вечарні́ца

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, жаночы род, 2 скланенне

адз. мн.
Н. вечарні́ца вечарні́цы
Р. вечарні́цы вечарні́ц
Д. вечарні́цы вечарні́цам
В. вечарні́цу вечарні́цы
Т. вечарні́цай
вечарні́цаю
вечарні́цамі
М. вечарні́цы вечарні́цах

Крыніцы: piskunou2012.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

Вечарні́ца ’вечарынка, забава’ (Др.-Падб., Нас. Доп., Яруш.), рус. (на руска-ўкраінскім паграніччы) вечерница ’вячэрні сход моладзі’, укр. вечерниці ’тс’, польск. wieczornica, wieczornice ’вячоркі’. Паўночнаслав. утварэнне ад прыметніка večerьn‑ь і суф. ж. р. Nomen agentis ‑ic‑a (параўн. польск. wieczornica ’дзяўчына, якая ходзіць на вячэрнія сходы або на вечарніцы’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вечарніцы ’вячэрнія размовы’ (Кольб.) — pluralia tantum ад вечарніца (гл.). Параўн. укр. вечерниці, польск. wieczornicy, wieczornice ’вячоркі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вечарні́кі ’вячоркі’ (навагр., З нар. сл.) — вузкарэгіянальнае ўтварэнне пры дапамозе суф. ‑ік (< ‑ikъ) (ад прыметніка вячэрн‑і (< večerьn‑ь)). Першапачатковае Nomen agentis семантычна стала абазначаць Nomen abstractum і м. р. мн. л. (у дадзеным выпадку звычайна femininum або pluralia tantum; параўн. вечарніца, вячоркі). Такая змена роду абумоўлена, відаць, тым, што словаўтваральная аснова вечар‑ м. р.; тое ж і ў іншых слав. гаворках; параўн. польск. wieczorynek ’забава ўвечары’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

star1 [stɑ:] n.

1. зо́рка, зара́;

an evening star вячо́рка, вечарні́ца;

a morning star зара́нка;

a shooting star зні́чка;

He stays at five-star hotels. Ён жыве ў найлепшых пяцізоркавых гатэлях.

2. до́ля, лёс;

be born under a lucky star нарадзі́цца пад шчаслі́вай зо́ркай;

You may thank your stars. Можаш дзякаваць Богу.

3. зо́рка экра́на, літарату́ры і да т.п.;

a star turn гало́ўны ну́мар прагра́мы

see stars infml : I saw stars. У мяне з вачэй іскры пасыпаліся;

bless my stars! бо́жа ты мой! вось табе́ i на!

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

АСТРАНО́МІЯ (ад астра... + грэч. nomos закон),

навука пра рух, будову, паходжанне і развіццё касм. целаў, іх сістэм і Сусвету ў цэлым. Вывучае розныя аб’екты: планеты і іх спадарожнікі, каметы і метэорнае рэчыва, зоркі, зорныя сістэмы (галактыкі), міжзорны газ і дыфузнае рэчыва, рассеянае ў касм. прасторы, эл.-магн. выпрамяненне нябесных целаў. Асн. раздзелы астраноміі: астраметрыя, астрафізіка, зорная астраномія, касмагонія, касмалогія, нябесная механіка, пазагалактычная астраномія, радыёастраномія.

Астраномія ўзнікла ў глыбокай старажытнасці з практычных патрэб чалавецтва. Рух Месяца, планет і сузор’яў дапамагаў вызначаць прамежкі часу і змены пораў года, весці каляндар, арыентавацца на мясцовасці. Практычны характар астр. ведаў адлюстраваўся ў нар. назвах касм. аб’ектаў (напр., Млечны Шлях — «Птушыны Шлях», планета Венера — «Вечарніца» і інш.) і ў стварэнні найпрасцейшых аграрна-астр. «абсерваторый». Адно з такіх збудаванняў дахрысціянскіх часоў з арыентаваных валуноў выяўлена і на Беларусі каля воз. Янова ў Полацкім раёне. Астраномія паспяхова развівалася ў Вавілоне, Егіпце, Стараж. Грэцыі, Індыі і Кітаі. Стараж.-грэч. вучоны Пталамей распрацаваў у 2 ст. геацэнтрычную сістэму свету, якая была агульнапрынятай амаль 1,5 тыс. гадоў. У сярэднія вякі астраномія дасягнула значнага развіцця ў дзяржавах Усходу. У 15 ст. Улугбек пабудаваў паблізу Самарканда астр. абсерваторыю з дастаткова дакладнымі на той час вугламернымі інструментамі. Узнікненне сучаснай астраноміі звязана са стварэннем геліяцэнтрычнай сістэмы свету (М.​Капернік, 16 ст.), вынаходствам тэлескопа (Г.​Галілей, пач. 17 ст.), адкрыццём законаў руху планет (І.​Кеплер, пач. 17 ст.) і сусветнага прыцягнення закону (І.​Ньютан, канец 17 ст.).

