Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРО́НІЧЫ, Варонеч,
возера ў Беларусі, у Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Ушача (працякае праз возера), за 16 км на ПдЗ ад г. Полацк. Пл. 1,18 км², даўж. 4,9 км, найб.шыр. 550 м, найб.глыб. 5,9 м, даўж. берагавой лініі 13,1 км. Пл. вадазбору 793 км².
Схілы катлавіны выш. 2—8 м (зах. і паўд.-зах. 10—18 м), на У і З разараныя. Берагі нізкія, тарфяністыя, на У месцамі высокія, зліваюцца са схіламі, на Пн сплавінныя (шыр. сплавіны 5—15 м). 2 астравы ў паўн. і цэнтр. частках. Больш за 60% пл. возера зарастае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ПЕЛЬСКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1793—1923. Цэнтр — г.Лепель. У 1793—96 уваходзіў у Полацкую, у 1802—1923 — Віцебскую губ. Утвораны на частцы тэр. Полацкага ваяв.ВКЛ, далучанай да Рас. імперыі ў выніку 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793). У 1796 далучаны да Полацкага пав., у 1802 адноўлены. Уключаў больш за 330 маёнткаў, 14 мястэчак (Арэхаўна, Бабынічы, Бачэйкава, Бешанковічы, Варонеч, Ветрына, Заскаркі, Камень, Кублічы, Пышна, Селішча, Ула, Ушачы, Чашнікі). Пасля адмены прыгоннага права (1861) падзелены на 28 валасцей. Дзейнічалі 42 правасл. царквы, 11 касцёлаў (з іх да 1867 засталося 7). Пл. павета каля 3,5 тыс.км², насельніцтва 104 431 чал. (1880), у т. л. 82 963 праваслаўныя, 13 138 католікаў, 7490 іудзеяў, 812 старавераў, 24 пратэстанты, 4 мусульманіны. Да 7.11.1917 у павет уваходзілі 27 валасцей: Арэхаўская, Бабыніцкая, Бачэйкаўская, Бельская, Бешанковіцкая, Варонецкая, Воранская, Ветрынская, Гарадчэвіцкая, Гутаўская, Забалоцкая, Каменская, Копцевіцкая, Кубліцкая, Марцінаўская, Нацкая, Несінская, Пышнянская, Смалянецкая, Станіслаўская, Стрыжаўская, Ульская, Усайская, Ушацкая, Франопальская, Цяпінская, Чарсцвяцкая. У 1923 Л.п. перайменаваны ў Бачэйкаўскі павет.