выбіва́нка

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, жаночы род, 2 скланенне

адз. мн.
Н. выбіва́нка выбіва́нкі
Р. выбіва́нкі выбіва́нак
Д. выбіва́нцы выбіва́нкам
В. выбіва́нку выбіва́нкі
Т. выбіва́нкай
выбіва́нкаю
выбіва́нкамі
М. выбіва́нцы выбіва́нках

Крыніцы: piskunou2012.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

ЛЯ́ХАВІЦКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення цэнтр. Беларусі. Бытаваў у 19 — пач. 20 ст. на тэр. Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл., Нясвіжскага і Клецкага р-наў Мінскай вобл. Аснову летняга жаночага касцюма складалі кашуля, спадніца, фартух, пояс, гарсэт. Кашулю кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі, аздаблялі вузкімі паскамі чырвонага натыкання, якія кампанаваліся ў гарыз. шлякі, размешчаныя на грудзях, рукавах, плечавых устаўках, адкладным каўняры. У строгім арнаменце амаль адсутнічаў рамбічны і раслінны ўзор. Шырокая, кроеная з 4—5 полак шарсцянкі спадніца (выбіванка, андарак, плацянковая спадніца) вызначаецца суладдзем сакавітых рознакаляровых (у вясёлкавай гаме) гарыз. шлякоў, якія чаргаваліся з цёмна-сінім, цёмна-зялёным, бурачковым ці чорным колерамі фону. Прасавалася ў дробныя складкі. Фартух шылі з 2 полак кужалю, аздаблялі, як і кашулю. Аднаполкавы фартух шылі са стракатых тканін. Вузкі пояс, тканы геам. ўзорамі ў чырвона-зялёным каларыце, завязваўся спераду. Гарсэты цёмна-сінія, зялёныя, чорныя ў выглядзе безрукаўкі з баскай-клінкамі ці накшталт кароткага ліфа з адразной баскай на спіне. Галаўныя ўборы — падвічка, намітка ці хустка, аздобленыя букетамі кветак, зеляніны, гірляндачкай (гафрыраванай рознакаляровай паперай, сабранай ў веер). Нагрудныя і шыйныя ўпрыгожанні — пацеркі, тасемкі, стужкі, абразкі. Мужчынскае адзенне складалі кашуля навыпуск, пояс і шарачковыя нагавіцы. Галаўнымі ўборамі былі саламяныя капелюшы, упрыгожаныя чырвонымі стужкамі, кветкамі, каласкамі жыта. Верхняе мужчынскае і жаночае адзенне — сярмяга са складкамі на спіне, кароткая копта з нашыўкамі чорнага аксаміту, блакітны каптан з чырвонымі выкладамі на грудзях і рукавах.

Літ.:

Раманюк М.Ф. Беларускае народнае адзенне: [Альбом]. Мн., 1981.

М.​Ф.​Раманюк.

Да арт. Ляхавіцкі строй. Касцюм маладой і дружкі. Вёска Вялікае Падлессе Ляхавіцкага раёна. 1920-я г.

т. 9, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)