Ванго́р ’сом’ (КЭС, Інстр. II), вангор, вангош ’вугор’ (КЭС), вангош ’уюн’ (КЭС). Запазычанне з польскай мовы: węgorz ’вугор’.
 Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017) 
Вэ́нгож ’вугор Anguilla L.’ (Крыв.). Запазычанне з польск. węgorz ’тс’ (а гэта да прасл. *ǫgorь ’тс’; гл. Брукнер, 609; Махэк₂, 667; Фасмер, 4, 146). Параўн. яшчэ вуго́р. Таксама запазычаны з польскай мовы і іншыя назвы вугра: вэ́нгер, вэнго́р, ві́нгор (Крыв.), ванго́ш, ванго́р (гл. Зданцэвіч, Бел.-польск. ізал., 33). Формы на ‑ор, відавочна, адлюстроўваюць адаптацыю да адпаведных бел. слоў (вуго́р).
 Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017) 
ВУГО́Р ЕЎРАПЕ́ЙСКІ
(Anguilla anguilla),
рыба сям. вугровых атр. вугрападобных. Пашыраны ў вадаёмах Еўропы ад Белага да Чорнага мораў (у Міжземным м. — па афр. і азіяцкім узбярэжжах). Прахадная рыба. У рэкі і азёры Беларусі (бас. Нёмана, Зах. Дзвіны і Зах. Буга) заходзіў з Балтыйскага м. З пабудовай плацін на рэках міграцыі спыніліся, азёры (пераважна Пн Беларусі) зарыбляюцца штучна. Нар. назвы вугар, вангор.
Даўж. да 2 м, маса да 6 кг (звычайна 30—70 см, 500—800 г). Цела амаль цыліндрычнае, змеепадобнае, спіна цёмна-зялёная або бура-чорная, бакі жоўтыя, бруха жаўтаватае ці белае. Луска дробная, паглыбленая ў скуру з тоўстым слоем слізі. Корміцца дробнай рыбай, ікрой, жабамі і беспазваночнымі. Большую ч. жыцця праводзіць у прэснай вадзе (ад 6 да 25 гадоў). Для размнажэння мігрыруе ў Саргасава м. Атлантычнага ак. У моры не корміцца. Пасля нерасту дарослая рыба гіне. Лічынкі (т.зв. лептацэфалы) з Гальфстрымам і Паўн.-Атлантычным марскім цячэннем дрэйфуюць 2,5—3 гады да берагоў Еўропы. Калі ператвараюцца ў малявак (т.зв. шклопадобных вугроў), рассяляюцца па вадаёмах.
Шклопадобныя вугры імпартуюцца на Беларусь пераважна з Францыі і Вялікабрытаніі. Больш за 40 млн. малявак вугра еўрапейскага запушчана ў больш як 70 вадаёмаў (па 1980-я г.). Каштоўны аб’ект промыслу і развядзення.
т. 4, с. 287
 Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)