Весяле́ц ’журавель’ (Мат. Гом., КСТ) разам з польск. wesełyk ’назва жураўля’ (Варш. сл.) і ўкр. весе́лик складаюць вузкі арэал, дзе гэта эўфемістычная назва, відавочна, даволі старая. Тое ж і ў Б. Грынчанкі: «Назва жураўля, якую трэба ўжываць замест журавель тады, калі гэтыя птушкі прылятаюць вясной, інакш будзеш журыцца цэлы год» (Грынч., 1, 141). Польск. wiesiołek ’асліннік, Oenothera’ і ’скрыпень, Epilobium’ не звязана з бел. весялец. Гл. васіле́ц.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
◎ Пяве́ц (певец) ’журавель’ (пстрык., Мат. Гом.). Табуізаваная назва жураўля, від слоўнай магіі, параўн. весялец ’тс’ (коб не журыліс цальны год, то мы зовом іх весельцэ, КСТ); ад пявец ’пявун’, пець ’спяваць’ (гл.), параўн. ст.-бел. півец, певец ’пеўчы’: послухати гудебъ и певъцовъ царевыхъ (Сл. Скарыны).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)