Веста (міфал.) 8/372

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́СТА,

малая планета № 4. Адкрыта Г.Ольберсам (Германія, 1807). Адлегласць ад Сонца мяняецца ад 2,2 да 2,6 а.а. Самая яркая (6,5 зорнай велічыні ў процістаянні) і адна з буйнейшых (дыяметр 555 км) малых планет; адзіная з іх, бачная пры спрыяльных умовах простым вокам.

т. 4, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́СТА,

у старажытнарымскай міфалогіі багіня свяшчэннага ачага рым. абшчыны, курыі, дома. Уяўлялі Весту з тварам, закрытым пакрывалам, з чашай, факелам, скіпетрам і паладыем. Круглы храм Весты стаяў на Рым. форуме, унутры яго знаходзіўся ачаг Весты, у якім вясталкі падтрымлівалі вечны агонь. Да аднаго культу з Вестай належалі Пенаты. У стараж.-грэч. міфалогіі Весце адпавядае Гестыя.

т. 4, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́СТЫЯ,

у грэчаскай міфалогіі багіня агню і хатняга ачага, дачка Кронаса і Геі. Апякунка непагаснага агню — асновы, якая аб’ядноўвала багоў, чалавечае грамадства і кожную сям’ю. На Алімпе сімвалізавала непарушны космас. У рым. міфалогіі Гестыі адпавядае Веста.

т. 5, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯВІ́ЦКІ (Аляксандр Андрэевіч) (23.11.1885, Масква — 4.7.1965),

расійскі кінааператар; заснавальнік рас. школы аператарскага мастацтва. Засл. дз. маст. Расіі (1946). З 1924 выкладаў ва Усесаюзным дзярж. ін-це кінематаграфіі (з 1939 праф.). У кіно з 1910, да 1917 зняў каля 100 фільмаў маст. (пераважна экранізацыі рус. класікі), дакументальных, хранікальных і навукова-папулярных. Удзельнічаў у стварэнні першых сав. маст. фільмаў: «Незвычайныя прыгоды містэра Веста ў краіне бальшавікоў» (1924) і «Прамень смерці» (1925), якія паклалі пачатак пошуку выяўл. дэталей, новаму вырашэнню кампазіцыі масавых сцэн. Сярод інш. фільмаў: «Маці» (1920), «Крыж і маўзер» (1925), «Сёмы спадарожнік» (1928) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1949.

т. 9, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛЯШО́Ў (Леў Уладзіміравіч) (13.1.1899, г. Тамбоў, Расія — 29.3.1970),

расійскі кінарэжысёр, тэарэтык кіно, педагог; адзін з пачынальнікаў рас. кінамастацтва. Нар. арт. Расіі (1969). Д-р мастацтвазнаўства (1946). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства. З 1939 праф. Усесаюзнага дзярж. ін-та кінематаграфіі. У кіно пачынаў як мастак (1916). Рэжысёрскі дэбют — фільм «Праект інжынера Прайта» (1918). Стварыў тэорыю мантажу («эфект К.»). Фармальныя і жанравыя пошукі ў фільмах «Незвычайныя прыгоды містэра Веста ў краіне бальшавікоў» (1924), «Прамень смерці» (1925), «Гарызонт», «Вялікі суцяшальнік» (абодва 1933) і інш. Стужкам К. ўласцівы напружанасць сюжэтаў, востра акрэслены малюнак роляў, высокая выяўл. культура. Аўтар кніг «Мастацтва кіно» (1929), «Асновы кінарэжысуры» (1941) і інш.

Тв.:

Собр. соч.: В 3 т. Т. 1—2. М., 1987—88.

Літ.:

Громов Е.С. Л.В.Кулешов. М., 1984.

т. 9, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЫ́Я ПЛАНЕ́ТЫ,

астэроіды, невялікія нябесныя целы, якія рухаюцца вакол Сонца па эліптычных арбітах, размешчаных пераважна паміж арбітамі Марса і Юпітэра, т. зв. пояс астэроідаў. Агульная колькасць М.п., што назіраюцца ў сучасныя тэлескопы, каля 100 тыс. (занумараваны і ўключаны ў каталог каля 6 тыс.), буйнейшыя з іх: Цэрэра, Палада, Веста, Гігея.

У поясе М.п. адбываюцца сутыкненні астэроідаў, што прыводзіць да іх драблення. Колькасць М.п. значна павялічваецца ад буйных да дробных. Сумарная маса М.п. меней за 1/700 масы Зямлі, дыям. ад 1025 км (у Цэрэры) і меней. Арбіты ў сярэднім больш выцягнутыя і больш нахіленыя да экліптыкі, чым арбіты вял. планет. Вядома каля 300 М.п., якія перыядычна збліжаюцца з Зямлёй і ўяўляюць для яе патэнцыяльную небяспеку. Калі дробныя асколкі рухаюцца па арбітах, якія перасякаюць арбіту Зямлі, яны могуць выпадаць на Зямлю ў выглядзе метэарытаў. Няправільная абломкавая форма і плямістасць паверхні некат. М.п. выяўляюцца ў перыяд. зменах бляску; ваганні бляску паказваюць і на іх восевае вярчэнне. Па аналогіі з большасцю метэарытаў М.п. лічацца камяністымі целамі, шчыльн. 3000—3500 кг/м³. Раней М.п лічылі абломкамі планеты, якая быццам бы існавала паміж Марсам і Юпітэрам, аднак малая сумарная маса М.п. і адсутнасць прычын для распаду планеты прывялі да адмаўлення ад гэтай гіпотэзы. Відаць, М.п. ўтварыліся ў выніку паслядоўнага драблення пры сутыкненнях больш буйных першасных цел, якія ўзніклі ў працэсе эвалюцыі т. зв. пратапланетнага рэчыва адначасова з вял. планетамі. Вывучэнне руху М.п. праводзіцца для вырашэння шэрагу задач астраметрыі (вызначэнне астр. пастаянных, сістэм. памылак зорных каталогаў і інш.). Аналіз узбурэнняў у руху М.П. дае магчымасць вызначыць масу вял. планет.

Літ.:

Малые планеты. М., 1973;

Коротцев О.Н., Дахие М.Ю. Созвездие памяти: Космич. мемориал героев Великой Отеч. войны. СПб., 1995.

А.М.Коратцаў.

Арбіты некаторых малых планет (Адоніс, Апалон, Гермес, Ікар, Эрот).

т. 10, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)