КО́НУС ВЫ́НАСУ,

акумуляцыйная форма рэльефу ў выглядзе плоскага паўконуса. Мае слабапукатую паверхню, уніз пашыраецца. Наземныя К.в. ўтвараюцца ў выніку назапашвання рыхлага матэрыялу (галька, пясок, гліна) ў месцах выхаду горных рэк на раўніны і ў вусцях часовых вадасцёкаў. Падводныя К.в. фарміруюцца ў прыбярэжных зонах мораў і акіянаў каля вусцяў рэк, якія выносяць значную колькасць наносаў, або ў вусцях падводных каньёнаў за кошт матэрыялу, які прыносяць патокі муці ў ніжнюю частку мацерыковага схілу ці ў вобласць мацерыковага падножжа.

т. 8, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

вы́нас

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, мужчынскі род, 1 скланенне

адз. мн.
Н. вы́нас вы́насы
Р. вы́насу вы́насаў
Д. вы́насу вы́насам
В. вы́нас вы́насы
Т. вы́насам вы́насамі
М. вы́насе вы́насах

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

вынасны́, ‑ая, ‑ое.

1. Вынесены за межы чаго‑н. Вынасная графа.

2. Прыстасаваны для вынасу, пераносу. Вынасны ложак. Вынасная радыёстанцыя.

3. Спец. Высунуты наперад у выглядзе выступу. Вынасное судна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПРАЛЮ́ВІЙ (ад лац. proluo выношу цячэннем),

комплекс рыхлых адкладаў часовых водных патокаў. Тэрмін прапанаваў рус. геолаг А.​П.​Паўлаў у 1914. Утвараецца каля падножжа гор, а таксама ў конусах вынасу далін і яроў. Складаецца з вял. абломкаў і валуноў горных парод, галькі, жвіру і інш., якія зменьваюцца да перыферыі дробназярністымі пяскамі, супескамі, лёсападобнымі суглінкамі і глінамі. Злучаныя конусы вынасу ўтвараюць пралювіяльныя шлейфы. На Беларусі П. трапляецца ў межах узгорыста-градавага (Беларуская града) і ярыстага рэльефу.

т. 12, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРЛІО́ВІЙ (ад лац. perluo прамываю),

рэшткавы грубаабломкавы валунны ці галечны матэрыял, які пасля размыву розных парод і вынасу драбназёму застаўся на дне рачных далін і яроў. Перлювіяльныя адклады характарызуюцца сартаванасцю, адсутнасцю слаістасці, прадухіляюць далейшы размыў рачных далін, на асобных участках рэк ствараюць мясц. базісы эрозіі.

т. 12, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАВІ́ЙСКАЯ КАТЛАВІ́НА,

падводная катлавіна на ПнЗ Індыйскага ак. паміж Аравійска-Індыйскім хрыбтом і паўн. часткай Цэнтр. Індыйскага хрыбта. Даўж. 2500 км, шыр. да 1500 км. Пераважная глыб. 4000 м, найб. — 5803 м (упадзіна на Пд). Значная частка Аравійскай катлавіны — конус вынасу р. Інд; у зах. частцы — падводная гара МДУ (глыб. над ёй — 2758 м). Грунт — фарамініферавы глей і чырв. гліна.

т. 1, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАНТА́Ж (франц. plantage ад лац. plantare высаджваць),

глыбокая апрацоўка глебы спец. плугамі, на глыб. 50—70 (да 100) см пад гадавальнікі, вінаграднікі, сады, лесапасадкі. Паляпшае якасць глебы, спрыяе развіццю каранёў. Каб пазбегнуць вынасу на паверхню малаўрадлівага ніжняга пласта глебы, на плантажныя плугі ставяць дадатковыя рабочыя органы — перадплужнікі, выразныя адвалы, глебапаглыбнікі і інш.; адначасова ўносяць арган. і мінер. ўгнаенні, вапну ці гіпс.

Л.​В.​Круглоў.

т. 12, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́НДРЫ (ісланд. адз. л. sandr ад sand пясок),

раўнінныя паверхні паблізу ўскраін стараж. і сучасных ледавікоў, складзеныя перамытым і пераадкладзеным матэрыялам марэны (пераважна пяском). Шырока развіты ў абласцях плейстацэнавага зледзянення. Утвараюцца пры зліцці краявых частак плоскіх конусаў вынасу падледавіковых патокаў. Незамацаваныя расліннасцю зандравыя пяскі нярэдка перавеяны ў дзюны. На тэр. Беларусі займаюць вял. плошчы на Палессі, у вярхоўях рэк Бярэзіна, Вілія і інш. У далінах горных ледавіковых рэк часта ўтвараюцца зандравыя тэрасы.

т. 6, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

На́ры ’падмосткі, дошкі на козлах для спання’ (Яруш., Бяльк.), ’насціл з дошак для спання, палок’ (Сл. ПЗБ), ’насілкі для вынасу нябожчыкаў’ (Грыг., Сцяшк., Янк.), ’падстаўка пад галаву нябожчыка’ (ТС). Не можа разглядацца асобна ад ма́ры ’пахавальныя насілкі’ (Нас.), насуперак Фасмеру (3, 46), апошняе праз польскую і чэшскую мовы з ням. Bahre ’насілкі’ (Брукнер, 324; Махэк₂, 352).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БАЛКО́Н (італьян. balcone ад позналац. balcus бэлька),

канструкцыйны элемент пабудовы і маст. афармлення фасадаў будынкаў; агароджаная (кратамі, балюстрадай, парапетам) пляцоўка на кансольных бэльках, якая выступае са сцяны, або пліта (пераважна жалезабетонная) на фасадзе ці ў інтэр’еры (напр., у тэатры). Сустракаецца тып балкона без вынасу (т.зв. «французскі балкон»), які робіцца ў праёме балконных дзвярэй. Балкон як элемент пабудовы ўзнік на Усходзе. У Еўропе з’явіўся ў сярэднія вякі ў абарончым (машыкулі) і культавым (амбон) дойлідстве.

Балкон жылога дома на вул. Камсамольскай у Мінску. Мастацкае ліццё.

т. 2, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)