ВАРДА́Р (Vardar),

рака ў Македоніі і Грэцыі. Даўж. 388 км, пл. бас. 25,4 тыс. км². Пачынаецца і цячэ пераважна ў гарах Македоніі, нізоўі — на Саланікскай нізіне, упадае ў заліў Тэрмаікос Эгейскага м. Паводкі ў асенне-зімовы перыяд і вясною. Сярэдні расход вады 151 м³/с. Суднаходная. Выкарыстоўваецца пераважна на арашэнне. На Вардары — г. Скоп’е (Македонія).

т. 4, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ва́рдар м. (рака)Vrdar [v-] m -s

Беларуска-нямецкі слоўнік (М. Кур'янка, 2010, актуальны правапіс) 

МАКЕДО́НІЯ,

гістарычная вобласць на Балканскім п-ве ў бас. р. Вардар і суседніх землях на 3, Пн, У. Заселена чалавекам з часоў неаліту. Першае гістарычна вядомае насельніцтва — ілірыйцы і фракійцы. З 5 ст. да н.э. на Пд М. існавала дзяржава Македонія Старажытная. З 148 да н.э. рым. правінцыя, латынізавана. З 395 н.э. ў складзе Усх.-Рым. імперыі (Візантыі). У 6—7 ст. заселена слав. плямёнамі, роднаснымі плямёнамі, што засялілі Балгарыю. У 2-й чвэрці 9 ст. б.ч. М. ў складзе Першага Балг. царства. У 9—10 ст. тут пашыралася хрысціянства. У 970-я г. М. — цэнтр Зах.-Балг. царства. З 1018 зноў у Візантыі, з 1230 у Другім Балг. царстве, з сярэдзіны 14 ст. ў складзе Сербіі. З 1371 (канчаткова з 1392) да 1912—13 пад уладай Асманскай імперыі, тут сяліліся албанцы, туркі, грэкі і інш. Тур. панаванне выклікала нац.-вызв. паўстанні, у т.л. ў 1875 і Іліндзенскае паўстанне 1903. У выніку Балканскіх войнаў 1912—13 падзелена паміж Сербіяй (Вардарская М., цяпер дзяржава Македонія), Грэцыяй (Эгейская М., цяпер прав. М.) і Балгарыяй (Пірынскі край).

І.Я.Афнагель.

т. 9, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКЕДО́НІЯ (Македониjа),

Рэспубліка Македонія (Република Македониjа), дзяржава ва ўнутр. ч. Балканскага п-ва. Мяжуе на Пн з Югаславіяй (часткова з б. аўт. краем Косава), на У з Балгарыяй, на Пд з Грэцыяй, на 3 з Албаніяй. Пл. 25,3 тыс. км². Нас. 2009 тыс. чал. (1998). Дзярж. мова — македонская. Сталіца — г. Скоп’е. Падзяляецца на 34 абшчыны. Нац. свята — Дзень Рэспублікі (2 жн.).

Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1991. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Сходу, выканаўчая — ураду на чале з прэм’ер-міністрам. Дзярж. герб не зацверджаны.

Прырода. Большую ч. тэр. займаюць сярэдневышынныя горы (выш. да 2764 м, хр. Карабі на мяжы з Албаніяй). Горы падзелены тэктанічнымі паніжэннямі, занятымі азёрамі або далінамі рэк. Частыя землетрасенні (у 1963 дзесяцібальным землетрасеннем разбураны г. Скоп’е). Карысныя выкапні: храміты, свінцова-цынкавыя, марганцавыя, вальфрамавыя, нікелевыя, жал. руды, азбест, буры вугаль і інш. Клімат пераходны ад умеранага да міжземнаморскага. У далінах і катлавінах лета гарачае і сухое, зіма параўнальна цёплая і дажджлівая, сярэднямесячныя т-ры ў студз. 4 °C, у ліп. — 22—25 °C. Ападкаў за год 900 мм на 3, 400 мм на У. У гарах халадней, зімой выпадае снег, ападкаў больш. Гал. рака Вардар. У катлавінах значныя азёры — Ахрыдскае (на мяжы з Албаніяй), Прэспа (на мяжы з Албаніяй і Грэцыяй), Дайранскае (на мяжы з Грэцыяй). Даліны і катлавіны асвоены, на схілах да выш. 2000 м — мяшаны лес і хмызнякі, вышэй — горныя лугі. Пад лесам і хмызнякамі 39% тэрыторыі. З жывёл захаваліся ў гарах буры мядзведзь, рысь, дзік, воўк, алень, лань, сарны, дзікія козы і інш. Нац. паркі: раён г. Охрыд (уключаны ЮНЕСКА ў спіс Сусветнай спадчыны), Маўрава, Галічыца, Пелістар.

Насельніцтва. 65% складаюць македонцы, нар. паўд.-слав. моўнай групы. Жывуць таксама албанцы (21%; найб. на ПнЗ), туркі (3%), цыганы, сербы і інш. Сярод вернікаў праваслаўных 67%, мусульман 30%. Сярэднегадавы прырост 0,68% (1997). Сярэдняя шчыльн. 79 чал. на 1 км². Найб. шчыльна (да 200 чал. на 1 км²) заселены даліны і катлавіны. У гарадах жыве 54% насельніцтва. Найб. горад Скоп’е — 541,3 тыс. ж. (1994). Каля 50 тыс. ж. у гарадах Куманава, Цітаў-Велес, Бігала, Охрыд. Каля 40% працоўных занята ў прам-сці, каля 35% — у сельскай гаспадарцы.

Гісторыя. У антычнасці паўд. частка сучаснай М. ўваходзіла ў склад Македоніі Старажытнай, у 5 — пач. 20 ст. ўсе тэр. (Вардарская М.) у складзе гіст. вобласці Македонія. Пасля 2-й Балк. вайны (гл. Балканскія войны 1912—13), якая завяршылася Бухарэсцкім мірным дагаворам 1913, гіст. вобласць М., што раней была пад уладай Турцыі, падзелена паміж Сербіяй (большая ч. — Вардарская М.), Грэцыяй (Эгейская М.) і Балгарыяй (Пірынскі край). У 1918 Вардарская М. ў складзе Сербіі ўвайшла ў Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 Югаславія). У 2-ю сусв. вайну з часоў Балканскай кампаніі 1941 большай ч. Вардарскай М. валодала Балгарыя, зах. частку акупіравалі італьян. войскі. На акупіраваных землях М. разгортваўся партыз. рух. Пасля вызвалення з 1945 Вардарская М. — адна з 6 рэспублік у складзе Федэратыўнай Нар. Рэспублікі Югаславіі (з 1963 Сацыяліст. Федэратыўная Рэспубліка Югаславія). У час грамадз. вайны ў Грэцыі 1946—49, у якой удзельнічалі і грэч. македонцы, камуніст. партыя Грэцыі намагалася далучыць да Югаславіі Эгейскую М.; частка македонцаў эмігрыравала ў Югаславію і СССР (каля 20 тыс. чал., пасяліліся пераважна ў г. Ташкент). У выніку распаду югасл. федэрацыі М. стала самаст. дзяржавай. У вер. 1991 на рэсп. рэферэндуме большасць выказалася за суверэнітэт і дзярж. самастойнасць М., 17.11.1991 прынята яе канстытуцыя. З 1992 незалежнасць М. прызналі Рас. Федэрацыя, Турцыя, Балгарыя, Славенія, Харватыя, Філіпіны, Літва і інш. Незалежную М. не прызнае Грэцыя (у яе складзе ёсць вобласць М. з цэнтрам у г. Салонікі), кіраўніцтва якой патрабуе перайменаваць М. ў Рэспубліку Скоп’е. М. — чл. ААН (з 1993), Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (з 1995). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў студз. 1993.

У М. дзейнічаюць Унутр. макед. рэв. арг-цыяДэмакр. партыя за макед. нац адзінства, Дэмакр. альтэрнатыва, Партыя дэмакр. працвітання, Дэмакр. партыя албанцаў, С.-д. саюз М., Ліберальна-дэмакр. партыя, Сацыяліст. партыя, Саюз цыганоў М., прафс. аб’яднанне — Асацыяцыя прафсаюзаў М.

