ВАЎКАЛА́ТА,

вёска ў Докшыцкім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 22 км на З ад г. Докшыцы, 219 км ад Віцебска, 19 км ад чыг. ст. Параф’янава. 404 ж., 160 двароў (1995).

Упершыню ўпамінаецца ў 1524 як частка маёмасці Альжбеты Багданаўны, удавы М.​Радзівіла. Належала кн. Слуцкім, Долмат-Ісайкоўскім, К.​Зяньковічу, Бжастоўскім, Аскеркам, Шышкам. У 17 ст. мястэчка ў Ашмянскім пав. Пасля далучэння ў 1793 да Рас. імперыі ў Докшыцкім, з 1802 у Вілейскім пав. З 1861 цэнтр воласці. У 1886 — 246 ж. У 1921—39 у Польшчы. З 1939 у БССР. З 1940 цэнтр сельсавета ў Дунілавіцкім, з 1960 — у Глыбоцкім, з 1962 — у Пастаўскім, з 1956 — у Докшыцкім р-нах. У 1970 — 374 жыхары.

Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — касцёл Іаана Хрысціцеля (канец 19 ст.).

т. 4, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАСКО́ (Эміль Вікенцьевіч) (н. 18.7.1944, в. Ваўкалата Докшыцкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1984, клас Я.Глебава). Працуе ў розных муз. жанрах. Яго стыль вызначаецца эмац. напоўненасцю, дэмакратычнасцю, дасканаласцю формаўтварэння, блізкасцю да нар. вытокаў. Сярод твораў: араторыя «Зорка паэта» на словы М.​Багдановіча (1991), кантата «Надзя-Надзейка» на словы П.​Броўкі (1984), «Урачысты кант з нагоды 500-годдзя Ф.​Скарыны» для мяшанага хору і сімф. аркестра (1989), хар. канцэрт «Чатыры санеты пра каханне» (1988), вак.-сімф. паэмы «Вечны агонь» (1985); «Асветнікі» на словы Н.​Загорскай і кананічны тэкст (2000); сімфонія № 1 (1984), канцэрт для баяна і нар. аркестра (1988), «Сімфанічныя танцы» (1987);. камерна-інстр., у т. л. «Полацкая сюіта» для баяна, «Рамантычная паэма» для фп., саната для віяланчэлі і фп.; вак. цыклы на вершы А.​Міцкевіча, Р.​Барадуліна, У.​Някляева, А.​Куляшова, рамансы, хары, апрацоўкі бел. нар. песень і інш.

Э.​А.​Алейнікава.

т. 11, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)