«ВЫЗВОЛЕ́НЕ»
(«Wyzwolenie»),
Польская народная партыя «Вызваленне», дробнабуржуазная партыя ў Польшчы ў 1915—31. Мела значны ўплыў на сялян Зах. Беларусі. Яе лідэры: К.Багінскі, Я.Домбскі, Т.Начніцкі, С.Асецкі, Ю.Панятоўскі, С.Тугут. Радыкальная частка «Вызволеня» ў 1922—23 выдавала ў Вільні газ. «Wyzwolenie Ludu» («Вызваленне народа»). З дапамогай радыкальных праграм яна аб’яднала вакол сябе частку сярэдніх і дробных сялян. Кіраўніцтва партыі займала згодніцкія пазіцыі, але пад націскам радавых членаў «Вызволеня» стала ў апазіцыю да ўрада Пілсудскага. У 1924 з яе вылучылася левае крыло на чале з пасламі сейма А.Фідаркевічам, С.Ваявудскім, С.Баліным, якое стала асновай Незалежнай сялянскай партыі. У 1931 «Вызволене» аб’ядналася з партыяй «Пяст» і Сял. партыяй у Польскую нар. партыю, якая адстойвала інтарэсы заможных сялян.
І.П.Хаўратовіч.
т. 4, с. 308
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛЮДО́ЎЦЫ»
(ад польск. lud народ, сялянства),
назва членаў польскіх, у асноўным сялянскіх, партый («Пяст», «Вызволене», «Стронніцтво людовэ», Стронніцтво хлопске).
т. 9, с. 403
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́МБСКІ ((Dąbski) Ян) (4.4.1880, с. Кукізава Львоўскай вобл., Украіна — 5.6.1931),
польскі паліт. дзеяч, журналіст. У 1-ю сусв. вайну ў польскіх легіёнах. У 1919—30 пасол польскага сейма. У 1920—21 нам. міністра замежных спраў Польшчы, старшыня польскай дэлегацыі на мірных рус.-ўкр.-польскіх перагаворах у Мінску і Рызе. 18.3.1921 падпісаў з польскага боку Рыжскі мірны дагавор 1921, паводле якога Зах. Беларусь адыходзіла да Польшчы. Адзін з лідэраў Польскай нар. партыі «Вызволене». Аўтар успамінаў.
У.М.Міхнюк.
т. 6, с. 182
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НАРО́ДНАЕ ВЫЗВАЛЕ́ННЕ»,
газета прагрэс. кірунку, орган партыі «Вызволене». Выдавалася з 29.1 да 24.6.1923 у Вільні на бел. мове групай радыкальна настроеных дэпутатаў польск. сейма, якія ў 1924 выйшлі з «Вызволеня» і заснавалі Незалежную сялянскую партыю. Выходзіла 1 раз на тыдзень замест закрытай польск. ўладамі газ. «Wyzwolenie Ludu» («Вызваленне народа»). З пазіцый сял. дэмакратыі крытыкавала ўрад, мясц. адміністрацыю (арт. «Чаго варты ўрад Сікорскага», «Вынікі працы новага ўрада», «Законы, канстытуцыя і некаторыя чыноўнікі»), выкрывала дэпутатаў сейма, якія дагаджалі пануючым класам (арт. «Вітас прадаўся Хісна-Пясту»), прапагандавала ідэю паліт. аб’яднання сялянства на ўзор рабочых. У рубрыцы «Нашы песняры» змясціла нататкі пра Ф.Багушэвіча, Я.Купалу, вершы, якія мелі актуальнае значэнне ва ўмовах Зах. Беларусі. Выйшла 5 нумароў. Забаронена польск. ўладамі.
А.С.Ліс.
т. 11, с. 166
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)