Ве́йна

назоўнік, уласны, неадушаўлёны, неасабовы, ніякі род, 1 скланенне

адз.
Н. Ве́йна
Р. Ве́йна
Д. Ве́йну
В. Ве́йна
Т. Ве́йнам
М. Ве́йне

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

ВЕ́ЙНА,

вёска ў Беларусі, у Магілёўскім р-не. Цэнтр сельсавета і аграгандлёвай фірмы «Вейна». За 10 км на ПдУ ад г. Магілёў, 13 км ад чыг. ст. Магілёў-1. 1544 ж., 555 двароў (1996). Фабрыка па вытв-сці напітку пепсі-кола «Вейнаўская крыніца». Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Вейнаўская Пакроўская царква.

т. 4, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«Вейна» (саўгас, Магілёўскі р-н) 11/165

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Вейна (воз., Круглянскі р-н) 4/439

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Вейна (в., Салігорскі р-н) 1/216; 11/41

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Вейна (в., Магілёўскі р-н) 3/7; 6/513 (к.)

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ЙНАЎСКАЯ ПАКРО́ЎСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік архітэктуры позняга класіцызму. Пабудавана ў 1-й пал. 19 ст. ў в. Вейна (Магілёўскі р-н). Цэнтрычны, у плане блізкі да квадрата будынак са скругленымі вугламі. У сілуэце дамінуе цыліндрычны барабан са сферычным купалам. Вуглавыя часткі гал. фасада завершаны круглымі вежамі з купальнымі пакрыццямі. Бакавыя ўваходы вылучаны рызалітамі, завершанымі трохвугольнымі франтонамі. У інтэр’еры фрэскавая размалёўка ў стылі класіцызму, выявы 4 евангелістаў і 4 шматфігурныя кампазіцыі на біблейскія сюжэты. Размаляваны таксама скляпенні і сцены апсіды.

Вейнаўская Пакроўская царква.

т. 4, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕ́НЬ ВЕЛІКАРО́ГІ, гіганцкі алень,

ірландскі алень (Megaloceros giganteus),

вымерлая млекакормячая жывёла сям. аленевых атр. парнакапытных. Вядомы з сярэдняга і верхняга плейстацэну і ранняга галацэну Еўразіі і Паўн. Афрыкі. Асабліва многа шкілетаў знойдзена ў тарфяніках Ірландыі, на стаянках чалавека каменнага веку ў сярэдніх і паўд. шыротах, у т. л. ў Крыме і на Паўн. Каўказе, цэлыя шкілеты — на тэр. Разанскай і Екацярынбургскай абласцей Расіі. На Беларусі рэшткі аленя велікарогага выяўлены каля Смаргоні і в. Вейна (Магілёўскі р-н).

Буйная жывёла з вялізнымі (больш за 4 м у размаху) лапатападобнымі рагамі з некалькімі адросткамі. Вонкава нагадваў лань. Жыў на вільготных лугах па берагах рэк і балотаў, пазбягаў лясоў, у ледавіковыя эпохі адступаў на Пд.

Алень велікарогі. Шкілет. Рэканструкцыя.

т. 1, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ РАЁН.

У цэнтр. ч. Магілёўскай вобл. Утвораны 17.7.1924, скасаваны 16.9.1959, адноўлены 30.7.1966. Пл. 1,9 тыс. км² Нас. 49,5 тыс. чал. (1998, без г. Магілёў). Сярэдняя шчыльн. 26 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Магілёў. Уключае 296 сельскіх нас. пунктаў, 16 сельсаветаў: Брылёўскі, Вяйнянскі, Вендаражскі, Дашкаўскі, Заводскаслабодскі, Кадзінскі, Княжыцкі, Мастоцкі, Махаўскі, Нядашаўскі, Палыкавіцкі, Пашкаўскі, Семукацкі, Сідаравіцкі, Сухарэўскі, Цішоўскі. Раён пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС: 11 сельскіх нас. пунктаў у зоне забруджання радыёнуклідамі ад 5 да 15 Кю/км².

