Вуця́ ’качаня’ (брагін., Ант., 246: «Пытай, маці, да ў шэрага вуцяці… Да шэрае вуця да й на моры начуе…»); параўн. укр. утя́, род. скл. утя́ти ’тс’ (але дзіцячае у́тя, род. скл. у́ти ’качка’), вутя́ (палес.), рус. утя́, ву́тя (бранск.) ’тс’. Відаць, архаізм; узыходзіць да прасл. *ǫws.

Ву́ця, род. скл. ву́ці дзіцячае ’качка’ (КЭС); параўн. укр. у́тя ’тс’. Хутчэй за ўсё трансфармаванае, згодна з асаблівасцямі ўтварэння т. зв. дзіцячых слоў (скарачэнне да двух кладоў, змякчэнне канцавых зычных, спецыяльная суфіксацыя і пад.), зыходнае слова тыпу ву́тва (ву́таўка), ву́тка (ву́тачка), вуцяня́ і пад.; параўн. ко́ця (< кот, коцік), ко́ся (< конь, конік) і г. д.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ву́цькі ’качаняты’ (Жд., 2). Памянш. ад вуця, вуці ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вуцю́к ’качаня’ (Дразд.), вутюкы́ ’качаняты’ (стол., Жыв. сл.). Ад ву́ця, адносна суфіксацыі гл. Грынавецкене і інш., Балто-слав. сб., 381; Мартынаў, Деривация, 31 (пад уплывам балтыйскага ‑(i)ukas.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вуць-вуць-вуць ’падзыўныя словы для качак’ (Грыг., КСТ, круп., Нар. сл.; полаў., Нар. лекс.); параўн. укр. і рус. вуть‑вуть‑вуть ’тс’. У аснове — слова дзіцячай мовы ву́ця (ву́тя, у́тя) ’качка’; параўн. Смаль-Стоцкі, Приміт., 31, 148.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ву́ці-ву́ці-ву́ці ’падзыўныя словы для качак’ (мсцісл., З нар. сл.; гродз., Цых.) ’падзыўныя словы для гусей’ (віл., міёр., карэліц., зэльв., Шатал.). У аснове падзыўнога слова форма мн. л. ад назоўніка ву́ця дзіц. ’качка’; параўн. Смаль-Стоцкі, Приміт., 31; перанос падз. слова на гусей — другасная з’ява, параўн. вут-вут-вут (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ву́тва ’качка’ (Дразд.), ву́тва зборн. ’качкі’ (парыц., Янк. Мат.), ву́тва, вутва́ ’тс’ (КСТ), укр. утва́, рус. утва́ зборн., славен. ôtva, серб.-харв. у̏тва ’дзікая качка’. Прасл. *ǫty, род. скл. ǫtъve, роднаснае літ. ántis ’качка’, ст.-прус. antis, ст.-інд. ātíṣ ’вадзяная птушка’, лац. anas, anatis (Фасмер, 4, 174, з літ-рай). Гл. вутка, вуціца, вуця.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Пу́ця1, дзіц. пу́тя ’курыца’ (Клім.), пу́тачка ’курачка’ (барыс., LKK, 17, 187), пу́ценькі ’кураняткі’ (Сцяц.), в.-луж., н.-луж. дзіц. puta ’курыца’, польск. вілен. putʼa ’курыца’, славен. pùta ’тс’. Паводле Турскай (Powstanie, 106), польскае слова ўтворана ад выгуку puť‑puť, якім клічуць курэй, тое ж датычыць беларускага (гл. пуць-пуць), лужыцкага і славенскага слоў (ад put‑put), гл. Шустар-Шэўц, 2, 1194; Сной, 517. Грынавяцкене і інш. (LKK, 17, 187) выводзіць пу́тачка з літ. putùtė ’курачка’, што сумнеўна.

*Пу́ця2, пу́тя ’cunnus’ (драг., БЛ, 17, 67), польск. сейн. putʼa, putʼka ’pudmen muliebre’, дыял. puta, putka ’penis; cunnus’. Меркаванне пра балтыйскае паходжанне, параўн. літ. pùtė ’pudmen muliebre’ (Лаўчутэ, Балтизмы, 83; Лучыц-Федарэц, БЛ, 17, 67), якое грунтуецца на фармальным атаясамліванні пу́ця1 і пуця2, недастаткова абгрунтаванае, бо табуізаванне назваў геніталій праз назвы хатніх птушак вядомае значна шырэй, параўн. ку́рыца2, пятух (гл.), балг. кур ’penis’, пу́тка ’cunnus’ і пад.; спасылка на вакалізм пачатку слова pu‑, прысутны ў літ. putýtis ’птушка’, лат. putns ’тс’ пры прасл. *pъta (Лучыц-Федарэц, там жа), не пераконвае, бо ў аснове назвы пуця1 ляжыць гукаперайманне; палаталізаваны варыянт канца слова характэрны для т. зв. дзіцячых слоў, параўн. ко́ця ад кот, ву́ця ад вутка і пад. Да пуця1 ў выніку табуізацыі ці эўфемізацыі зыходнай назвы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)