Гаспадарка. М. — аграрна-індустр. краіна. Штогадовы даход на 1 чал. складае 1060 дол. ЗША (1998). У канцы 1990-х г. на эканоміку адмоўна ўплываюць: аслабленне эканам. сувязей з б. рэспублікамі Югаславіі, паліт. спрэчкі з Грэцыяй, ваен. дзеянні ў суседніх раёнах і вял. прыток бежанцаў з Косава. Гал. галіны прам-сці: маш.-буд., лёгкая (пераважна тэкстыльная), харчасмакавая (асабліва тытунёвая і кансервавая), горназдабыўная і энергетычная. Новыя галіны прам-сці: каляровая металургія, хім. і буд. матэрыялаў. Вытв-сць электраэнергіі 5,4 млрд. кВт∙гадз (1995), 87% выпрацавана на ЦЭС (працуюць пераважна на імпартнай нафце). Ёсць некалькі ГЭС, найбольшая — «Маўрава» на р. Чорны Дрын. Найбольшыя прадпрыемствы машынабудавання ў Скоп’е, Бітале і інш., дзе вырабляюць станкі, аўтобусы, с.-r. машыны, халадзільнікі, электрапрылады, аўтадэталі, інструмент. Асн. цэнтры тэкст. прам-сці — Цетава (камбінат шарсцяных вырабаў), Шціп (баваўняны камбінат), Цітаў-Велес (шаўкаткацкі камбінат). Тытунёвыя вырабы выпускаюць ф-кі ў Прылепе і Скоп’е. Харч. прам-сць (мукамольная, алейная, цукр., мясная, плодакансервавая, вінаробчая) пашырана ўсюды, гал. цэнтры Скоп’е, Куманава, Бітала, Прылеп. На базе лясных рэсурсаў сфарміравалася дрэваапр. і папяровая прам-сць (Прылеп, Кочані і інш.). Чорная (Скоп’е, Ягунаўцы, Куманава) і каляровая (Цітаў-Велес, Ягунаўцы, Скоп’е) металургія. Хім. прам-сць (Скоп’е) дае пластмасы, сінт. валокны, сродкі аховы раслін і інш. Развіты прам-сць буд. матэрыялаў (цэмент, мармур, керамічныя вырабы, вогнетрывалыя матэрыялы) і горназдабыўная. Здабываюць свінцова-цынкавыя (цэнтр Злетава), хромавыя (Скоп’е, Цетава, Куманава), жал., марганцавыя, сурмяныя, нікелевыя руды і буд. матэрыялы. Ёсць прадпрыемствы гарбарна-абутковай, мэблевай, паліграф., фармацэўтычнай і інш. галін прам-сці. Больш за палавіну прамысл. прадукцыі выпускаюць прадпрыемствы Скоп’е. Развіты нар. промыслы і саматужныя рамёствы, асабліва выраб прадметаў хатняга ўжытку і сувеніраў, дыванаткацтва, вышыўка, разьба па дрэве, чаканка па серабры і інш. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 1,3 млн. га зямель, палавіна іх пад ворывам і шматгадовымі культурамі, палавіна пад пашай. Раслінаводства развіта ў далінах і катлавінах, жывёлагадоўля — пераважна на горных пашах. Са збожжавых вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, рыс (83 тыс. га арашальных зямель), з тэхнічных — тытунь (штогадовы збор 17—20 тыс. т), цукр. буракі, бавоўну, опіумны мак, кунжут, арахіс, аніс і інш. Развіты агародніцтва (экспартнае значэнне маюць памідоры і перац), садоўніцтва (найб. яблыкі і слівы, на Пд аліўкі, інжыр, тутавае дрэва), вінаградарства (штогадовы збор каля 200 тыс. т). З галін жывёлагадоўлі лепш развіта авечкагадоўля. Пагалоўе (1997, тыс. гал.): авечак — 1800, буйн. раг. жывёлы — 300, свіней — 200, коней — 66,5, буйвалаў — 1. Птушкагадоўля. Рыбалоўства на буйных азёрах. Лясная гаспадарка. Транспарт чыгуначны і аўтамабільны. Даўж. чыгунак 699 км, у т.л. 232 км электрыфікавана, аўтадарог 8,5 тыс. км, у т.л. з цвёрдым пакрыццём 5,4 тыс. км. У краіне 263 тыс. легкавых, 23 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (1997). Важнае міжнар. значэнне маюць чыгунка і аўтамагістраль Бялград (Югаславія) — Скоп’е — Салонікі (Грэцыя). Амаль усе знешнегандл. сувязі праз грэч. порт Салонікі. У краіне 14 аэрапортаў, у т.л. міжнар. каля Скоп’е і Охрыда (курортны і турыст. цэнтр). У 1996 экспарт складаў 900 млн. дол., імпарт — 1,4 млрд. долараў. У экспарце пераважаюць прамысл. тавары, харч. прадукты, віно і тытунёвыя вырабы, у імпарце — машыны і трансп. сродкі, хімікаты, паліва. Гал. гандл. партнёры — рэспублікі б. Югаславіі, Балгарыя, Германія, Італія. Гандаль з Беларуссю (1997, млн. дол.): экспарт — 4,3, імпарт — 1,9. М. — краіна развітога міжнар. турызму. Грашовая адзінка — дэнар.

Літаратура. Прыгожае пісьменства на макед. мове зарадзілася ў 19 ст. і звязана з дзейнасцю асветнікаў К. і Дз.Міладзінавых, П.Зографскага, К.Самарджыева і інш. У станаўленні новай макед. пісьменнасці і л-ры вял. роля належыць К.Місіркаву, які даў першы ўзор кадыфікацыі макед. літ. мовы. У рэчышчы рэв. і нар.-патрыят. традыцый развівалася паэзія (К.Нядзелкаўскі, В.Маркоўскі), рэаліст. тэндэнцыі выявіліся ў драматургіі (В.Ілёскі). Першы паэт. зб. на макед. мове — «Белыя досвіткі» К.Раціна (1939). Пасля 2-й сусв. вайны засн. Саюз макед. пісьменнікаў (1946), Т-ва макед. мовы і л-ры (1954), пачалі выходзіць літ. перыяд. выданні. Найб. росквіту дасягнула паэзія (С.Янеўскі, Б.Хонескі, А.Шопаў, Г.Тадароўскі) і навелістыка (У.Малескі, І.Бошкаўскі, Г.Абаджыеў). Асновы новай драматургіі заклалі К.Чашуле і Ілёскі. У 1950—60-я г. вядучым літ. жанрам стаў раман («Вёска за сямю ясенямі» i «І боль, і гнеў» Янеўскага, «Тое, што было небам» і «Ткацкі станок» Малескага, «Пабрацімы» і «Глухія досвіткі» І.Леава, «Зоркі падаюць самі» С.Дракула), зарадзілася аповесць (Дз.Солеў). Асн. тэмы твораў — нац.-вызв. барацьба, чалавекі рэвалюцыя, антыфаш. супраціўленне, сацыяліст. пераўтварэнні. У гэтыя гады ў л-ры адзначыўся т.зв. працэс дэдагматызацыі, адмаўлення ад лініі развіцця, вызначанай сав. ўзорамі, сацыяліст. рэалізмам; дэклараваліся ідэйна-эстэт. плюралізм, разнастайнасць творчай метадалогіі. У 1970-я г. ўзмацніліся рэаліст. тэндэнцыі. Найб. прыкметныя творчыя здабыткі належалі паэтам Тадароўскаму, Р.Паўлоўскаму, А.Попаўскаму, М.Матэўскаму, празаікам Ж.Чынгу, Дракулу, Т.Геаргіеўскаму, Дж.Абаджыеву, драматургам Ілёскаму, Т.Арсоўскаму. Для сучаснай л-ры М. характэрна суіснаванне разнастайных ідэйна-эстэт. і маст. кірункаў. На бел. мове выдадзены макед. казкі ў зб. «Ці страшны страх?» (1970), «Югаславянскія казкі» (1999) і апавяданні ў зб. «Югаслаўскія апавяданні» (1975). На бел. мову паасобныя творы макед. пісьменнікаў перакладалі Н.Гілевіч, П.Кавалёў, М.Паслядовіч, А.Разанаў, М.Ракітны, І.Чарота.

