Викторов А. В. 8/93

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПО́Ў (Алег Канстанцінавіч) (н. 31.7.1930, в. Вырубава Маскоўскай вобл.),

расійскі артыст цырка, клоун. Нар. арт. Расіі (1958). Нар. арт. СССР (1969). Скончыў Дзярж. вучылішча цыркавога мастацтва (1949). Напачатку выступаў як эквілібрыст-комік на слабанацягнутым дроце. У 1950 дэбютаваў як клоун дывановы. Выкарыстоўвае цыркавыя прыёмы: эквілібрыстыку, акрабатыку, жангліраванне. У нумарах спалучае буфанаду, псіхал. праўду, мяккі лірычны гумар і сатыр. фарбы. Вобраз-маска П. — бесклапотны юнак, надзелены рысамі казачнага Іванкі-прастачка; празваны «Сонечным клоунам». Сярод лепшых нумароў «Эксцэнтрыяда на свабодным дроце», «Повар», «Свісток», «Прамень», «Хімчыстка», «Баланс з лялькай», «Тапелец», «Карусель», вядучыя ролі ў цыркавых спектаклях «Лячэнне смехам», «Царэўна-Несмяяна», «Сёння ў цырку фестываль», «Казка пра папа і яго работніка Балду», «Водная пантаміма» і інш. Лаўрэат Міжнар. фестывалю цыркаў у Варшаве (1957), прэмій «Оскар» (1958, Брусэль), «Залаты клоун» на Міжнар. фестывалі ў Монтэ-Карла (1981). Жыве за мяжой.

Літ.:

Викторов А. Выступает Олег Попов. М., 1968.

А.Папоў у масцы клоуна.

т. 12, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКУСТАЭЛЕКТРО́НІКА,

раздзел электронікі, які вывучае ўзбуджэнне, распаўсюджванне і прыём акустычных хваляў у кандэнсаваных асяроддзях, узаемадзеянне іх з электрамагн. палямі і электронамі праводнасці; займаецца стварэннем акустаэлектронных прылад. Як самастойны раздзел электронікі сфарміравалася ў 1960-я г. (адкрыццё эфекту ўзмацнення гуку дрэйфуючымі электронамі праводнасці ў крышталях сульфіду кадмію). Падзяляецца на высокачастотную (мікрахвалевую) акустыку цвёрдага цела (узбуджэнне, распаўсюджванне і прыём ультра- і гіпергукавых хваляў), уласна акустаэлектроніка (узаемадзеянне акустычных хваляў з электронамі праводнасці ў цвёрдых целах) і акустаоптыку. Займаецца распрацоўкай прылад для пераўтварэння і аналагавай апрацоўкі радыёсігналаў у дыяпазоне частот ад 1 МГц да 20 ГГц (ніжняя мяжа вызначаецца толькі памерамі існуючых крышталёў, верхняя — тэхнал. магчымасцямі вырабу субмікронных элементаў і вязкасным паглынаннем гуку ў цвёрдых целах). У акустаэлектроніцы выкарыстоўваюцца паверхневыя акустычныя хвалі, аб’ёмныя, прыпаверхневыя, хвалі Лэмба і інш. Асн. матэрыялы акстаэлектронікі: п’езаэлектрыкі і слаістыя структуры з п’езаэлектрыкаў і паўправаднікоў, сегнетаэлектрыкі, паўправаднікі без п’езаэл. уласцівасцяў і інш. На Беларусі даследаванні па акустаэлектроніцы праводзяцца з 1970-х г. у Бел. дзярж. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш.

Літ.:

Викторов И.А. Физические основы применения ультразвуковых волн Рэлея и Лэмба в технике. М., 1966;

Речицкий В.И. Акустоэлектронные радиокомпоненты: Схемы, топология, конструкции. М., 1987;

Морган Д. Устройства обработки сигналов на поверхностных акустических волнах: Пер. с англ. М., 1990.

В.​М.​Дашанкоў.

