дамо́ў, прысл.

Да сябе, у свой дом, у сваю сям’ю; на радзіму.

Хлопцы скончылі работу і пайшлі д.

Вярнуцца з-за мяжы д.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

рээмігры́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак.

Вярнуцца (варочацца) на радзіму з эміграцыі.

[Ад лац. re — назад і эмігрыраваць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэпатрыі́равацца, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; зак. і незак.

1. Вярнуцца (варочацца) на радзіму з эміграцыі, з палону і пад.

2. толькі незак. Зал. да рэпатрыіраваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ЛАТАФА́ГІ (ад грэч. lotofagoi),

у старажытнагрэчаскай міфалогіі мірнае племя, што кармілася пладамі чароўнага лотасу. Пакаштаваўшы гэтых пладоў, спадарожнікі Адысея забыліся пра радзіму і пажадалі назаўсёды застацца ў краіне Л., але Адысей сілай прымусіў іх вярнуцца на караблі.

т. 9, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСКЕ́РКА Сцяпан Міхаіл (12.9.1712, Навагрудчына — ?),

эканаміст, юрыст. Вучыўся ў Слуцкай гімназіі. Працягваў адукацыю ў Кёнігсбергу і Берліне, але з-за ганенняў езуітаў на яго бацькоў вымушаны вярнуцца на радзіму і прыняць каталіцкую веру. З 1733 зноў у Прусіі, саветнік юстыцыі караля Фрыдрыха II. У 1760 напісаў эканам. трактат «Неабавязковы план хутчэйшага асваення абложных зямель Брандэнбургскай маркі» (захоўваецца ў Рас. нац. б-цы ў С.-Пецярбургу, у бел. перакладзе выдадзены ў 1995). Аскерка ўпершыню ўвёў у навук. ўжытак слова «план», выказаў ідэі, якія адыгралі важную ролю ў фарміраванні т.зв. «прускага» шляху развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы.

Літ.:

Янченко С. Не все могут короли: Прусский монарх прислушивался к советнику-белорусу // Дело. 1993. № 4.

С.​Я.​Янчанка.

т. 2, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРТАРЫ́ЙСКІ Канстанцін Адам (Аляксандр Казімір; 28.10.1773, Варшава — 20.3.1860),

польскі і рас. вайск. і дзярж. дзеяч. З роду Чартарыйскіх. У 1795 разам з братам А.Е.Чартарыйскім адпраўлены ў Пецярбург і залічаны афіцэрам у лейб-гвардыі Ізмайлаўскі полк, потым — камер-юнкерам. З 1796 ад’ютант вял. князя Канстанціна Паўлавіча ў чыне ген.-маёра. У 1798 атрымаў дазвол вярнуцца на радзіму і пасяліўся ў маёнтку Пулавы. У час аўстра-франц. вайны 1809 змагаўся на баку Напалеона I як генерал Варшаўскага княства; у вайну 1812 вызначыўся ў Смаленскай бітве, цяжка кантужаны пад Барадзіном. Пасля ўтварэння Каралеўства Польскага з 1815 каралеўскі ген.-ад’ютант пры імператару Аляксандру I. З 1828 у Вене. У час паўстання 1830—31 выконваў дыпламат. місію ад А.​Е.​Чартарыйскага да К.​Метэрніха. Меў маёнткі на Беларусі (Воўчынскі і Рэчыцкі ключы).

А.​У.​Ерашэвіч.

т. 17, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯСТРЖЭ́МБСКІ Іван (Ян Фердынанд) Львовіч (1814, Рэчыцкі пав. Мінскай губ. — пасля 1883),

рэвалюцыянер-петрашэвец, эканаміст. Скончыў Харкаўскі ун-т (1841). Выкладаў палітэканомію і статыстыку ў Ін-це корпуса інжынераў шляхоў зносін і Тэхнал. ін-це ў Пецярбургу. З восені 1848 член гуртка М.​В.​Петрашэўскага, на сходах якога чытаў лекцыі па палітэканоміі. На фарміраванне яго філас. поглядаў паўплываў А.​І.​Герцэн. Як і большасць петрашэўцаў адхіляў сістэму камунізму, які адмаўляў усякую ўласнасць. Разам з тым крытыкаваў капіталізм за тое, што ён выклікае збядненне пэўных слаёў насельніцтва. 2.5.1848 арыштаваны і зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць. 3.1.1850 прыгавораны да смяротнай кары, але ў той жа дзень паводле канфірмацыі на Сямёнаўскім пляцы ў Пецярбургу пакаранне заменена на 6 гадоў катаргі. Сасланы ў Табольскую губ. У 1857 яму дазволена вярнуцца на радзіму; да 1872 жыў пад наглядам паліцыі. У 2-й пал. 1850-х г. як інжынер удзельнічаў у буд-ве шашы Масква—Варшава на тэр. Магілёўскай губ. Аўтар мемуараў.

