Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКО́ЛАВА (Валянціна Валянцінаўна) (н. 25.7.1954, в. Мазуршчына Салігорскага р-на Мінскай вобл.),
бел. паэтэса. Скончыла Полацкае муз.-пед. вучылішча імя Ф.Скарыны (1973), БДУ (1980). Настаўнічала, працавала журналісткай. Друкуецца з 1968. Аўтар зб. паэзіі «За тым лугам зеляненькім» (1987), «Вяртанне ў заўтра» (1990), «Я люблю сваю Белую Русь...» (1990), «Случарыны» (1994), фантаст. паэмы-п’есы «Палачанка Ігрэна, альбо Вяртанне Скарыны» (1990). Лірызм, выкарыстанне фалькл. матываў, вобразаў, стылістыкі — рысы лірыкі Аколавай. Апявае славутых жанчын Беларусі. Перакладае з рус. (зб. «Дзве песні» М.Цвятаевай, 1994), укр., славацкай моў. Паасобныя вершы Аколавай пакладзены на музыку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІЧЫ́ПАР (Генрыета Валянцінаўна) (н. 26.12.1941, г.п. Чаркаскае Вольскага р-на Саратаўскай вобл., Расія),
бел. вучоны ў галіне радыяцыйнай хіміі. Д-рхім.н. (1990). Скончыла БДУ (1964). З 1964 у Ін-це ядз. энергетыкі, з 1992 у Ін-це радыяцыйных фізіка-хім. праблем Нац.АН Беларусі. Навук. працы па кінетыцы тэрмічнага і радыяцыйна-тэрмічнага раскладання аксідаў азоту і серы, а таксама хлорвытворных вуглевадародаў у паветры, распрацоўцы тэарэт. асноў радыяцыйнага метаду ачысткі газавых выкідаў прамысл. прадпрыемстваў і ЦЭС ад шкодных прымесей.
Тв.:
Физико-химические и теплофизические свойства растворов на основе четырехокиси азота. Мн., 1981 (у сааўт.);
Кинетика и механизм термических и радиационно-термических процессов в теплоносителе N2O4—NO. Мн., 1989 (разам з В.Б.Несцярэнкам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРДЗЯНО́К (Зінаіда Валянцінаўна) (21.3.1915, г. Віцебск — 1.9.1985),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1976). Скончыла Бел. студыю пры Цэнтр.тэатр. вучылішчы ў Ленінградзе (1937). Працавала ў Бел. т-ры юнага гледача (1937—41), Брэсцкім абл.драм. т-ры (1944—76). Выконвала ролі травесці, драм. і вострахарактарныя. Яе работы вызначаліся дэталёвай распрацоўкай сцэн. характараў, падкрэсленай тэатральнасцю формы. Сярод лепшых роляў: у Бел. т-ры юнага гледача — Маруся Гарбацэвіч («Блакітнае і ружовае» А.Бруштэйн), Першы сын караля («Цудоўная дудка» В.Вольскага); у Брэсцкім драм. т-ры — Марыя Васілеўна («Усяго адно жыццё» А.Маўзона), Круціцкая («Не было ні граша, ды раптам шастак» А.Астроўскага), Акуліна Іванаўна («Мяшчане» М.Горкага), мадам Абломак («Юнацтва бацькоў» Б.Гарбатава), Старухна («Праз сто гадоў у бярозавым гаі» В.Карастылёва), Баба Яга («Два клёны» Я.Шварца), місіс Пэдзі («Дзіўная місіс Сэвідж» Дж.Патрыка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РБУТ (Вольга Валянцінаўна) (н. 16.5.1955, г. Гродна),
бел. спартсменка (спарт. гімнастыка). Засл. майстар спорту СССР (1972). Скончыла Гродзенскі пед.ін-т (1977). Чэмпіёнка XX і XXI Алімп. гульняў (1972, г. Мюнхен, Германія, і 1976, г. Манрэаль, Канада) у камандным першынстве, у асабістым заліку — у вольных практыкаваннях (1972) і на гімнастычным бервяне (1972, 1976); сярэбраны прызёр у практыкаваннях на брусах (1972). Чэмпіёнка свету ў камандным першынстве і ў апорным скачку, сярэбраны прызёр у практыкаваннях на брусах, гімнастычным бервяне і вольных практыкаваннях (1974, г. Варна, Балгарыя). Сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы ў асабістым першынстве (1973, Лондан). Абсалютная чэмпіёнка Спартакіяды народаў СССР (1975), СССР (1975), Чэмпіёнка СССР у камандным першынстве (1971, 1975), у апорным скачку (1970, 1974), у практыкаваннях на брусах (1974, 1976). У 1972 прызнана лепшай спартсменкай свету. З 1991 жыве ў г. Атланта (ЗША), утрымлівае гімнастычную акадэмію. Прэзідэнт чарнобыльскага фонду пры шпіталі г. Сіэтл (ЗША). Ганаровая грамадзянка г. Атланта.