ВАСІЛЕ́ЎСКІ Аляксандр Барысавіч

(н. 24.2.1934, в. Задвор’е Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне педагогікі. Канд. пед. н. (1968), праф. (1991). Скончыў БДУ (1956). З 1965 у Бел. пед. ун-це. Навук. працы па методыцы пошуку рашэння матэм. задач. Распрацаваў метадычную сістэму развіццёвага навучання матэматыцы ў сярэдняй школе.

Тв.:Метод параллельных проекций. Мн., 1985; Упражнения по алгебре и началам анализа. Мн., 1991.

т. 4, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІЛЕ́ЎСКІ Ягор Васілевіч

(1.1.1922, в. Гарбачова Віцебскага р-на — 1.5.1991),

Герой Сав. Саюза (1946). Скончыў Віцебскі аэраклуб (1939), Адэскую ваен. авіяшколу (1940), Ваенна-паветр. акадэмію (1955). У Чырв. Арміі з 1939. У Айч. вайну з мая 1943 на Сцяпным, Варонежскім, 2-м Укр. франтах, камандзір эскадрыллі знішчальнага авіяпалка. Зрабіў 296 баявых вылетаў, правёў 64 паветр. баі, збіў асабіста 21 варожы самалёт і 2 у групе. Да 1958 у Сав. Арміі.

т. 4, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІЛЕ́ЎСКІ Мікалай Сямёнавіч

(10.12.1928, в. Макраны Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 14.12.1989),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1986), праф. (1989). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1954). З 1961 у Дзярж. б-цы БССР, з 1968 у Мінскім пед. ін-це замежных моў, з 1978 у Мінскім пед. ін-це. Даследаваў праблемы сучаснай бел. літ. мовы. Аўтар прац «Прадуктыўныя тыпы дзеясловаў у сучаснай беларускай мове» (1970) і «Дзеяслоўнае словаўтварэнне: Адыменныя суфіксальныя лексемы» (1985).

т. 4, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІЛЕ́ЎСКІ Іосіф Іосіфавіч

(8.12.1911, г. Данецк — 20.4.1994),

рускі паэт. Скончыў тэатр.-драм. курсы ў Мінску (1932). Працаваў акцёрам БДТ-2 (Віцебск), у тэатрах Расіі. З 1967 жыў у Мінску. Друкаваўся з 1931. Аўтар пейзажнай і любоўнай лірыкі. Пераклаў на рус. мову зб. паэзіі М.Хведаровіча «Кляновы сок» (1972), казку А.Якімовіча «Каваль-Вярнідуб» (1974). Выдаў зб. выбраных перакладаў з бел. паэзіі «Адвечнай песні галасы» (1980).

Тв.:

В добрый час. Смоленск, 1954;

Лирика. Смоленск, 1961;

Свершение. М., 1966;

Мой спутник солнце. Мн., 1971;

Река времени. Мн., 1989.

т. 4, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІЛЕ́ЎСКІ Юрый Аляксандравіч

(н. 15.10.1946, г. Гомель),

бел. дырыжор. Засл. арт. Беларусі (1990). Скончыў Бел. кансерваторыю па класах духавых інструментаў і дырыжыравання (1969). З 1969 артыст аркестра штаба БВА, з 1970 педагог муз. вучылішча, з 1972 гал. дырыжор цырка ў Гомелі. З 1996 гал. дырыжор канцэртнага аркестра Гомельскай абл. філармоніі. Вял. ўвагу аддае інтэрпрэтацыі твораў бел. (Я.Глебаў, І.Лучанок, Дз.Смольскі і інш.) і замежных кампазітараў. Аўтар музыкі да спектакляў гомельскіх абл. драм. т-ра («Трамвай «Жаданне» Т.Уільямса) і т-ра лялек («Дзед і Жораў» В.Вольскага).