Архітэктура. Ад часоў неаліту і бронз. веку на тэр. М. захаваліся рэшткі кругавых паселішчаў, каменных і глінабітных дамоў, умацаванняў, складзеных насуха з неабчасанага каменю. Сярод помнікаў архітэктуры 5—11 ст. рэшткі цыклапічных абарончых сцен Скоп’е (535), замка балг. цара Самуіла каля г. Охрыд, крэпасці ў Струміцы (абодва 11 ст.). Найб. ранні тып культавай архітэктуры — 3-нефавая базіліка з купаламі і харамі, часам з трансептам (сабор св. Сафіі ў Охрыдзе, каля 1037—50). У 12—14 ст. усталяваўся тып крыжова-купальнага, звычайна квадратнага ў плане храма з купалам (цэрквы св. Клімента ў Охрыдзе, 1295; Міхаіла і Гаўрыіла ў Леснаве, 1341) ці з 5 купаламі (царква св. Панцеляймона ў Неразі, 1164). Будавалі таксама 1-нефавыя скляпеністыя цэрквы (св. Міколы ў Варашы каля г. Прылеп, 1299). У перыяд тур. панавання ў Скоп’е, Бітале, Шціпе і інш. узводзілі цагляныя і каменныя купальныя мячэці, мінарэты, заезныя дамы («ан»), крытыя базары («безістэн»), лазні («амам»), вежападобныя ўмацаваныя жытлы («кулы»). Да 18—19 ст. належаць маляўнічыя ансамблі манастыроў (Іаана Бігорскага), разнастайныя прыклады нар. дойлідства: на раўнінах — 1-павярховыя 2-часткавыя дамы (стойла і жылы пакой з ачагом), у горных раёнах — 2-павярховыя (унізе стойла і кухня, наверсе — жыллё) з навесам-галерэяй, дамы тур. тыпу з сіметрычным размяшчэннем пакояў вакол сенцаў і ізаляваным ад вуліцы дваром. У гарадах будавалі 2—3-павярховыя дамы з эркерамі, лоджыямі ці балконамі. Своеасаблівыя крытыя чарапіцай дамы Охрыда з драўлянымі каркаснымі верхнімі паверхамі, гладкія атынкаваныя сцены якіх навісаюць над ніжнім паверхам, складзеным з каменю. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў буйных гарадах будавалі ў духу еўрап. эклектычнай архітэктуры. Пасля 2-й сусв. вайны разгарнулася рэканструкцыя гарадоў і сёл, пабудаваны буйныя прамысл. комплексы са зборнага жалезабетону, раёны 2—3-секцыйных і вежавых жалезабетонных жылых дамоў і грамадскіх будынкаў у ’сучасных стылях. У Скоп’е пасля землетрасення 1963 паводле праекта яп. арх. Тангэ Кэндзо ўзведзены будынкі Гіст. архіва, Макед. нар. т-ра, акадэміі навук і мастацтваў і інш. Ствараюцца новыя жылыя раёны. Раён г. Охрыд уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. З часоў неаліту і бронзавага веку захаваліся керамічныя пасудзіны, мадэлі дамоў, фігуркі людзей і жывёл, помнікі мастацтва ілірыйцаў (залатыя маскі і інш. з Трэбенішце каля Охрыда, 6 ст. да н.э.), з 2 ст. да н.э. — рэшткі мазаік і фрэсак, скульптура. У 6—7 ст. развівалася культура стараж. славян. У мастацтве сярэдневякоўя важную ролю адыгрываў самабытны фрэскавы жывапіс, які дасягнуў росквіту ў 11—14 ст.: размалёўкі ў храме св. Сафіі ў Охрыдзе (сярэдзіна 11 ст.), у царкве св. Панцеляймона ў Неразі (1164), у цэрквах св. Клімента ў Охрыдзе (пасля 1295) і св. Георгія ў Стара-Нагарычане (1317—18, у абедзвюх майстры Міхаіл і Яўціхій, малявалі таксама абразы), у царкве Маці Божай у Мацейчы (каля 1355) і інш. Высокага ўзроўню дасягнула разьба па дрэве, якая мела фалькл. характар (разныя дзверы з плеценымі ўзорамі, фігурамі святых і ваяроў, выявамі звяроў, царква св. Міколы Болнічкага ў Охрыдзе, 12—13 ст.). 17—19 ст. — росквіт глыбокай і ажурнай разьбы з расл. ўзорамі і рэаліст. фігуркамі жывёл і людзей (у т.л. аўтапартрэтамі рэзчыкаў), у якой візант. і грэч. ўплывы, элементы барока і ракако спалучаліся з рысамі наіўнага гратэску. У эпоху асманскага панавання развіццё жывапісу запаволілася. Паступовы адыход ад стараж. канонаў пачаўся з 2-й пал. 18 ст. пад уплывам мастацтва Зах. Еўропы і Расіі (сям’я Фрчкоскіх). У канцы 19 — пач. 20 ст. Дж.Зографскі і Дз.Андонаў уключалі ў царк. жывапіс фалькл. і сатыр. матывы, патрыят. кампазіцыі, партрэты, пейзажы, сцэны нар. жыцця. У 1920—30-я г. жывапісцы Л.Лічэноскі, М.Марціноскі і інш. ў свабоднай дэкар. манеры стваралі нац. пейзажы, жанравыя кампазіцыі, партрэты і нацюрморты. Сярод першых прафес. скульптараў Дз.Тадароўскі, П.Хаджы-Бошкаў і інш. Вял. ўклад у развіццё выяўл. мастацтва М. зрабілі жывапісцы Р:Анастасаў, П.Мазеў, скульптар Б.Мітрычэўскі і інш. У 1960—80-я г. рэаліст. традыцыі часта спалучаліся з пошукамі новых сродкаў пластычнай выразнасці (жывапісцы Д.Кандоўскі, Г.Чэмерскі, С.Шэмаў, Т.Шыяк, графік Д.Перчынкаў, скульптар С.Манеўскі і інш.). Развіваюцца нар. промыслы (чаканка па серабру, вышыўка, выраб дываноў і інш.).

Г.С.Смалякоў (прырода, насельніцтва, гаспадарка), І.А.Чарота (літаратура).

Сцяг Македоніі.
Да арт. Македонія. Узбярэжжа Ахрыдскага возера.
Да арт. Македонія. Удзельнікі нацыянальна-вызваленчага паўстання 1903.
Да арт. Македонія. Царква святога Клімента ў г. Охрыд. 13 ст.
Да арт. Македонія. Аплакванне Хрыста. Размалёўка царквы святога Панцеляймона ў Нерэзі. 1164.

т. 9, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭ́ЦЫЯ (Hellas),

Грэчаская Рэспубліка (Hellēnikē Demokratia), дзяржава ў Паўд. Еўропе, на Балканскім п-ве і шматлікіх суседніх астравах (найб. Крыт, Эўбея, Родас, Лесбас). Мяжуе на Пн з Албаніяй, Македоніяй, Балгарыяй, на ПнУ з Турцыяй. На З, Пд і У абмываецца Іанічным, Міжземным і Эгейскім морамі. Пл. 132 тыс. км², у т. л. 24,8 тыс. км² астравы. Нас. 10,5 млн. чал. (1995). Дзярж. мова — грэчаская. Сталіца — г. Афіны. Падзяляецца на 52 номы. Існуе падзел на гіст. вобласці. Нац. свята — Дзень незалежнасці (25 сак.).

Дзяржаўны лад. Грэцыя — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1975 (з дапаўненнямі 1985). Кіраўнік краіны — прэзідэнт, якога выбірае парламент тэрмінам на 5 гадоў. Прэзідэнт валодае шырокімі паўнамоцтвамі; мае права вета на заканад. акты парламента, распускаць урад і парламент, уводзіць без згоды парламента надзвычайнае становішча ў краіне. Заканад. орган — парламент (300 дэпутатаў), што выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам, якога назначае прэзідэнт.

Прырода. Грэцыя — горная краіна, (больш за ​4/5 тэр. занята гарамі), займае найб. парэзаную морам ч. Балканскага п-ва. Даўжыня берагавой лініі ў 12 разоў большая за сухапутныя граніцы, узбярэжжа моцна расчлянёнае, шмат зручных гаваней. Найб. значныя паўастравы — Пелапанес і Халкідыкі. Пераважаюць сярэдневышынныя масівы (да 1200—1800 м). Уздоўж узбярэжжа Іанічнага м. цягнецца горны масіў Пінд з вяршынямі вышэй за 2 тыс. м. На ПнУ адгор’і Радопаў і гор Македоніі з найвышэйшым пунктам Грэцыі — г. Алімп (2917 м). Далей на Пд раўніна Фесаліі. Паўд. ч. краіны і Пелапанес таксама заняты гарамі. Самая значная нізіна — Саланікская па ніжнім цячэнні р. Вардар. Тэр. Грэцыі вызначаецца сейсмічнасцю, на в-ве Тыра дзеючы вулкан Каймені. Карысныя выкапні разнастайныя, але іх запасы невялікія: жалезныя, марганцавыя, хромавыя, нікелевыя, поліметалічныя руды, баксіты, буры вугаль, прыродны газ і нафта, буйнейшае ў свеце радовішча наждаку (в-аў Наксас), высакаякасны мармур, магнезіт, пемза і інш. Клімат міжземнаморскі. Т-ра паветра ў студз. ад 4°C на Пн да 10—12°C на Пд, ліп. 24—28°C. Ападкаў каля 500—1000 мм за год, пераважна зімой. У гарах клімат больш халодны і вільготны. Рэкі горныя, кароткія і малаводныя, за выключэннем Марыцы, Нестаса, Стрымона, Вардара, якія належаць Грэцыі ў сваіх нізоўях. Найб. воз. Прэспа, на граніцы з Албаніяй і Македоніяй. На ўзбярэжжах субтрапічная расліннасць (у т. л. маквіс і фрыгана), вышэй шыракалістыя лясы (дуб, бук, ліпа, каштан, клён), потым хвойныя. Пад лесам каля 11% тэрыторыі. 10 нац. паркаў (найб. Вікас-Аоас, Мікра-Прэспа, Эта) і 19 заказнікаў.

