ВЕРВ,

сельская абшчынная арг-цыя ў Стараж. Русі і паўд славян у сярэднія вякі. Тэрмін паходзіць ад вяроўкі, якою адмервалі ўчастак зямлі, што належаў членам верві. Упамінаецца ў зборы законаў «Руская праўда» і ў Поліцкім статуце (заканад. помнік Поліцы — гіст. вобласці на далмацінскім узбярэжжы ў Харватыі; дзейнічаў у пач. 15 — пач. 19 ст.). Гл. таксама Абшчына.

т. 4, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́РА,

вера, у Стараж. Русі грашовы штраф, што спаганяўся са злачынца на карысць князя за забойства ці цяжкае калецтва вольнага чалавека. Калі злачынцу нельга было знайсці, віру плаціла сельская абшчына (верв), на тэрыторыі якой знойдзена цела (дзікая віра). Спагнанне віры замяніла кроўную помсту. Паводле «Рускай праўды» памер віры 40 грыўняў. За забойства дружынніка ці слугі князя віру плацілі ўдвая большую (80 грыўняў). За цяжкае калецтва (адсячэнне рукі, нагі) ці за забойства нявернай жонкі спаганялася палова віры.

т. 4, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)