Вы́барак ’лепшы з лепшых які-небудзь прадмет’ (Нас., Байк. і Некр.). Суфіксальнае ўтварэнне ад выбраць, значэнне ’тое, што выбрана з шэрагу яму падобных’; параўн. вы́баркі ’рэшткі’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
вы́барка
назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, жаночы род, 2 скланенне
|
адз. |
мн. |
| Н. |
вы́барка |
вы́баркі |
| Р. |
вы́баркі |
вы́барак |
| Д. |
вы́барцы |
вы́баркам |
| В. |
вы́барку |
вы́баркі |
| Т. |
вы́баркай вы́баркаю |
вы́баркамі |
| М. |
вы́барцы |
вы́барках |
Крыніцы:
krapivabr2012,
nazounik2008,
piskunou2012,
sbm2012,
tsblm1996,
tsbm1984.
Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)
Вы́баркі ’рэшткі з выбраных лепшых частак’ (Нас., Бяльк.), укр. ви́бірки ’рэшткі; брак’, рус. выборки, польск. wybiórki ’адпадкі’. Суфіксальнае ўтварэнне ад вы́браць, форма мн. л. у процілегласць форме адз. л. (параўн. выбарак) мае значэнне з адценнем адмоўнасці — ’тое, што засталося, як выбралі лепшае’; параўн. пераважнае ўжыванне формы мн. л. або зборн. для абазначэння рознага тыпу адкідаў: вы́сеўкі, аці́ры і інш.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
МАТЭМАТЫ́ЧНАЯ СГАТЫ́СТЫКА,
навука пра матэм. метады сістэматызацыі і выкарыстання статыстычных даных для навук. і практычных вывадаў. Стат. метады шырока выкарыстоўваюцца амаль ва ўсіх галінах ведаў. У сацыялогіі асн. паняццямі М.с. з’яўляюцца ген. і выбарачная сукупнасці. Генеральная сукупнасць — поўнае мноства аб’ектаў, якія маюць адносіны да праблемы, што вывучаецца; выбарачная сукупнасць — частка ген. сукупнасці, якая дазваляе меркаваць пра яе ў цэлым і належыць непасрэднаму абследаванню. Выбарачны метад выкарыстоўваецца ў выпадках, калі поўнае абследаванне ген. сукупнасці немагчыма або эканамічна немэтазгодна. Асн. раздзеламі М.с. з’яўляюцца апісальная статыстыка, стат. вывад, аналіз стат. сувязей і залежнасцей. Метады апісальнай статыстыкі прызначаны для абагульнення інфармацыі, атрыманай пры поўным абследаванні сукупнасці, і ўключаюць атрыманне частотных размеркаванняў, пабудову графікаў, разлік паказчыкаў цэнтра размеркавання і ступені раскіду звестак. Статыстычны вывад абагульняе вынікі выбарачнага абследавання на ген. сукупнасць і ўключае ацэньванне яе параметраў і стат. праверку гіпотэз. Асновай стат. вываду з’яўляюцца законы тэорыі верагоднасцей, асн. паняццем — паняцце выпадковай выбаркі, якая мяркуе, што для ўсіх аб’ектаў з ген. сукупнасці верагоднасць уключэння ў выбарку павінна быць аднолькавая. Метадамі пабудовы рэпрэзентатыўных (прадстаўнічых) выбарак займаецца тэорыя выбаркі. Метады аналізу статыстычных сувязей і залежнасцей: карэляцыйны і рэгрэсіўны аналіз, аналіз табліц спалучэння, дысперсійны аналіз і інш. Выбар метаду залежыць ад мэт і задач даследавання, а таксама ад асаблівасцей звестак, што выкарыстоўваюцца.
В.В.Цярэшчанка.
т. 10, с. 213
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯМЕ́ТРЫЯ (ад бія... + ...метрыя),
біялагічная статыстыка, навука пра выкарыстанне матэм. метадаў у вывучэнні з’яў жывой прыроды. Уключае сукупнасць прыёмаў планавання і апрацоўкі даных біял. даследаванняў і назіранняў метадамі матэм. (варыяцыйнай) статыстыкі.
Асновы біяметрыі закладзены ў канцы 19 ст. працамі бельг. антраполага А.Кетле, англ. вучоных Ф.Гальтана і К.Пірсана, якія з 1901 выдавалі ў Лондане часопіс «Biometrica». Распрацоўка тэорыі малых выбарак у працах англ. вучонага В.Госета і біяметрычных метадаў у генет. даследаваннях англ. біёлага Р.Фішэра (1890—1962) адыграла значную ролю ў гісторыі біяметрыі. У Расіі выкарыстанню і развіццю біяметрыі спрыялі працы С.Н.Бернштэйна, А.Я.Хінчына, А.М.Калмагорава, У.І.Раманоўскага, І.І.Шмальгаўзена, С.С.Чацверыкова і інш. На Беларусі вял. ўклад зрабіў П.Ф.Ракіцкі.
Біяметрыя вывучае зменлівыя прыкметы арганізмаў і біял. працэсаў, іх размеркаванне ў сукупнасцях: нармальнае (паказвае размеркаванне варыянтаў па колькасных прыкметах), бінамінальнае (характарызуе якасныя прыкметы) і пуасонаўскае (адлюстроўвае рэдкую з’яву). Пры апрацоўцы вынікаў доследаў праводзяць ацэнку параметраў размеркавання (сярэдняй велічыні, сярэдняга квадратычнага адхілення, памылкі сярэдняй, дысперсіі, асіметрыі, эксцэсу, энтрапіі, лішку і інш.), параўнанне выбарачных размеркаванняў і іх параметраў (верагоднасць адрозненняў) і выяўленне стат. сувязяў (простая, частковая і множная карэляцыя, рэгрэсія), напр. паміж памерамі органаў і масай арганізма. Дысперсійны аналіз служыць для вызначэння ўплыву розных фактараў на зменлівасць прыкмет. Б. шырока ўжываецца ва ўсіх галінах біялогіі, а таксама ў раслінаводстве, жывёлагадоўлі і медыцыне.
А.С.Леанцюк.
т. 3, с. 175
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)