Тв.:

Мемуар петрашевца // Минувшие годы. 1908. № 1.

т. 18, кн. 1, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

back​4 [bæk] adv.

1. зза́ду;

Keep back! Не падыходзь!/Не набліжайся!

2. наза́д;

back and forth уза́д і ўпе́рад;

there and back туды́ і наза́д;

be/get back home

1) вярну́цца даха́ты/дамо́ў

2) вярну́цца на радзі́му;

look back агля́двацца;

step back зрабі́ць крок наза́д

3. (таму́) наза́д;

an hour or so back каля́ гадзі́ны таму́;

far back in ancient times даўны́м-даўно́, у старажы́тныя часы́

4. (паказвае на дзеянне ў адказ) answer back пярэ́чыць;

pay back адда́ць доўг; адплаці́ць; вярну́ць гро́шы;

talk back агрыза́цца

♦

hold back the tears стры́мліваць слёзы

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

ГЛІ́НСКІ Міхаіл Львовіч (мянушка Мажны, каля 1470 — 1534),

дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ і Маскоўскага вял. княства. З роду Глінскіх. Вучыўся ў Зах. Еўропе, служыў у войску герм. імператара Максіміляна I. У канцы 1490-х вярнуўся ў ВКЛ, стаў набліжанай асобай вял. кн. Аляксандра. Маршалак дворны літоўскі (1500) намеснік мерацкі (1502), бельскі (1505). Атрымаў буйныя маёнткі на Падляшшы, Мажэйкава (пад Лідай), Тураў і інш. У 1506 на чале войска ВКЛ разбіў татар у Клецкай бітве 1506. Узвышэнне Глінскага і яго братоў выклікала востры канфлікт са старой знаццю, непрыязна паставіўся да Глінскага і новы вял. кн. Жыгімонт I Стары. Глінскі імкнуўся паказаць сябе абаронцам праваслаўя і заклікаў бел. і ўкр. шляхту падтрымаць яго (хоць сам яшчэ ў маладосці прыняў каталіцтва і вярнуўся ў праваслаўе толькі значна пазней у Маскве). Усе гэтыя супярэчнасці прывялі да Глінскіх мяцяжу 1508. Пасля няўдалага выступлення ўцёк у Маскву, атрымаў у Расіі ўладанні (Малаяраславец, Бароўск) замест канфіскаваных у ВКЛ. Удзельнічаў у вайне Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1512—22. За намер вярнуцца на радзіму зняволены ў турму, дзе прабыў да 1527 (паводле інш. звестак да 1526). Вызвалены па просьбе пляменніцы Алены, жонкі вял. князя маскоўскага Васіля III, стаў ваяводам. У 1533 увайшоў у склад Вярхоўнай думы. У 1534 у выніку інтрыг зноў кінуты ў турму, дзе і памёр.

В.​Л.​Насевіч.

т. 5, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́МЕРЫ (Römerowie),

грамадска-палітычныя культ. дзеячы Літвы і Беларусі, прадстаўнікі шляхецкага роду ням. паходжання.

