ВЕ́ЛЕС ДЭ ГЕВА́РА (Vélez de Guevara) Луіс

(ліп. 1579, г. Эсіха, Іспанія — 10.11.1644),

іспанскі пісьменнік. У драматургіі паслядоўнік Л.Ф. дэ Вэгі Карпіо. Аўтар каля 400 п’ес (дайшлі 80), у т. л. «Служэнне каралю даражэй вузаў крыві», «Уладарыць пасля смерці», паводле паэмы Л.Камоэнса «Лузіяда»; «Сялянка з Веры»; «Тамерлан» і інш., аўтар інтэрмедый. У яго драматургіі побач з рэнесансавымі тэндэнцыямі крышталізуюцца рысы барока, якія дамінуюць у шахрайскім (пікарэскным) рамане «Кульгавы д’ябал» (1641; арыг. перапрацоўка А.Р.Лесажа, 1707). У ім Велес дэ Гевара стварыў фантасмагарычную і адначасова рэалістычную, часам натуралістычную, поўную з’едлівай іроніі карціну сац. жыцця Іспаніі, маральнага падзення чалавека.

Тв.:

Рус. пер. — Хромой бес // Плутовской роман. М., 1989.

Літ.:

Пинский Л. Испанский «Хромой Бес» // Пинский Л. Магистральный сюжет. М., 1989;

Плавскин З.И. Плутовской роман // Плавскин З.И. Испанская литература XVII — середины XIX в. М., 1978;

Синило Г.В. Плутовской роман (Кеведо, Гевара) // Разумовская М.В., Синило Г.В., Солодовников С.В. Литература XVII—XVIII вв. Мн., 1989.

Г.В.Сініла.

т. 4, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Во́лат ’гігант, асілак’ (БРС, Касп., Гарэц., КТС). Рус. волот, дыял. велет ’тс’, укр. ве́лет, велетень ’тс’, ст.-рус. волотъ, ц.-слав. влатъ ’гігант’, зах.-слав. Veletabi ’племя вільцы ў Макленбургу’ (= *veletove). Было некалькі спроб высветліць этымалогію гэтага слова, але галоўная цяжкасць — хістанне o/e — застаецца нявырашанай. Брукнер (AfslPh, 42, 138) велет звязвае са ст.-слав. велии ’вялікі’, а варыянт волот лічыць больш позняй аналагічнай формай. Сабалеўскі (РФВ, 64, 117) спрабаваў тлумачыць хістанне галосных як розныя асіміляцыі, але гэтага недастаткова. Міклашыч (394) супастаўляе з с.-лац. Veletabi, назвай заходнеславянскага племені. Дапускаецца роднасць з лац. valeo ’я ў сілах, здаровы’, тахар. A wäl‑ ’панаваць’, тахар. B walo, wlo ’пан, гасудар’ (Бенвеніст, Festschr. Н. Hirt, 2, 234). Версія Шахматава (AfslPh, 33, 87 і наст.), паводле якой слова запазычана з кельц. (параўн. ірл. flaith ’валадар’), памылковая па фанетычных прычынах (Фасмер, 1, 344). Аб сувязі тэрмінаў волот, велет з волос, велес гл. Іванаў, Тапароў, Иссл., 62 і наст.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)