т. 4, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІЛЕ́ЎСКІ (Wasilewski) Леан

(24.8.1870, С.-Пецярбург — 10.12.1936),

польскі публіцыст, гісторык, дыпламат. З 1896 дзеяч Польск. сацыяліст. партыі. Пасля яе расколу ў 1906 кіраўнік рэв. фракцыі. Рэдактар парт. выданняў «Przedświt» («Зара»), «Robotnica» («Работніца»). Друкаваўся пад псеўд. Л.Плахоцкі. У 1918—19 міністр замежных спраў Польшчы. З 1924 узначальваў Ін-т вывучэння навейшай гісторыі Польшчы, з 1929 рэдактар час. «Niepodległość» («Незалежнасць»). З 1931 старшыня Ін-та вывучэння нац.-вызв. спраў. У працах «Літва і яе народы» (1907), «Літва і Беларусь» (1912) і інш. даследаваў развіццё культуры і асветы, гісторыю бел. і літ. нац.-вызв. руху ў 19 — пач. 20 ст.

т. 4, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІЛЕ́ЎСКІ Пятро

(Пётр Савельевіч; н. 15.5.1922, в. Сямёнаўка Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. пісьменнік, кінарэжысёр. Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі (1953). У 1953—88 на кінастудыі «Беларусьфільм». Друкуецца з 1942. Піша на рус. і бел. мовах. Аўтар аповесцей «Новы дзень» (1956), «Першапутак» (1959), «Вечныя маладажоны» (1987), п’ес «Год дзевяцьсот семнаццаты» (паст. 1957), «Чалавек вярнуўся» (паст. 1959), «Любоў, Надзея, Вера...» (паст. 1960) і інш., п’есы для тэлебачання «Руслан плюс Людміла» (1984). Пісьменніка цікавяць пераважна маральна-этычныя праблемы. Рэжысёр фільмаў «Палеская легенда» (1957, з М.Фігуроўскім), «Рагаты бастыён» (1965) і інш.

Тв.:

Твой заўтрашні дзень: П’есы. Мн., 1968;

Красота человеческая: Повесть и рассказы. Мн., 1980;

Образ жизни: Пьесы. Мн., 1984.

І.У.Саламевіч.

т. 4, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІЛЕ́ЎСКІ Аляксандр Міхайлавіч

(30.9.1895, с. Новапакроўскае Іванаўскай вобл., Украіна — 5.12.1977),

савецкі дзяржаўны і ваенны дзеяч. Маршал Сав. Саюза (1943). Двойчы Герой Сав. Саюза (1944, 1945). Скончыў Ваен. акадэмію Генштаба (1937). У арміі з 1919. Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў. У Вял. Айч. вайну нам. нач. з чэрв. 1942 нач. Генштаба і нам. наркома абароны СССР. У 1942—44 каардынаваў дзеянні шэрагу франтоў, у т. л. 3-га Бел., 1-га Прыбалт. ў час Беларускай аперацыі 1944. З лют. 1945 у Стаўцы Вярх. галоўнакамандуючага, каманд. 3-м Бел. фронтам, галоўнакаманд. сав. войскамі на Д. Усходзе пры разгроме яп. Квантунскай арміі. З 1946 нач. Генштаба. З 1949 міністр Узбр. Сіл СССР, у 1953—57 1-ы нам., нам. міністра абароны СССР.

Тв.:

Дело всей жизни. 5 изд. М., 1984.