Міхал (14.9.1778—14.1.1853), грамадска-паліт. дзеяч. Вучыўся ў Віленскім ун-це. У 1803—13 прэзідэнт 2-га дэпартамента Віленскага гал. суда, у 1808—18 адзін з трох камісараў Віленскай адукацыйнай суд. камісіі. У вайну 1812 распараджэннем Напалеона І прызначаны прэзідэнтам г. Вільня, але ў вер. 1812 пакінуў пасаду з-за канфлікту з франц. ўладамі, якія збіраліся закрыць Віленскі ун-т. Пасля вайны ў 1814—17 маршалак шляхты Трокскага пав., з 1817 — Віленскай губ. Прыхільнік скасавання прыгоннага права, у 1817 узначальваў дэлегацыю шляхты, якая безвынікова звярталася да цара з адпаведным праектам. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў масонства ў Літве і на Беларусі; майстар (кіраўнік) т.зв. Вялікай правінцыяльнай Літоўскай ложы «Дасканалае адзінства», якая кіравала дзейнасцю астатніх літ.-бел. лож. Адзін з заснавальнікаў (1819) патрыят. арг-цыі В.​Лукасінскага «Нацыянальнае масонства», чл. Патрыятычнага таварыства, паплечнік Т.​Зана. У маі 1826 арыштаваны, зняволены ў Варшаве да 1828, потым у Петрапаўлаўскай крэпасці С.-Пецярбурга да 1830. У 1830—32 у ссылцы ў г.Варонеж. Пасля вяртання на радзіму ад грамадскай дзейнасці адышоў.

Эдвард Ян (14.5.1806—1.5.1878), грамадскі дзеяч, літаратар, перакладчык і мастак-аматар. Бацька А.​І.​Ромера. Вучыўся ў Віленскім ун-це (1823—28), жывапісу — у Я.​Рустэма. У час паўстання 1830—31 чл. Віленскага цэнтральнага паўстанцкага камітэта. У 1833 арыштаваны і асуджаны на пажыццёвую ссылку ў г. Волагда, аднак праз год атрымаў дазвол вярнуцца на радзіму. У 1834 устанавіў сувязь з т.зв. Літоўскім к-там (Вільня), які падтрымліваў адносіны з эмігранцкім лагерам польскага «караля дэ-факта» А.​Ю.​Чартарыйскага. У ліп. 1838 зноў арыштаваны па справе Ш.​Канарскага, асуджаны да смяротнага пакарання, замененага новай ссылкай у Волагду (да 1852). Пасля вяртання ў Вільню пад наглядам паліцыі. Быў чл. Музея старажытнасцей і Віленскай археалагічнай камісіі (з 1855), дырэктарам 2-га аддзела Т-ва дабрачыннасці (з 1855), чл. шэрагу інш. т-ваў. У час паўстання 1863—64 пад хатнім арыштам. Пазней працаваў у Т-ве дабрачыннасці, чл. праўлення Зямельнага банка. Аўтар эпіграм на знакамітых сучаснікаў, перакладаў, партрэтаў сына Альфрэда Ізідара і інш. членаў сваёй сям’і.

Міхал Піус (7.5.1880, в. Багдонішкі Панявежскага пав., Літва — 22.2.1945), вучоны і грамадска-паліт. дзеяч. Вучыўся ў Ягелонскім ун-це ў Кракаве (1901—02), Парыжскай школе паліт. навук (1902—05). Адзін з гал. ідэолагаў ліберальна-дэмакр. крыла краёўцаў — плыні польскага нац. руху пач. 20 ст. на Беларусі і Літве. У 1911—15 супрацоўнічаў з бел. газ. «Наша ніва», чл. рэдакцыі віленскай газ. «Kurier Krajowy» («Краёвы кур’ер», 1913). Узначальваў віленскую масонскую ложу «Літва», членамі якой былі А.​Луцкевіч і В.​Ластоўскі. Станоўча ставіўся да бел. грамадска-паліт. і культ. адраджэння, абараняў бел. рух ад нападкаў польскіх і рус. шавіністычных колаў. У знак пратэсту супраць захопу Вільні польскімі войскамі ген. Л.​Жалігоўскага (9.10.1920) пераехаў у Літву. Праф. права (1922) і рэктар Каўнаскага (1927—28, 1933—39), праф. Віленскага (1940—45) ун-таў. У час ням.-фаш. акупацыі (1941—44) арганізоўваў у Вільні тайнае навучанне, падтрымліваў сувязі з рухам Супраціўлення.

Літ.:

Венцлова А. Буря в полдень. М., 1978;

Смалянчук А. Дзённік Міхала Ромера як крыніца па гісторыі Беларусі пачатку XX ст. // Бел. гіст. агляд. 1998. Т. 5, сш. 1(8).

М.​Я.​Рыбко, А.​Ф.​Смалянчук.

т. 13, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)