Большая ч. тэр. раёна размешчана ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны, паўн. і паўн.-ўсх. ч. — у межах Аршанска-Магілёўскай раўніны. Паверхня раўнінная, 80% тэрыторыі на выш. 170—190 м, найвыш. пункт 200 м (за 2 км на Пн ад Магілёва). Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіровы матэрыял, пяскі, гліны, суглінкі, мінер. фарба, мінер. воды. Сярэдняя т-ра студз. -7,5 °C, ліп. 18,2 °C. Ападкаў 644 мм за год. Вегетац. перыяд 187 сут. З Пн на Пд працякае р. Дняпро з прытокамі Вільчанка, Паўна з Лазнёўкай, Дубравенка, Лахва з Лахвіцай і Жыварззкай. На зах. ускраіне цячэ р. Друць з прытокамі Арлянка і Грэза (вытокі), на Ур. Раста з прытокам Рудзея. Вадасховішчы Рудзея і Зарэсце. Пераважаюць глебы с.-г. угоддзяў дзярнова-падзолістыя (59,6%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (26,1%). Пад лесам 24% тэр. раёна, з іх 20,6% штучныя, пераважна хваёвыя насаджэнні. Найб. лясістасць на Пд. Лясы хваёвыя, яловыя, бярозавыя, асінавыя, дубовыя, альховыя і інш. Балоты займаюць 11.3 тыс. га; найб. Буйніцкае і Вял. Укрупскае. Заказнікі мясц. значэння гідралагічныя: Варацей, Гарадзенка, Загрэбля-Прысленка, Карніца, Пагост, Праворышча, Прусіна, Прыбрэжжа, Раманькі. Помнікі прыроды рэсп. значэння: крыніца ў в. Палыкавічы, участак лесу з каштоўнымі дрэвавымі пародамі ў Вільчыцкім лясніцтве; мясц. значэння: дубы ў Магілёве, парк у в. Дашкаўка.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 119 тыс. га, з іх асушаных 16,8 тыс. га. На 1.1.1999 у раёне 15 калгасаў, 7 саўгасаў, 51 фермерская гаспадарка, 3 аграфірмы, эксперым. база, саўгас-камбінат «Усход», 3 птушкафабрыкі, зверагаспадарка, дзяржплемпрадпрыемства. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, птушкагадоўлі, вырошчванні збожжа, агародніцтве, садаводстве, бульбаводстве, ільнаводстве. Прадпрыемствы металаапр., харч., дрэваапр. і буд. матэрыялаў прам-сці. Магілёў — вузел чыгунак на Асіповічы, Оршу, Крычаў, Жлобін, аўтадарог — на Бабруйск, Мінск, Оршу, Чэрыкаў, Гомель. Суднаходства па Дняпры. У раёне 23 сярэднія, 5 базавых, 8 пач., 11 муз. (11 філіялаў), спарт. школ, вышэйшае прафес. агратэхн. вучылішча ў в. Буйнічы, 32 дашкольныя ўстановы, 37 дамоў культуры і клубаў, 36 б-к, 7 бальніц, паліклініка, 2 амбулаторыі, 41 фельч.-ак. пункт. Помнікі архітэктуры: царква Пакроваў Багародзіцы (2 пал. 19 ст.) у в. Вейна, Успенская царква (1903) у в. Галяні 1-я, сядзібны дом (пач. 20 ст.) у в. Дашкоўка, касцёл дамініканцаў (1681) у в. Княжыцы, мемар. капліца (1912) і помнік (1962) на месцы бітвы ў Айч. вайну 1812 каля в. Салтанаўка, капліца (19 ст.) у в. Стайкі, Успенская царква (пач. 20 ст.) у в. Сухары. Помнік гісторыі Буйніцкае поле каля в. Буйнічы. Музей баявой і працоўнай славы ў в. Палыкавічы. Выдаецца газ. «Прыдняпроўская ніва».

Г.​С.​Смалякоў.

т. 9, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)