У 18 — пач. 20 ст. назіральная астраномія атрымала шматлікія звесткі пра Сонечную сістэму, фіз. прыроду зорак і інш. касм. аб’ектаў, што спрыяла стварэнню навук. карціны свету. Выкарыстанне ў астр. даследаваннях метадаў спектраскапіі, фатаграфіі і фотаметрыі прывяло да ўзнікнення астрафізікі. Вялікае значэнне мела заснаванне многіх астранамічных абсерваторый, удасканаленне астранамічных інструментаў і прылад, складанне зорных каталогаў з указаннем дакладных каардынат зорак. Гэтыя дасягненні астраноміі звязаны з працамі У.​Гершэля (Вялікабрытанія), Ж.​Лагранжа, П.​Лапласа, У.​Левер’е (Францыя), М.​В.​Ламаносава, В.​Я.​Струве, Ф.​А.​Брадзіхіна (Расія), К.​Доплера (Аўстрыя) і інш. Значны ўклад у назіральную астраномію і астрафіз. метады даследавання зрабілі астраномы Віленскай астранамічнай абсерваторыі і астраномы — выхадцы з Беларусі: С.​М.​Блажко, Дз.​І.​Дубяга, Г.​А.​Ціхаў, В.​К.​Цэраскі. Астр. даследаванні ў б. СССР звязаны з працамі В.​А.​Амбарцумяна, А.​А.​Белапольскага, С.​У.​Арлова, Я.​К.​Харадзе і інш. Даследаванні спектраў галактык дазволілі Э.​Хаблу (ЗША) выявіць у 1929 агульнае расшырэнне Сусвету, прадказанае рас. вучоным А.​А.​Фрыдманам (1922) на падставе тэорыі гравітацыі А.​Эйнштэйна (1915—16). Сярэдзіна 20 ст. характарызавалася з’яўленнем новых сродкаў назірання і выкарыстаннем касм. тэхнікі, што значна расшырыла магчымасці астр. даследаванняў. Стварэнне аптычных і радыётэлескопаў з высокай раздзяляльнай здольнасцю, выкарыстанне штучных спадарожнікаў Зямлі, ракет, а таксама аптычных і электронных сістэм, у стварэнні якіх бралі ўдзел вучоныя Беларусі, дало магчымасць у 1960—80 выявіць і даследаваць новыя касм. аб’екты: радыёгалактыкі, квазары, пульсары, крыніцы рэнтгенаўскага і нейтрыннага выпрамяненняў. Астраномія стала эксперыментальнай навукай, здольнай непасрэдна даследаваць касм. прастору, вывучаць Месяц і бліжэйшыя планеты. З дапамогай касм. апаратаў (напр., «Венера», «Марс», «Меркурый», «Рэйнджэр» і інш.) атрыманы фотаздымкі Месяца і амаль усіх планет Сонечнай сістэмы (акрамя Плутона), адкрыты новыя спадарожнікі планет, кольцы вакол планет-гігантаў, сфатаграфавана ядро каметы Галея.

Літ.:

Бакулин П.М., Кононович Э.В., Мороз В.И. Курс обшей астрономии. 5 изд. М., 1983;

Мартынов Д.Я. Курс обшей астрофизики. 4 изд. М., 1988;

Климишин И.А. Астрономия наших дней. 3 изд. М., 1986;

Паннекук А. История астрономии: Пер. с англ. М., 1966.

А.​А.​Навіцкі.

т. 2, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)