Насельніцтва. Каля 96% — грэкі. На Пн невял. групы албанцаў, македонцаў, туркаў. Большасць вернікаў (97%) праваслаўныя. Сярэднегадавы прырост каля 0,1%. Сярэдняя шчыльн. 79,5 чал. на 1 км². Найб. густа населены раёны вакол Афін і Салонікаў, раўніны і ўзбярэжжы. Вял. эміграцыя пераважна мужчын. За мяжой жыве каля 3 млн. грэкаў. У гарадах 64% насельніцтва (1993). Найб. гарады (1991, тыс. ж.): Афіны — 2890 (з прыгарадамі), Салонікі — 384, Пірэй — 183, Патры — 153, Іракліян — 116, Ларыса — 113.

Гісторыя. Чалавек на тэр. Грэцыі з’явіўся ў эпоху сярэдняга палеаліту. Пазней тут была пашырана крыта-мікенская культура (эпоха бронзы), існавала ант. цывілізацыя (гл. Грэцыя Старажытная). З 146 да н.э. Грэцыя пад уладай Стараж. Рыма, з 4 ст. н.э. ў складзе Візантыі. У сярэдзіне 15 ст. пасля падзення Візантыі ў выніку заваяванняў туркаў-асманаў б.ч. кантынентальнай Грэцыі і некаторыя астравы трапілі пад уладу Асманскай імперыі; часткай Пелапанеса і многімі астравамі валодалі венецыянцы і генуэзцы, в-вам Родас — ордэн рыцараў-іаанітаў. Паступова туркі заваявалі Родас (1522), Кіпр (1571), Крыт (1669) і ўстанавілі ў Грэцыі сваю ваен.-ленную сістэму, абклалі большасць яе насельніцтва цяжкімі падаткамі, спец. павіннасцямі (праца на рудніках, пастаўка матросаў для тур. флоту), што разам з інш. дыскрымінацыйнымі захадамі стала прычынай эміграцыі часткі грэкаў у Італію, Аўстрыю, Расію і інш. Ва ўмовах тур. панавання ў Грэцыі актывізаваўся нац.-вызв. рух [паўстанні на Пелапанесе (1463—79, 1571, 1770), у кантынентальнай Грэцыі, Македоніі, на а-вах Эгейскага м., у Эпіры (1611) і інш.]. Туркі не здолелі замацавацца ў цяжкадаступных горных раёнах, дзе пастаянна дзейнічалі партыз. атрады клефтаў. Вызв. барацьбе грэкаў садзейнічалі рус.-тур. войны (гл. Руска-турэцкія войны 18—19 ст., Архіпелагскія экспедыцыі рускага флоту) і Міжземнаморскі паход Ушакова. Кючук-Кайнарджыйскі мір 1774 даў магчымасць суднам Грэцыі выкарыстоўваць рас. флаг, спрыяў развіццю суднаходства ў Эгейскім м. Адначасова ўзмацнілася грэч. эміграцыя ў Расію (Паўн. Прычарнамор’е). У 1814 у Адэсе ўзнікла тайнае рэв. т-ва «Філікі Этэрыя». У выніку падрыхтаванай ім пад кіраўніцтвам А.Іпсіланці Грэчаскай нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыі 1821—29 Грэцыя атрымала аўтаномію, а ў 1830 — незалежнасць. У склад грэч. дзяржавы ўвайшлі тэр. кантынентальнай Грэцыі і а-вы Кіклады. У 1832 Англія, Францыя, Расія абвясцілі каралём Грэцыі прынца Атона з баварскай дынастыі Вітэльсбахаў. На пачатку яго царавання (правіў як Атон І у 1832—62) у Грэцыі палепшаны шляхі зносін, рэарганізавана сістэма адукацыі (у 1837 засн. Афінскі ун-т), распрацаваны крымін. і грамадз. кодэксы, закрыты многія манастыры. Да канца 1837 грэч. ўрад узначальвалі баварцы, з 1838 кароль выбіраў прэм’ер-міністраў з лідэраў 3 грэч. груповак, знешнепалітычна арыентаваных на Вялікабрытанію, Францыю, Расію. Засілле баварскіх чыноўнікаў і самаўладства Атона выклікалі ў вер. 1843 выступленне патрыятычна настроеных грэч. вайскоўцаў у Афінах. Паводле прынятай у 1844 канстытуцыі ў Грэцыі ўстаноўлены рэжым канстытуцыйнай манархіі з вял. паўнамоцтвамі караля (пажыццёва прызначаў членаў сената, прызначаў і здымаў міністраў, распускаў палату дэпутатаў). Пасля першых парламенцкіх выбараў урад узначаліў кіраўнік прафранц. групоўкі Я.Калетыс (1844—47), які высунуў у 1844 т.зв. «мегалі ідэа» («вял. ідэю»), што прадугледжвала барацьбу за далучэнне да грэч. каралеўства населеных грэкамі правінцый Асманскай імперыі.