т. 1, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКО́ЎСКІ АКАДЭМІ́ЧНЫ ДЗІЦЯ́ЧЫ МУЗЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР імя Н.​І.​Сац,

буйнейшы ў Расіі музычны тэатр для дзяцей. Адкрыты ў 1965 у Маскве, з 1987 акадэмічны. Заснавальнік, дырэктар і гал. рэж. Н.Сац (да 1993), з 1994 т-р яе імя. У рэпертуары оперы «Воўк і сямёра казлянят» М.​Каваля, «Чырвоны капялюшык» М.​Раўхвергера, «Тры таўстуны» У.​Рубіна, «Горад майстроў» Я.​Саладухі, «Хлопчык-велікан» Ц.​Хрэннікава, «Сёстры» Дз.​Кабалеўскага, «Залаты ключык» І.​Марозава, «Чароўная музыка» М.​Мінкова, «Мая мама» А.​Спадавекія, «Басцьен і Басцьена» і «Чароўная флейта» В.​А.​Моцарта, «Другога красавіка» А.​Чайкоўскага, «Казка пра страчаны час» Ю.​Ражаўскай, «Кароль Лір» Ш.​Чалаева і інш., муз. камедыя «Беласнежка» Э.​Калманоўскага, балеты «Негрыцяня і малпа» Л.​Палавінкіна, «Скрынка з цацкамі» на муз. К.​Дэбюсі, «Камар і самавар» А.​Ларыёнавай, «Калабок» і «Сіняя птушка» Раўхвергера (апошні з выкарыстаннем музыкі І.​Саца), «Пунсовыя ветразі» У.​Юроўскага, «Папялушка» С.​Пракоф’ева, «Капелія» Л.​Дэліба і інш., а таксама сімф. канцэрты, тэатралізаваныя відовішчы і інш. Гал. балетмайстар Б.​Ляпаеў, гал. дырыжор Л.​Гершковіч.

Літ.:

Левтоновы В. и О. Единственный в мире // Театр. 1976. № 2;

Сац Н.И. Новеллы моей жизни. Кв. 1—2. 3 изд. М., 1985;

Викторов В. Наталия Сац и Детский музыкальный театр. М., 1993.

Будынак Маскоўскага акадэмічнага дзіцячага музычнага тэатра.

т. 10, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВЕ́РХНЕВЫЯ АКУСТЫ́ЧНЫЯ ХВА́ЛІ пругкія хвалі, якія распаўсюджваюцца ўздоўж мяжы цвёрдага цела з інш. асяроддзем і затухаюць пры аддаленні ад мяжы.

П.а.х. бываюць з верт. палярызацыяй — вектар вагальнага зрушэння часцінак асяроддзя ляжыць у плоскасці, перпендыкулярнай да мяжы падзелу, і з гарызантальнай — вектар зрушэння паралельны мяжы падзелу і перпендыкулярны да напрамку распаўсюджвання хвалі. Прыкладам першых служаць хвалі Рэлея, маюць 2 кампаненты мех. зрушэння часцінак: адну ўздоўж напрамку распаўсюджвання хвалі, другую перпендыкулярна да мяжы так, што часцінкі рухаюцца па эліпсе; распаўсюджваюцца ўздоўж мяжы цвёрдага цела з вакуумам, разрэджаным газам ці вадкасцю. Уздоўж мяжы 2 цвёрдых цел могуць распаўсюджвацца хвалі Стоўнлі, якія складаюцца як бы з 2 рэлееўскіх хваль (па адной у кожным асяроддзі). П.а.х. з гарыз. палярызацыяй, — зрухавыя хвалі Гуляева—Блюштэйна (на мяжы з п’езаэлектрычнымі матэрыяламі), хвалі Лява (на мяжы цвёрдай паўпрасторы з цвёрдым слоем).

П.а.х. выкарыстоўваюцца ў прыладах апрацоўкі радыёсігналаў, для неразбуральнага кантролю паверхні цвёрдых цел і інш.

Літ.:

Викторов И.А. Звуковые поверхностные волны в твердых телах. М., 1981;

Поверхностные акустические волны: Пер. с англ. М., 1981.

В.​М.​Дашанкоў.

Паверхневыя акустычныя хвалі: 1 — хваля Рэлея на свабоднай мяжы цвёрдага цела; 2 — хваля Лява на мяжы цвёрдая паўпрастора — цвёрды слой; x — напрамак распаўсюджвання хвалі; w, u, v — кампаненты зрушэння часцінак асяроддзя; крывыя паказваюць змену амплітуды зрушэння з аддаленнем ад мяжы падзелу.

т. 11, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)