«ВО́КСХАЛ»

(Vauxhall),

легкавы аўтамабіль канцэрна «Джэнерал мотарс». Уніфікаваны з аўтамабілем «Опель» (мадэль з правабакавым рулявым кіраваннем, разлічаная на англ. рынак, наз. «Воксхал», астатнія — «Опель», напр. «Воксхал-Кавалер» адпавядае «Опель-Вектра», «Воксхал-Карлтан» — «Опель-Амега»). З 1979 вырабляюцца аўтамабілі малога і сярэдняга класа. Рабочы аб’ём рухавіка ад 1,25 да 2,8 л, магутнасць ад 42 да 110 кВт, скорасць да 220 км/гадз.

Да арт. «Воксхал». Легкавы аўтамабіль «Воксхал-Вектра».

т. 4, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«Воксхал мотарз» (аўтамаб. манаполія, Англія) 1/593

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

«О́ПЕЛЬ»

(Opel),

сям’я легкавых аўтамабіляў ням. фірмы «Адам Опель». Выпускаюцца з 1898 (з 1929 фірма ў складзе «Джэнерал мотарс»). Легкавыя аўтамабілі асабліва малога, малога і сярэдняга класаў маюць рухавікі магутнасцю 33—155 кВт, найб. скорасць да 240 км/гадз. Некаторыя мадэлі «О.» уніфікаваны з «Воксхал».

Да арт. Опель: спартыўная мадэль Опель-Тыгра.

т. 11, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЮ́ЗІК-ХОЛ (англ. music-hall канцэртная зала),

від эстраднага тэатра. Праграмы М.-х. складаюцца з невял. нумароў розных жанраў і ўяўляюць сабой муз.-эстр. канцэрты ці тэматычна і сюжэтна цэльныя муз.-эстр. спектаклі (агляды, рэвю). У пач. 18 ст. М.-х. — паказы ў англ. тавернах, дзе шырока выкарыстоўваліся прыёмы фарса, буфанады, гратэску. Адзін з першых М.-х. арганізаваны ў прыгарадзе Лондана (Воксхал). У 1890 у Лондане адкрыты М.-х. «Альгамбра», у аглядах якога выступалі эстр. і цыркавыя артысты. Першапачаткова гэтыя відовішчы прызначаліся для дэмакр. гледача. Паступова для еўрап. і амер. М.-х. стала тыповым захапленне экстравагантнымі сцэн. трукамі, пышнымі відовішчамі (рэвю). У М.-х. розных краін склаліся свае жанравыя асаблівасці: у Францыі і Італіі пераважаюць вакальныя, муз.-інструментальныя і тэлевізійныя формы, у Германіі — моўныя і эстр.-цыркавыя, у ЗША — эстр.-вадэвільныя, эксцэнтрычныя з «гёрлс» (girls) у якасці аднаго з вядучых кампанентаў паказу. Сярод майстроў замежных М.-х. Ж.​Бейкер, І.​Гільбер, К. дэ Мерод, Б.​Кларк, Ж.​Містэнгет, Э.​Піяф, М.​Шэвалье. У СССР першы М.-х. адкрыты ў 1923 у маскоўскім садзе «Акварыум». У 1926 пачаў працаваць М.-х. у памяшканні 2-га Дзяржцырка. Да сярэдзіны 1930-х г. М.-х. дзейнічалі ў Ленінградзе, Горкім, Растове-на-Доне, Баку, Таганрогу і інш. У 1960-я г. М.-х. зноў створаны ў Маскве, Ленінградзе і інш. гарадах.

Літ.:

Уварова Е.Д. Эстрадный театр: миниатюры, обозрения, мюзик-холлы (1917—1945). М., 1983.

В.​А.​Войніч.

т. 11, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)