У час Крымскай вайны 1853—56 адбыліся антытур. паўстанні ў Эпіры і Фесаліі, падтрыманыя атрадамі добраахвотнікаў з Грэцыі; пад націскам Англіі і Францыі Грэцыя прыняла ультыматум аб захаванні нейтралітэту, быў сфарміраваны ўрад на чале з лідэрам праангл. групоўкі К.Маўракардатасам. Акупац. англ. войскі (1854—57) навязалі Грэцыі міжнар. кантроль над яе фінансамі. Эканам. цяжкасці, роспуск каралём палаты дэпутатаў (кастр. 1859), высылка і зняволенне апазіцыянераў, закрыццё ўладамі шэрагу газет выклікалі рэвалюцыю 1862, у выніку чаго скінуты Атон І. У 1863 грэч. каралём стаў Георг І (гл. ў арт. Георг). Паводле новай канстытуцыі 1864 уведзены аднапалатны парламент, абвешчаны недатыкальнасць асобы і жылля, права сходаў і асацыяцый, свабода друку. У 1864 Вялікабрытанія вярнула Грэцыі Іанічныя а-вы (з 1815 былі пад брыт. пратэктаратам). З 1860-х г. паскорылася прамысл. развіццё краіны, у 1869 пракладзена першая чыгунка. У 1866—69 адбылося антытур. паўстанне на Крыце. У 1870—90-я г. ўрады папераменна ўзначальвалі Х.Трыкупіс і Т.Дэліяніс. У 1881 Грэцыя дамаглася ад Асманскай імперыі вяртання Фесаліі і акругі Арта ў Эпіры. Крыцкае паўстанне 1896 перарасло ў грэка-тур. вайну 1897, у якой Грэцыя пацярпела паражэнне (гл. ў арт. Крыцкія паўстанні). Ва ўмовах адсутнасці сродкаў на выплату кантрыбуцыі Турцыі даходы і выдаткі грэч. ўрада перайшлі пад кантроль створанай у 1898 міжнар. фін. камісіі з прадстаўнікоў Англіі, Францыі, Расіі, Германіі, Італіі і Аўстра-Венгрыі. У 1898 пад націскам буйных еўрап. дзяржаў тур. султан даў аўтаномію Крыту. Пасля выступлення ў жн. 1909 у Афінах «Ваеннай лігі» (створана малодшымі афіцэрамі) прэм’ер-міністрам Грэцыі працяглы час быў Э.Венізелас (у 1910—15, 1917—20, 1924, 1928—32, 1933). Яго першы ўрад упарадкаваў фін. і бюджэтную сістэмы, стварыў мін-вы сельскай гаспадаркі, гандлю і прам-сці, актывізаваў знешнюю палітыку (гл. Балканскі саюз 1912). У выніку Балканскіх войнаў 1912—13 у склад Грэцыі ўвайшлі Крыт, Эпір, Паўд. Македонія, ч. Зах. Фракіі, Эгейскія а-вы; колькасць яе насельніцтва павялічылася з 2,7 да 4,6 млн. чал. Пры каралю Канстанціне І [1913—17, 1920—22] Грэцыя працяглы час захоўвала нейтралітэт у 1-й сусв. вайне. Яна ўступіла ў вайну пад націскам Антанты 29.6.1917 пры каралю Аляксандру [1917—20] — другім сыне Канстанціна I. Пасля грэка-турэцкай вайны 1919—22 у Грэцыі ўстаноўлена рэспубліка (1924). У 1934 у Афінах утворана Антанта Балканская (распалася ў 2-ю сусв. вайну). У канцы 1935 пасля ваен. перавароту і ініцыіраванага манархістамі плебісцыту ў Грэцыі адноўлена ўлада караля Георга II (правіў у 1922—23, 1935—41, 1946—47; гл. ў арт. Георг). Пасля ваен. перавароту 4.8.1936 устаноўлена дыктатура ген. І.Метаксаса (існавала да 1941). У пач. 2-й сусв. вайны краіна захоўвала нейтралітэт. 28.10.1940 супраць Грэцыі развязаў вайну фаш. дыктатар Італіі Б.Мусаліні, аднак грэч. армія да 14.11.1940 спыніла італьян. наступленне і ў хуткім часе адцясніла праціўніка. Пазней у выніку Балканскай кампаніі 1941 Грэцыю акупіравалі ням., італьян. і балг. войскі. Намаганнямі ўдзельнікаў Руху Супраціўлення (гл. ЭАМ, ЭЛАС) да восені 1943 вызвалена каля ​1/3 тэр. краіны. Поўнасцю вызвалена ў кастр. 1944. У 2-ю сусв. вайну загінула больш за 400 тыс. грэкаў, значна заняпала гаспадарка. Пасля Ліванскага пагаднення 1944 у Грэцыі абвастрылася барацьба за ўладу, што прывяло да грамадз. вайны 1946—49, у ходзе якой урадавыя войскі ліквідавалі супраціўленне партыз. атрадаў левых паліт. сіл. У 1948—51 Грэцыя атрымала эканам. дапамогу ад ЗША паводле Маршала плана. Грэч. ўлады праводзілі курс на інтэграцыю краіны ў зах.-еўрап. рэгіянальныя арг-цыі (у 1952 Грэцыя ўступіла ў НАТО, у 1962 як асацыіраваны чл. — у «Агульны рынак»). У выніку ваен. перавароту 1967 у Грэцыі фактычна ліквідавана манархія (з 1947 правіў Павел І, з 1964 — Канстанцін II) і ўстаноўлена т.зв. дыктатура «чорных палкоўнікаў» (прэм’ер-міністр — палк. Г.Пападопулас). У 1974 пасля няўдалай спробы далучыць да Грэцыі Кіпр ваен. хунта скінута, праведзены плебісцыт аб скасаванні манархіі і ўстанаўленні рэсп. ладу (у 1975 прэзідэнтам Грэцыі выбраны К.Цацас), засн. вядучыя паліт. партыі — Новая дэмакратыя (НД) і Усягрэчаскі сацыялістычны рух (ПАСОК). Цывільны ўрад НД на чале з К.Караманлісам (1974—80) садзейнічаў дэмакратызацыі грэч. грамадства. У 1974—80 Грэцыя прыпыніла членства ў НАТО, у 1981 стала членам Еўрапейскага эканамічнага супольніцтва. Эканам. цяжкасці (у т. л. рост знешняга доўгу) і скандалы вакол карупцыі прывялі да адстаўкі ўрада ПАСОК на чале з А.Папандрэу (1981—89). Пры прэм’ер-міністру К.Міцатакісу (НД; 1990—93), які праводзіў курс на сац. эканомію (у т. л. за кошт паніжэння зарплаты), абвастрыўся канфлікт паміж прафсаюзамі і ўрадам (усеагульная забастоўка ў 1992). Пасля працяглага прэзідэнцтва Караманліса (1980—85, 1990—95) прэзідэнтам Грэцыі ў сак. 1995 выбраны К.Стэфанопулас. У студз. 1996 пасля адстаўкі па стане здароўя Папандрэу (кіраўнік урада з канца 1993) прэм’ер-міністрам Грэцыі выбраны К.Сімітыс (ПАСОК). У знешняй палітыцы Грэцыі захоўваецца напружанасць у адносінах з Турцыяй з-за Кіпра і 2 невял. астравоў у Эгейскім м. Грэцыя — чл. ААН (з 1945), НАТО (членства адноўлена ў 1981), Зах.-еўрап. саюза (з 1992), Савета Еўропы, Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе і інш. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў 1992.

Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Усягрэчаскі сацыяліст. рух (ПАСОК), Новая дэмакратыя, Кааліцыя левых і прагрэс. сіл, Камуніст. партыя Грэцыі, Арг-цыя моладзі Новай дэмакратыі і інш. Найб. прафсаюз — Усеагульная канфедэрацыя працоўных Грэцыі.

Гаспадарка. Грэцыя — індустр.-агр. краіна. Доля ў валавым унутр. прадукце (у %): прам-сці — 34, сельскай гаспадаркі — 10, сферы паслуг — 56. У прамысловасці занята 25% працуючых. Вядзецца здабыча бурага вугалю (на Пн і ў цэнтры Пелапанеса) — 55,4 млн. т (1993, 7-е месца ў свеце), а таксама жалезнай, хромавай, нікелевай, меднай і сурмянай руд, баксітаў, нафты і прыроднага газу, пірыту, магнезіту, наждаку і інш. Аснову энергабалансу складаюць буры вугаль, імпартная нафта (здабыча каля в-ва Тасас пакрывае толькі 5% патрэб), ГЭС на горных рэках. Вытв-сць вугальных брыкетаў і коксу (Пталемаіс). Нафтаперапр. з-ды ў Карынфе, Афінах, Элеўсіне, Салоніках, Аспрапіргасе. Вытв-сць электраэнергіі больш за 34 млрд. кВт·гадз. (1994). Чорная металургія (каля 1 млн. т сталі штогод; Афіны, Пірэй, Салонікі). Выплаўка алюмінію (каля 150 тыс. т штогод) і феранікелю (Ларымна). Машынабудаванне і металаапрацоўка: суднабудаванне і суднарамонт (Салонікі, Пірэй, Александрупаліс), аўта- і трактаразборка (Пірэй), электратэхніка, абсталяванне і машыны для сельскай гаспадаркі і вінаробства, быт. тэхніка і прылады. Развіты нафтахімія, вытв-сць салянай кіслаты, азотных угнаенняў (Пталемаіс), аўтамаб. шын (Патры), цэменту (Пірэй, Халкіс), буд. матэрыялаў (Волас, Ларыса, Элефсіс), мэблі і інш. вырабаў з дрэва (Патры). Прадпрыемствы цэлюлозна-папяровай прам-сці (Афіны, Салонікі, Волас, Патры, Ларыса). Вылучаецца тэкст. прам-сць, асабліва выраб баваўняных і з дамешкамі сінт. валокнаў тканін (Афіны, Салонікі, Патры, Волас і інш.), шаўковых тканін (Афіны, Кавала, Каламата), дываноў (Яніна, Ламія). Афіны — цэнтр швейнай прам-сці. Развіта гарбарна-абутковая прам-сць, вытв-сць разнастайных скураных і футравых вырабаў (Афіны, Салонікі, Патры, Волас, Яніна). Харч. прам-сць прадстаўлена шматлікімі прадпрыемствамі вінаробства (Афіны, Салонікі, Іракліян, Ханья), па апрацоўцы тытуню (Салонікі, Пірэй, Волас і інш.), вытв-сці алею з аліў (Афіны, Салонікі, Ханья і інш.), цукру (Платы, Ларыса, Ксанты, Серэ), рыбных прадуктаў (Пірэй, Салонікі, Кавала), сыроў (Яніна), разынак (Піргас); перапрацоўка цытрусавых (Ханья). У сельскай гаспадарцы занята 25% працуючых. Пераважаюць дробныя гаспадаркі памерам каля 3,5 га. Пад земляробчымі ўгоддзямі каля 30% тэр. краіны, у т. л. 2,3 млн. га пад ворывам, 1,2 млн. га пад вінаграднікамі, аліўкавымі плантацыямі і садамі. Каля ​1/3 угоддзяў арашаецца. 40% тэр. краіны займаюць малаўрадлівыя горныя пашы і лугі. Спецыялізацыю вызначаюць працаёмкія экспартныя культуры: тытунь, алівы (каля 1,6 млн. т штогод, 3-е месца ў свеце), бавоўна і цукр. буракі (арашальныя землі ў далінах Вардара і Стрымона, в-аў Лемнас), вінаград (1,3 млн. т штогод), цытрусавыя. Вырошчваюць яблыкі, грушы, персікі, абрыкосы, інжыр. Развіта парніковая гаспадарка экспартнага кірунку, агародніцтва (у т. л. памідоры — каля 1,7 млн. т штогод). Са збожжавых вырошчваюць пшаніцу (больш за 50% пасяўных плошчаў), рыс (на арашальных землях), кукурузу і ячмень. Жывёлагадоўля развіта недастаткова. Гадуюць авечак (каля 8 млн. галоў), коз (каля 5 млн. галоў), свіней (каля 1 млн. галоў), буйн. раг. жывёлу (каля 1 млн. галоў). Птушкагадоўля. Марское рыбалоўства. Замежны турызм і адпачынак дае больш за 50% прыбытку. З ім звязана каля ​1/3 занятых у гаспадарцы. Штогод Грэцыю наведвае 8—10 млн. замежных турыстаў. Асн. раёны: Афіны і наваколле, узбярэжжа Пелапанеса, стараж. гіст. цэнтры Карынф, Эпідаўр, Містра, Мікены, Алімпія, Спарта, Салонікі, Яніна, а-вы Эгейскага мора. Транспарт пераважна марскі і аўтамабільны. Танаж гандл. флоту — 41,7 млн. т (1993, 3-е месца ў свеце). Частка грэч. флоту плавае пад флагамі інш. краін. Флот абслугоўвае гандл. сувязі Грэцыі і многіх краін свету. Гал. парты Пірэй, Салонікі, Элефсіс. Аўтадарог каля 40 тыс. км, на аўтатранспарт прыпадае больш за 60% унутр. перавозак, чыгунак 2,6 тыс. км. Каля 40 аэрапортаў (у т. л. 22 міжнародныя), найб. Элінікон каля Афін. Экспарт (каля 8—10 млрд. дол. штогод): нафтапрадукты, тэкст. і швейныя вырабы, абутак, цэмент, мінер. сыравіна, аліўкавы алей, вінаград, цытрусавыя, віны, тытунёвыя вырабы. Імпарт (каля 20 млрд. дол. штогод): машыны і абсталяванне, нафта, харч. тавары, трансп. сродкі, драўніна. Дэфіцыт гандл. балансу пакрываецца за кошт паступленняў ад марскіх перавозак, турызму, грашовых пераводаў эмігрантаў. Гал. гандл. партнёры: Германія, Францыя, Італія, Вялікабрытанія, ЗША, Саудаўская Аравія. Грэцыя экспартуе на Беларусь футравыя і скураныя вырабы, цытрусавыя, кансервы, імпартуе трактары, грузавыя аўтамабілі, калійныя ўгнаенні, шыны. Грашовая адзінка — драхма.

Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. Агульная колькасць (канец 1994) 159,3 тыс. чал. (406 тыс. рэзервістаў). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. У сухап. войсках 113 тыс. чал., аб’яднаных у 10 пях., механізаваную і бранятанкавую дывізіі, асобныя 2 пях., механізаваную і 5 бранятанк. брыгад, асобныя парашутны полк, 20 артыл. дывізіёнаў і інш.; маюць на ўзбраенні 2722 танкі, 2365 баявых машын пяхоты, 2019 гармат палявой артылерыі і мінамётаў, 95 самалётаў і верталётаў армейскай авіяцыі і інш. У ВПС 26,8 тыс. чал., каля 270 баявых самалётаў і 28 верталётаў. У ВМС (пач. 1996) 20 тыс. чал., 47 караблёў (у т. л. 8 дызельных падводных лодак) і 124 баявыя катэры амер., герм. і грэч. вытв-сці.

Асвета. Сучасная сістэма адукацыі Грэцыі сфарміравалася ў выніку рэформаў 1963—65, 1974—76, 1984—85 і закону 1985, паводле якога ўстаноўлены 9-гадовы тэрмін абавязковага школьнага навучання. Дашкольныя дзіцячыя ўстановы для дзяцей ад 3,5 да 5,5 года не абавязковыя. Першая ступень абавязковай агульнай адукацыі — 6-гадовыя пач. школы для дзяцей ад 5,5 да 11,5 года. Сярэднюю адукацыю даюць гімназіі (абавязковая няпоўная, тэрмін навучання 3 гады) і дадатковую сярэднюю — ліцэі (агульнага тыпу, класічныя, прафес.-тэхн., шыракапрофільныя і духоўныя), тэрмін навучання 2—6 семестраў. Права паступлення ў ВНУ дае толькі ліцэй. Буйнейшыя ВНУ: ун-ты ў Афінах (з 1837), Салоніках (з 1925), Патры (з 1966), Яніне, Фракіі; політэхн. ін-ты ў Афінах (з 1836) і на в-ве Крыт; вышэйшыя школы ў Афінах — агранамічных навук, эканам. і камерцыйных навук, паліт. навук, прыгожых мастацтваў; вышэйшыя індустр. школы ў Пірэі і Салоніках. Найб. б-кі: Нац., б-кі Палаты дэпутатаў (з 1844), Афінскай АН, ун-та ў Салоніках (з 1927). Найб. музеі: Нац. археал. (з 1874), Музей Акропаля (з 1878), Нац. маст. галерэя (з 1900), Візантыйскі (з 1914), Музей Бенакі (з 1931) і Музей Аляксандра Сутзаса ў Афінах, археал. музеі ў Алімпіі, Дэльфах, Карынфе, на а-вах Родас і Крыт. Навук. даследаванні праводзяцца Афінскай АН (з 1926), ун-тамі і ін-тамі, галіновымі н.-д. ўстановамі і цэнтрамі, Афінскай абсерваторыяй, навук. т-вамі і інш.

Друк, радыё, тэлебачанне. Выдаецца больш за 100 штодзённых (цэнтральных і мясцовых) і каля 300 штотыднёвых газет (1993). Найб. папулярныя выданні: «Akrópolis» («Акропаль», з 1881), «Rirospástēs» («Радыкал», з 1918), «Tá Néa» («Навіны», з 1931), «Augē» («Світанне», з 1951), «Eleútheros kósmos» («Свабодны свет», з 1966) і інш. Тыражы газет у адносінах да колькасці насельніцтва большыя, чым у многіх зах.-еўрап. краінах. Афіц. Афінскае інфарм. агенцтва засн. ў 1895. Радыёвяшчанне з 1938 на грэч., англ. і франц. мовах. Тэлебачанне ў Афінах з 1965. Нац. радыё і тэлебачанне ў 1976 аб’яднаны ў карпарацыю ЭРТ. Дзейнічаюць 1500 радыёстанцый і 180 тэлекампаній, найбуйнейшыя з іх — прыватныя кампаніі «Мега Чэнел» і «Антэна-1», дзяржаўныя ЕТ-І, ЕТ-2. Рэтрансліруюцца 9 (1993) замежных тэлепраграм, у т. л. ЗША, Расіі, Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі, Італіі, Іспаніі.

Літаратура. Развіваецца на навагрэч. мове. Пачала складвацца пасля падзення Візантыі пад уплывам традыцый ант. і візант. культур, ідэй Адраджэння і вусна-паэт. творчасці грэч. народа (эпас «Дыгеніс Акрыт», 9—11 ст.; гіст. акрыцкія песні, песні пра клефтаў). У 15—17 ст. развівалася на а-вах Родас (ананімны зб-к «Сто слоў пра каханне» і інш.), Дадэканес (любоўная лірыка), Крыт [ідылічная ананімная паэма «Пастушка» (выд. 1627), трагедыя «Эрафілі» і камедыя «Кацурбас» Е.Хартакіса (абедзве каля 1600), драма «Ахвяра Аўраама» (1635, аўтарам лічаць В.Карнараса), раман у вершах «Эратакрытас» Карнараса]. У часы тур. панавання (1453—1821) былі пашыраны пераробкі сатыр. баек («Чароўная гісторыя пра асла, воўка і ліса» і інш.), апрацоўкі сярэдневяковых раманаў, апавяданні рэліг.-дыдактычнага і гіст.-легендарнага характару («Аповесць пра Аляксандра Македонскага»). Проза 17—18 ст. прадстаўлена пераважна павучальнай рыторыкай і палемічнымі памфлетамі, якія абаранялі правасл. веру, мемуарнай л-рай. Прыкметным быў зб. вершаў грэч. паэтаў-студэнтаў у Італіі «Кветкі набожнасці» (выдадзены ў Венецыі, 1708), у якім адчувальны ўплыў позняга італьян. Адраджэння. На фарміраванне грэч. л-ры паўплываў уздым нац.-вызв. руху на мяжы 18—19 ст. Нац. праблематыка, рэв.-патрыятычныя матывы адлюстраваліся ў творчасці Ферэаса, А.Калваса, А.Суцаса, А.Валаарытыса і інш. Закладваліся асновы нац. драматургіі (творы А.Матэсіса). У л-ры вялася вострая ідэйная барацьба вакол пытання аб шляхах гіст. развіцця грэч. нацыі (моўная палеміка, адносіны да ант. спадчыны і нар. навагрэч. традыцый).