т. 4, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІЛЕ́ЎСКІ Мікалай Пятровіч

(1904, С.-Пецярбург — 1937),

бел. графік і жывапісец. Пасля 1-й сусв. вайны жыў на радзіме бацькоў у в. Сіняўская Слабада (Карэліцкі р-н Гродзенскай вобл.). Скончыў Віленскую бел. гімназію, займаўся ў маст. студыі пры гімназіі ў Я.Драздовіча. У 1926—28 супрацоўнічаў

у час. «Маланка». У сатыр. малюнках, карыкатурах выкрываў праявы сац. і нац. ўціску, палітыку санацыйнага рэжыму ў Зах. Беларусі. Як кніжны графік аформіў «Беларускі каляндар на 1929», кн. С.Паўловіча «Пішы самадзейна» (1929), «Першыя зярняткі» (1936), «Засеўкі» (1937), час. для дзяцей «Заранка», раманс К.Галкоўскага «Лугам, лугам зеляненькім». Творчасць Васілеўскага адметная ўвагай да нац. традыцый, імкненнем перадаць мовай мастацтва ідэі нац.-вызв. руху. У пейзажных творах адлюстроўваў асаблівасці краявідаў і нар. архітэктуры Навагрудчыны. З 1930 жыў у БССР, працаваў мастаком-карыкатурыстам у газ. «Звязда», «Советстая Белоруссия» і інш.

А.С.Ліс.

т. 4, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІЛЕ́ЎСКІ Даніла Мінавіч

(17.12.1889, в. Новае Сяло Шумілінскага р-на Віцебскай вобл. — 8.12.1963),

бел. краязнавец, гісторык, літ.-знавец. Скончыў Полацкую настаўніцкую семінарыю і Віцебскі настаўніцкі ін-т. Настаўнічаў. З 1910 збіраў фальклор на Полаччыне. З 1919 інструктар школ на Віцебшчыне, пасля інспектар аддз. нар. асветы ў Оршы. У 1923 арганізаваў Віцебскае губ. бюро краязнаўства, з 1924 нам. старшыні Аршанскага акр. т-ва краязнаўства. У 1930—36 выкладчык і дэкан геагр. ф-та Магілёўскага пед. ін-та. 9.12.1936 рэпрэсіраваны, высланы ў Котлас. Працаваў буравіком у Варкуце, з 1945 тэхнік-геолаг Варкуцінскага геолагаразведачнага ўпраўлення. Рэабілітаваны ў 1956. Апошнія гады жыў у Феадосіі. З 1914 друкаваўся ў газ. «Наша ніва» (псеўд. Шчыры, Вітэнь Д.). Даследаваў гісторыю рэв. руху, бел. л-ры 19 ст., бел. кнігадрукавання, развіцця мясц. прэсы, краязнаўчыя, гіст., этнагр. і сац.-эканам. праблемы.

Тв.:

Школа і настаўніцтва на Віцебшчыне // Асвета. 1924. № 3;

Паэт Ян Баршчэўскі аб Беларусі: (З уласных лістоў яго да пані Карсак) // Аршанскі маладняк. 1925. № 2;

Новыя матэрыялы творчасці Яна Баршчэўскага // Полымя. 1925. № 5;

Беларускі нацыянальна-рэвалюцыйны рух на Віцебшчыне ў XIX сталецці // Тамсама;

Крыніцы мінулага Беларусі // Наш край. 1926. № 1;

Сталецце краязнаўчай працы на Беларусі // Тамсама. № 2—3;

Помнікі старасветчыны на Аршаншчыне // Тамсама. 1927. № 2;

З гісторыі аршанскага друку // Тамсама. № 6—9;

Беларускае Вольна-Эканамічнае таварыства // Тамсама. № 12;

Пад аховай роднай песні: (З перапіскі Яна Баршчэўскага) // Маладняк. 1928. № 1;

Сялянства Віцебскай і Магілёўскай губерань у паўстанні 1863 году // Полымя. 1928. № 6;

Арцём Ігнатавіч Вярыга і яго літаратурна-грамадская чыннасць // Тамсама. 1929. № 6;

Паэма «Тарас на Парнасе» ў краязнаўчым асвятленні // Наш край. 1929. № 5.

Літ.:

Кісялёў Г.В. Пошукі імя. Мн., 1978. С. 61—64;

Васілеўская А. Памяць // Полымя. 1990. № 7.

І.У.Саламевіч.

т. 4, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)