ВІГАНО́ ((Vigano) Сальваторэ) (25.3.1769, г. Неапаль, Італія — 10.8.1821),

італьянскі танцоўшчык, балетмайстар. Аўтар і аранжыроўшчык музыкі шэрагу сваіх балетаў. Вучыўся ў Л.Бакерыні. У 1799—1803 балетмайстар Венскага прыдворнага т-ра, з 1812 міланскага т-ра «Ла Скала». На аснове прынцыпаў пантамімнай драмы Ж.Даберваля стварыў рамант. балетную драму. Найб. вядомыя балеты Вігано: «Тварэнні Праметэя» на муз. Л.​Бетховена (1801), «Стральцы» (1809), «Міра, або Помста Венеры» (1817), «Атэла, або Венецыянскі маўр» на муз. Вігано, «Вясталка» (абодва 1818), «Тытаны» (1819), «Хімена», «Дыдона» і «Жанна д’Арк» на зборную музыку з твораў Л.​Бетховена, Дж.​Расіні, В.​А.​Моцарта, І.​Гайдна, Г.​Спанціні і інш.

т. 4, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Вігано Р. 5/176

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Вігано С. 2/100

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРНАДЭ́ЛІ ((Bernadelli) Фартуната) (?—5.12.1830),

італьянскі артыст балета, балетмайстар. Вучыўся ў С.Вігано. З 1812 працаваў у Парыжы, Амстэрдаме, Бруселі, Вене, Варшаве. З 1818 у Расіі, у 1819—22 і з 1826 у Вял. тэатры (першы мім). Выконваў камедыйныя, гратэскавыя і пантамімічныя ролі: Кален («Жанета і Кален»), Атэла («Атэла, або Венецыянскі маўр», у абодвух і балетмайстар). Сярод пастановак: «Механічныя фігуры», «Садоўніца», «Каханне Марса і Венеры», «Рычард Ільвінае сэрца ў Палесціне» на зборную музыку. Прапагандаваў ідэі і традыцыі Ж.Ж.Навера, творчасць Вігано. Яго дзейнасць мела вял. значэнне для знаёмства рус. артыстаў з асн. кірункамі зах.-еўрап. харэаграфіі, зрабіла ўплыў на развіццё акцёрскага майстэрства балетнай трупы Вял. Т-ра.

т. 3, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРУТАЛІ́ЗМ (ад англ. brutal грубы),

неабруталізм, кірунак архітэктуры, прадстаўнікі якога імкнуцца максімальна выявіць архітэктоніку простых і грубых арх. масаў. Узнік у 1950-я г. ў Вялікабрытаніі (арх. А. і П.​Смітсаны), пашырыўся ў Зах. Еўропе, ЗША і Японіі. Праграмнае для бруталізму — адмаўленне ад дэкар. прыёмаў, якія хаваюць натуральную фактуру жалезабетону, цэглы, сталі, шкла і інш. матэрыялаў. Сярод найб. вядомых пабудоў гэтага кірунку: школа ў Ханстэнтане (1949—54) і будынак рэдакцыі час. «Эканаміст» у Лондане (1964, арх. абодвух Смітсаны), ін-т Марчалонджы ў Мілане (1959, арх. В.​Вігано), жылы комплекс Парк-Хіл у Шэфілдзе (1955—61, арх. Дж.​Лін, А.​Сміт і інш.), лабараторыі А.​Н.​Рычардса Пенсільванскага ун-та ў Філадэльфіі (1957—61, арх. Л.​Кан).

Літ.:

Бэнем Р. Новый брутализм: Этика ил эстетика?: Пер. с англ. М., 1973.

Да арт. Бруталізм. Медыцынскія даследчыя лабараторыі Пенсільванскага універсітэта ў Філадэльфіі. Арх. Л.​Кан. 1960.

т. 3, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАРЭАЛІ́ЗМ (ад неа... + рэалізм),

кірунак у італьян. л-ры і мастацтве 1940—50-х г.; рэалізм новага часу, які новымі выяўл. сродкамі адлюстраваў тагачасную рэчаіснасць з яе супярэчнасцямі. Неарэалісты ставілі сац. праблемы ў іх нац. аспекце, імкнуліся праўдзіва апісаць сац.-гіст. зрухі, якія паўплывалі на лёс Італіі. У цэнтры іх твораў — выкрыццё сац. несправядлівасці, апісанне руху Супраціўлення, праблемы нар. жыцця. Яны звярталіся да новага кола герояў, не характэрных для л-ры «чорнага дваццацігоддзя» (просты чалавек-працаўнік пададзены не з жалем да яго горкага лёсу, а з верай і надзеяй у яго сілы і магчымасці), верылі ў высокія духоўныя якасці чалавека, засяроджвалі ўвагу на адказнасці л-ры за яго маральнае аблічча. Н. ўласцівы гуманізм і аптымізм у раскрыцці канфліктаў пасляваен. эпохі. Вытокі Н. — у рэаліст. традыцыях італьян. л-ры, у творчасці пісьменнікаў-верыстаў (гл. Верызм). Пэўны ўплыў на пісьменнікаў-неарэалістаў зрабіла сав. проза (М.​Горкі, А.​Фадзееў) і рэаліст. амер. проза 1930-х г. (Э.​Хемінгуэй, Дж.​Стэйнбек). Асн. жанр Н. — «лірычны дакумент» — спалучэнне мемуарнага аўтабіягр. матэрыялу з маст. вымыслам, дакумент. апісанне рэальных падзей і гісторыі духоўнага росту героя. Стыль і мова неарэалістаў простыя, лаканічныя, стрыманыя, шырока выкарыстоўваецца нар. лексіка. Н. у л-ры прадстаўлены творамі В.​Праталіні, Э.​Вітарыні, П.​Пазаліні, Р.​Вігано, А.​Маравія, Л.​Біджарэці і інш. Найб. поўна выявіўся ў італьян. кіно (фільм «Рым — адкрыты горад» рэж. Р.​Раселіні) і паўплываў на творчасць А.​Вісконці, Ч.​Дзаваціні, П.​Джэрмі, В. Дэ Сікі, Дж. Дэ Сантыса. Заснаваныя на дакумент. фактах фільмы рэжысёраў-неарэалістаў здымаліся пераважна на натуры з непрафес. выканаўцамі. Спад Н. ў сярэдзіне 1950-х г. абумоўлены няздольнасцю гэтай маст. сістэмы раскрыць складаныя супярэчнасці рэчаіснасці. У 1960-я г. на змену яму прыйшлі авангардныя плыні і кірункі.

Літ.:

Потапова З.М. Неореализм в итальянской литературе. М., 1961;

История итальянской литературы XIX—XX вв. М., 1990.

А.​У.​Вострыкава.

т. 11, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)