Новы этап у развіцці л-ры звязаны з грэч. нац.-вызв. рэвалюцыяй 1821—29. Рэв. рамантызм з элементамі рэалізму ўласцівы творчасці заснавальніка навагрэч. л-ры Д.Саламоса, антыманархічныя вольналюбівыя матывы — творчасці паэтаў-рамантыкаў 1-й Афінскай школы П.Суцаса, А.Рангавіса. Жанр гіст. рамана распрацоўваў Э.Раідыс. Нар. мову і нац. тэматыку сцвярджалі заснавальнік 2-й Афінскай школы К.Паламас, а таксама Е.Драсініс і інш. Цікавасць да нар. паэзіі адчуваецца ў творчасці Л.Мавіліса, Драсініса, І.Палеміса, А.Эфталіётыса, І.Псіхарыса і інш. У прозе і драматургіі рэалізм з элементамі бытапісання сцвярджалі Г.Ксенопулас, А.Пападыямандыс, А.Каркавіцас і інш. Крытыка бурж маралі, ідэалы гуманізму, увасобленыя ў творчасці К.Варналіса, Я.Рыцаса, К.Парарытыса і інш., далі пачатак сучаснай прагрэс. л-ры. Сац. тэматыка стала вызначальнай для творчасці К.Тэатокіса, І.Тэатакаса, А.Тэрзакіса і К.Хадзопуласа. У 1920—30-я г. С.Мірывіліс і інш. пісьменнікі ўвялі ў л-ру жанр антываен. рамана і аповесці-хронікі. Антыфаш. л-ра Супраціўлення прадстаўлена творамі А.Сікеліяноса, В.Ротаса, Ф.Ангулеса, Рыцаса і інш. Асаблівае месца ў л-ры займае т.зв. «паэзія катаргі», якая стваралася ў канцы 1940 — пач. 50-х г. у канцлагерах пасля паражэння дэмакр. сіл у грамадз. вайне 1946—49. Паэзія пасляваен. гадоў прадстаўлена творчасцю Р.Бумі-Папа, Н.Папаса, Н.Врэтакаса, Т.Лівадытыса і інш.; у 2-й пал. 1950-х г. сцвярджаецца лірыка-эпічная «паэма сінтэзу» (А.Элітыс). Гераічныя і сац. матывы характэрныя для пасляваен. творчасці раманіста Н.Казандзакіса, празаікаў Я.Мангліса, Д.Хадзіса, А.Франгіяса, К.Кадзіяса, В.Васілікоса і інш. Развіваюцца жанры гіст. рамана (Д.Фатыядыс, П.Прэвелакіс, Д.Сатырыу), хроніка-дакументальны. У гады ваен. дыктатуры (1967—74) многія пісьменнікі рэпрэсіраваны ці вымушаны былі эмігрыраваць; прагрэс. выдавецтвы і газеты былі забаронены. Л-ру антыдыктатарскага Супраціўлення прадстаўлялі Рыцас, Врэтакас, Элітыс, М.Аўгерыс, Васілікос і інш. Пасля 1974 шмат пісьменнікаў вярнулася на радзіму. Аднавіла дзейнасць Т-ва грэч. пісьменнікаў (1934—67). У тв-сці М.Александропуласа, З.Скараса, А.Ненедакіса і інш. адлюстраваліся зрухі ў самасвядомасці грамадства. Шматпланавасць маст. ўзнаўлення рэчаіснасці вылучае прозу Васілікоса, Э.Ваіску і інш. Навагрэч. л-ра развіваецца таксама ў Рэспубліцы Кіпр.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Пра мастацтва Грэцыі да тур. заваявання (сярэдзіна 15 ст.) гл. ў арт. Грэцыя Старажытная і Візантыя. Да вызвалення ад асманскага заняволення (1821) у Грэцыі панавала манастырскае мастацтва ў познавізант. традыцыях, развівалася нар. творчасць, іканапіс, нар. вышыўка. Гарады раслі павольна, многія заняпалі. З 1830-х г. на аснове традыцый нар. і ант. дойлідства вырасла архітэктура сучаснай Грэцыі. У 19 ст. буд-ва ішло пераважна ў Афінах. Арх. С.Клеантыс, Л.Каўтадзоглу распрацавалі тып жылога дома ў класічных формах. Замежныя архітэктары стваралі грамадскія пабудовы з каланадамі: Нац. б-ка (1832) і ун-т (1837, арх. абодвух Х.К.Хансен) у Афінах і інш. Царк. архітэктура 19 ст. наследавала візант. ўзоры. Майстры наіўнага, дакумент. жывапіснага партрэта (Н.Кандуніс, Н.Кунелакіс) працавалі ў свецкай тэматыцы. У 2-й пал. 19 ст. на аснове традыцый мюнхенскай школы жывапісцы Н.Гізіс, Н.Літрас звярталіся да нац. тэмы; К.Валанакіс і Я.Алтамурас стварылі школу грэч. пейзажа. У пач. 20 ст. разрастаюцца гарады (Афіны, Салонікі), фарміруецца тып шматкватэрнага дома з балконамі-лоджыямі і тэрасамі (арх. К.Кіцыкіс). Архітэктура 1920—30-х г. развівалася пад уплывам функцыяналізму і неакласіцызму. У жыллі выкарыстоўвалі маналітны жал. каркас. У вілах і маёнтках відавочныя матывы нар. дойлідства (арх. Д.Пікіёніс). Будынкі атэляў і музеяў арганічна ўпісваюцца ў навакольнае асяроддзе (арх. Х.Сфаэлас, П.Васіліядыс). Мастакі пач. 20 ст., ствараючы нац. вобразы, засвойвалі тагачасныя еўрап. стылі (жывапісец К.Партэніс, скульпт. Я.Халепас). У сярэдзіне 20 ст. жывапісцы А.Геаргіядыс, Э.Тамопулас, Я.Мораліс, Я.Царухіс працягвалі рэаліст. традыцыі папярэднікаў. Сярэдневяковыя рэмінісцэнцыі і нар. вобразы знайшлі адлюстраванне ў фрэсках Ф.Кандоглу, графіцы С.Васіліу, ант. матывы — у графіцы Д.Галаніса, Я.Кефалінаса, скульпт. М.Томбраса, А.Сохаса. Нац.-вызв. барацьба 2-й сусв. вайны адлюстравана ў дэмакр., рэаліст. плынях (жывапісцы В.Семерцыдыс, Д.Кацыкаяніс, скульпт. Х.Капралас, графікі В.Катракі, А.Тасас). У рэчышчы абстракцыянізму працуюць К.Граматопулас, К.Клуватас, К.Лукопулас і інш.

