«ВЕРАСЫ́»,

вакальна-інструментальны ансамбль. Створаны ў 1974, да 1996 у складзе Бел. філармоніі. Маст. кіраўнік нар. артыст Беларусі В.Раінчык. У рэпертуары песенная лірыка, творы бел. (у т. л. У.​Будніка, Я.​Глебава, Л.​Захлеўнага, В.​Іванова, І.​Лучанка, Раінчыка, Ю.​Семянякі, Дз.​Смольскага, Э.​Ханка, І.​Цвятковай) і зарубежных кампазітараў. З пач. 1980-х г. шырока выкарыстоўвае камп’ютэры і сінтэзатары, выконвае пераважна электронную музыку. Лаўрэат V Усесаюзнага конкурсу артыстаў эстрады (1974). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1980.

Г.​М.​Загародні.

Вакальна-інструментальны ансамбль «Верасы».

т. 4, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ве́рас

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, мужчынскі род, 1 скланенне

адз. мн.
Н. ве́рас верасы́
Р. ве́расу верасо́ў
Д. ве́расу вераса́м
В. ве́рас верасы́
Т. ве́расам вераса́мі
М. ве́расе вераса́х

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

ве́рас, -у, мн. верасы́, -о́ў, м.

Нізкая вечназялёная кустовая расліна сямейства верасовых з дробным лісцем і лілова-ружовымі кветкамі.

|| прым. верасо́вы, -ая, -ае.

Сямейства верасовых (наз.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ве́рас, ‑у; мн. верасы, ‑оў; м.

Нізкая вечназялёная кустовая расліна сямейства верасовых з дробным лісцем і лілова-ружовымі кветкамі. Звініць наліўная пагода, Цвітуць верасы ў бары. Панчанка. У пяшчотным блакітным бляску дрымота дымілася лістота бяроз, паравалі ў расе пышныя грывы верасу. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасплята́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Сплесці ўсё, многае. У пояс верасы тут параелі, А сосны цесна паспляталі рукі. Свірка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

імша́рына, ‑ы, ж.

Тое, што і імшара. Над купчастай імшарынай пацешна ўзнімаецца бусел, паважна ляціць над полем. Лынькоў. Цвітуць верасы, на балотных імшарынах шчодра высыпалі журавіны. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

брусні́чнік, ‑у, м.

Зараснік дробнай кустовай расліны, на якой растуць брусніцы. Пад ялінамі быў сухі ўзгорак, на якім густа разрасліся верасы, папараці і бліскучы бруснічны. Лынькоў. Кропелькамі крыві стракацяць у бруснічніку кіслыя ягадкі. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

МАТЭ́ВУШАЎ (Васіль Іванавіч) (19.3.1915, в. Княжыцы Магілёўскага р-на — 6.3.1974),

бел. паэт. Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1937). Настаўнічаў, З 1948 працаваў у газ. «Магілёўская праўда», у 1971—74 сакратар Магілёўскага абл. аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Друкаваўся з 1930 (некат. вершы падпісваў псеўд. Васіль Нёман). Аўтар зб-каў вершаў «Магілёўскі шоўк» (1957), «Зорны шлях» (1959), «Сярэбраная кладка» (1965), «Начны дождж» (1969), «Верасы» (1972), кніг нарысаў. У вершах апяваў хараство роднага краю, прыгажосць душы чалавека.

Тв.:

Крынічны луг. Мн., 1976.

т. 10, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНАЕ АБ’ЯДА́ННЕ «БЕЛКАНЦЭ́РТ».

Створана ў 1992 у Мінску ў выніку рэарганізацыі канцэртна-гастрольнага аб’яднання «Мінскканцэрт» (да 1990 наз. Белдзяржэстрада) як Рэсп. дырэкцыя эстрадна-цыркавога мастацтва; з 1996 сучасная назва. Маст. кіраўнік В.Вуячыч. У складзе «Белканцэрта» (1997): творчыя аб’яднанні фестываляў і конкурсаў, «Студыя «Сябры», «Верасы»; маладзёжны т-р эстрады, цыркавыя калектывы «Беларусь», «Мінчане», «Паяцы», вак.-інстр. група пад кіраўніцтвам У.​Ухцінскага, вак.-інстр. ансамбль «Карусель», вак. ансамбль «Славяне»; эстрадна-харэаграфічны ансамбль «Чараўніцы», харэаграфічныя групы «Сэнс», «Фіеста», танц. ансамбль «Архідэя», цыганскі фалькл. ансамбль «Гіля-Рамэн»; лялечны т-р «Лялькі і акцёры», дзіцячы вак. ансамбль «Званочкі», вял. трупа салістаў-вакалістаў.

А.​А.​Літвіновіч.

т. 6, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАКА́ЛЬНА-ІНСТРУМЕНТА́ЛЬНЫ АНСА́МБЛЬ,

эстрадны калектыў, у якім кожны музыкант звычайна выконвае некалькі функцый без падзелу на салістаў-вакалістаў і акампаніятараў-інструменталістаў. Узніклі ў сярэдзіне 1960-х г. на аснове спалучэння стылістыкі ранняй рок-музыкі з жанрам эстраднай песні. Сярод тэмбравых асаблівасцей ансамбляў шырокае выкарыстанне электраінструментаў (пераважна гітары і клавішных) і электронных гукавых эфектаў, сярод стылістычных — спалучэнне элементаў фальклору, джаза, аўтарскай песні, танц. музыкі, шматлікіх эстрадных плыняў. У рэпертуары найчасцей апрацоўкі нар. песень і эстрадныя песні, а таксама песенныя сюіты, мюзіклы, разгорнутыя інстр. кампазіцыі. Вял. ўплыў на станаўленне такіх ансамбляў зрабіла творчасць бел. ансамбля «Песняры». Сярод інш. бел. ансамбляў: «Верасы», «Сябры», рок-групы «Бонда», «Мроя», «Уліс», «Крама», «Новае неба», «Палац».

Н.​Я.​Бунцэвіч.

т. 3, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)