстанцыі «Юнацтва»). З 1970 у творчым аб’яднанні «Экран». Рэжысёр ці аўтар сцэнарыяў больш як 40 дакумент. фільмаў. Аўтар сцэнарыяў маст. фільмаў «Год дракона», «Капітан Фракас», «Скачок». З 1965 здымаўся ў кіно («Ліпеньскі дождж», «Адплата», «Чырвоная палатка», «Начная змена», «Семнаццаць імгненняў вясны» і інш.). З 1950-х г. пісаў і выконваў свае песні. Аўтар аповесцяў, нарысаў, апавяданняў.

Тв.:

Я сердце оставил в синих горах: Стихи, песни, проза. 3 изд. М., 1989;

Верю в семиструнную гитару. М., 1994.

Л.​І.​Паўловіч.

т. 4, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЎТАРСКАЯ ПЕ́СНЯ,

від музычна-паэтычнага мастацтва, дзе паэт, кампазітар і выканаўца аб’яднаны ў адной асобе. Аўтарскую песню наз. таксама бардаўскай ці паэтычнай (літаратурнай) песняй, а яе выканаўцаў — бардамі (ад назвы прафес. паэтаў сярэднявечча ў Ірландыі, Уэльсе і Шатландыі).

Бярэ пачатак у творчасці стараж. нар. спевакоў (скальдаў, бардаў, лірнікаў, гусляроў). Сінкрэтычны від мастацтва, дзе сродкі слова, музыкі і артыстычнага майстэрства ствараюць адзін непадзельны маст. вобраз і служаць перш за ўсё выяўленню сэнсу. Крытэрый паэтычнасці дазваляе далучаць да аўтарскай песні і творчасць выканаўцаў.

Як асобны від мастацтва аўтарская песня сфарміравалася на пач. 20 ст. Яе тыповая рыса — паліт. накіраванасць, вызначальная прыкмета — акампанемент гітары. Сярод вядомых выканаўцаў аўтарскай песні ў Францыі — Ж.​Брэль, Ж.​Беко, Ш.​Азнавур. Палітычныя матывы распрацоўвалі ў сваёй творчасці Дж.​Хіл, П.​Сігер, В.​Гатры, Дж.​Баэз, Дз.​Рыд (ЗША), В.​Хара (Чылі). У б. СССР узнікла ў 1950-я г., пераважна сярод інтэлігенцыі, студэнтаў і турыстаў, і выконвала ролю «ціхай» апазіцыі існуючаму рэжыму. Найб. вядомы рас. барды Б.​Акуджава і М.​Анчараў (пачынальнікі), А.​Галіч і У.Высоцкі, творчасць якіх адметная асаблівай публіцыстычнасцю, а таксама А.​Гарадніцкі, Н.​Матвеева, Ю.​Візбар, Ю.​Кім, Я.​Клячкін, Ю.​Кукін, В.​Доліна, А.​Дольскі, С.​Нікіцін і інш. Сярод рускамоўных бардаў Беларусі А.​Круп (пачынальнік, старшыня першага буйнога клуба самадз. песні «Свіцязь», 1966), М.​Валодзін, Б.​Вайханскі, У.​Бобрыкаў, А.​Казанцава і інш. З прадстаўнікоў беларускамоўнай аўтарскай песні, якая ўзнікла на хвалі нац. адраджэння на пач. 1980-х г., А.​Камоцкі і С.​Сокалаў-Воюш (пачынальнікі), А.​Атаманаў, А.​Мельнікаў, В.​Цярэшчанка, В.​Шалкевіч і інш. З 1960-х г. праводзяцца фестывалі аўтарскай песні (найб. значны — памяці В.​Грушына, 1968, г. Самара), на Беларусі з 1971.

Н.​У.​Кудрэйка.

т. 2, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)