Музыка. Грэч. муз. культура — адна з найб. старадаўніх у свеце (гл. Грэцыя Старажытная). З 4 ст. грэч. музыка развівалася ў рэчышчы візант. культуры. З усталяваннем асманскага панавання нац. муз. традыцыі зберагаліся толькі ў нар. творчасці і царк. музыцы. Побач з разнастайнымі песеннымі жанрамі вылучаюцца танц. сіртас (карагодны танец) і педыктас (танец з падскокамі). З сярэдзіны 18 ст. пашырыліся песні клефтаў (змагароў за нац. вызваленне). Сярод муз. інструментаў: розныя тыпы лютні, жалейка, ліра, падоўжная флейта, валынка, бузукі, скрыпка, мандаліна, якія ўваходзяць у склад нар. аркестра (з 1930-х г. таксама кларнет і гітара). Развіццё прафес. муз. мастацтва пачалося пасля 1829. Сярод кампазітараў прадстаўнікі іанічнай школы Н.Мандзарас — аўтар грэч. нац. гімна (1865), заснавальнік Філарманічнага т-ва на в-ве Керкіра (1840), С.Ксіндас, С.Самарас — аўтар «Алімпійскага гімна» (1896), Д.Лаўрангас — заснавальнік Нац. опернага т-ра (Афіны, 1939), П.Карэр, Г.Ламбелет. Сапраўдная грэч. муз. школа фарміруецца з канца 19 ст. Узнік новы жанр спектакляў-вадэвіляў (камідыліён), аўтары якіх Д.Карамілас і Д.Какінас. Першую нац. оперу «Кандыдат у дэпутаты» (1867) стварыў Ксіндас. Новую грэч. кампазітарскую школу ўзначалілі М.Каламірыс, заснавальнік Элінскай (1919) і Нац. (1926) кансерваторый у Афінах, Лаўрангас, Ламбелет, М.Варвагліс, Э.Рыядыс. Сярод іх паслядоўнікаў Л.Маргарытыс (засн. Саланікскую кансерваторыю), П.Петрыдыс, А.Незерьггыс, А.Евангелатас, Н.Скалкотас, С.Міхаілідыс, Г.Геаргіядыс, Д.Мітропулас. З сярэдзіны 1940-х г. вядомы кампазітары М.Хадзідакіс, Я.Ксенакіс, Я.Хрысту і інш. Новы этап у развіцці грэч. музыкі — творчасць М.Тэадоракіса і многіх яго паслядоўнікаў. У галіне эстр. музыкі вылучыліся кампазітары М.Плесас, Г.Замбетас, К.Капнісіс, Г.Музакіс, Т.Маракіс, Г.Кацарас і інш. Сярод вядомых выканаўцаў: дырыжоры Мітропулас, Л.Зорас, Міхаілідыс, Хадзідакіс, Евангелатас, Ф.Візантыу; спевакі М.Калас, Н.Масхонас, К.Дамасіёты, А.Захарату, Д.Русас; піяністы Г.Тэмеліс, В.Дэветцы; сярод музыказнаўцаў В.Аркадынас, Геаргіядыс, Міхаілідыс, С.Мацэнігас. У Грэцыі працуюць (1988): Нац. оперны т-р, 5 сімф. аркестраў, у т. л. Афінскі дзярж. сімф. аркестр; Дзярж. аркестр Паўн. Грэцыі ў Салоніках; Дзярж. кансерваторыя ў Салоніках (з 1914), 14 кансерваторый, у т. л. Афінская (1871), Пірэйская (1904), Элінская (1919) і Нац. (1926) у Афінах, а таксама іх філіялы і інш.

Тэатр. У перыяд Візантыйскай імперыі традыцыі ант. тэатр. мастацтва (гл. Грэцыя Старажытная, раздзел Тэатр) былі перапынены. Першыя спробы адрадзіць т-р зроблены ў 17 ст. на в-ве Крыт і ў 18 ст. на в-ве Закінф. У Афінах пастаянныя трупы ўзніклі на пач. 1860-х г. У 1901 К.Хрыстоманас арганізаваў т-р «Новая сцэна», створаны дзярж. Каралеўскі т-р. У 1910—20-я г. тэатр. мастацтва занепадае. Імкненне пераадолець гэты крызіс характарызуюць творчасць рэж. Ф.Палітыса, пастаноўкі Нац. т-ра (засн. ў 1932). У гады дыктатуры і ням.-фаш. акупацыі тэатр. жыццё было ў застоі, аднак працавалі аматарскія групы, што ставілі патрыятычныя п’есы. У 1945 створаны т-р «Аб’яднаныя артысты», у рэпертуары якога былі п’есы нац. драматургаў і перакладныя. У наступныя гады прагрэс. тэатр. дзеячы падвяргаліся ганенням, але працягвалі барацьбу за дэмакр. мастацтва. У 1940—50-я г. значнай з’явай была дзейнасць Мастацкага т-ра (засн. ў 1942 рэж. К.Кунам), сярод спектакляў якога былі «Добры чалавек з Сезуана» (1958) і «Кар’ера Артура Уі» (1961) Б.Брэхта, «Двор цудаў» (1958) Я.Кампанеліса, «Дзядзька Ваня» А.Чэхава і інш. У 1955 створаны Грэч. нар. т-р (кіраўнік М.Катракіс), у 1959 «Новы тэатр» (засн. В.Дыямандопулас і М.Алкеу), у 1957 Пірэйскі т-р (засн. Д.Рандырыс). Значнае распаўсюджанне атрымалі калектывы, што стваралі маладыя рэжысёры: «Тэатр 1959», «Тэатр 1961» і інш. Т-р «Дванаццатая заслона» штогод ставіў спектаклі, якія складаліся з 3 аднаактовых п’ес пачынаючых грэч. драматургаў. У 1960-я г. рэпертуар т-раў значна пашырыўся: ставіліся стараж.-грэч. трагедыі, п’есы У.Шэкспіра, Мальера, А.Чэхава і інш. У канцы 1970 — 80-х г. аднавілі дзейнасць Афінскі маст. т-р, Грэч. нар. т-р, Пірэйскі т-р, т-ры ў Салоніках, Сіракузах і інш. Сярод вядомых дзеячаў тэатр. мастацтва: акцёры А.Александракіс, Катракіс, М.Меркуры, А.Сінадыну, І.Папас, К.Паксіну; рэжысёры М.Пларытыс, М.Лігізас, М.Какаяніс, Кун, Т.Музенідыс.

Кіно. У 1906 зняты першы хранік. фільм, у 1911—12 — першыя кароткаметражныя кінакамедыі (рэж. і выканаўца гал. роляў С.Дымітракопулас). У 1914 засн. фірма «Афіны-фільм», пачаўся выпуск поўнаметражных фільмаў. У 1-ю сусв. вайну выпускалася пераважна ваен. кінахроніка. У 1928—31 на кінафірме «Даг-фільм» здымаліся гіст. фільмы і экранізаваліся літ. творы: «Каханне і хвалі» (1927), «Прыкуты Праметэй» (1929, рэж. абодвух Д.Газіядыс), «Дафніс і Хлоя» (1931, О.Ласкас) і інш. У 1932 выпушчаны першы гукавы фільм. З устанаўленнем дыктатуры Метаксаса і ў гады ням.-фаш. акупацыі здымаліся ў асн. хранік., зрэдку маст. фільмы: «Голас сэрца» (1943, Л.Іаанопулас), «Апладысменты» (1944, Г.Дзавелас). У канцы 1940-х г. здымалася па 8—10 фільмаў за год — пераважна меладрамы з гіст. фонам. У 1950-я — пач. 60-х г. у фільмах знайшлі адлюстраванне праблемы тагачаснага жыцця, здымаліся меладрамы, фарсы, шпіёнскія, гангстэрскія і прыгодніцкія фільмы. Сярод лепшых: «Крывавыя Каляды» (1951, рэж. Г.Зервас), «Фальшывая манета» (1955) і «Антыгона» (1961, рэж. абодвух Дзавелас), «Электра» (1962, М.Какаяніс), «Да карабля» (1966, А.Даміянас). У гады ваен. дыктатуры шэраг кінадзеячаў арыштаваны, некаторыя эмігрыравалі. Пасля падзення дыктатуры здымаліся фільмы, што выкрывалі злачынствы дыктатарскага рэжыму, пра барацьбу народа ў гады 2-й сусв. вайны, узнімаліся надзённыя праблемы. Міжнар. прызнанне атрымалі фільмы Т.Ангелопуласа, якія спалучаюць спадчыну ант. л-ры з сучаснай кінадраматургіяй. У 1974 створаны Саюз кінематаграфістаў Грэцыі. У Афінах знаходзіцца кінаархіў. Сярод вядомых дзеячаў кінамастацтва: І.Папас, М.Меркуры, А.Фонсу, П.Зервас, Т.Венгас, А.Стаўрас. З 1974 у Салоніках штогод праводзіцца міжнар. кінафестываль.

Літ.:

Никитина Т.В. Греция накануне первой мировой войны: Особенности внутриполит. развития. М., 1984;

Соколовская О.В. Греция в годы первой мировой войны, 1914—1918 гг. М., 1990;

Кирьякидис Г.Д. Гражданская война в Греции, 1946—1949. М., 1972;

Зорбалас С.Д. Неофашизм в Греции (1967—1974): Соц.-полит. анализ и выводы: Пер. с греч. М., 1981;

Паниев Н.А. Греция после хунты. М., 1979;

Шеменков К.А. Греция: Проблемы современной истории. М., 1987;

Мочос Я. Современная греческая литература: Очерки. М., 1973;

Ильинская С.Б. Поэзия Сопротивления в послевоенной Греции. М., 1974;

Полевой В.М. Искусство Греции. 2 изд. М., 1984.

Ф.С.Фешчанка (прырода, гаспадарка), У.Я.Калаткоў (гісторыя), В.Я.Буйвал (архітэктура і выяўленчае мастацтва).

т. 5, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)