ВАЛЮ́МІНА ЛЕ́ГУМ
(лац. Volumina legum збор законаў. Другі тытул: «Prawa, konstytucye y przywileie Królestwa Polskiego, y Wielkiego Xięstwa Litewskiego, y wszystkich prowincyi nalezących, na walnych seymach Koronnych od seymu Wiślickiego roku pańskiego 1347 aż do ostatniego seymu uchwalone»),
шматтомны збор законаў, сеймавых пастаноў, прывілеяў і інш. заканад. актаў, якія дзейнічалі на тэр. Польшчы, Беларусі, Літвы і Правабярэжнай Украіны з 1347 да 1793—95. Змяшчае без каментарыяў акты на польск. і лац. мовах, узятыя з арыгінальных крыніц і з прац асобных аўтараў. Выданне неафіцыйнае і не з’яўляецца поўным зборам законаў. Прызначалася для практычнай арыентацыі ў заканад. матэрыяле юрыстаў, службовых і інш. асоб. Упершыню т. 1—6 (акты 1347—1736) выдадзены ордэнам піяраў у Варшаве ў 1732—39, т. 7—8 (акты 1764—80) — у 1782. Гэтыя 8 тамоў перавыдаў у 1859—60 у Пецярбургу І.П.Агрызка. У 1889 у Кракаве выйшаў т. 9 (акты 1782—92), у 1952 у Познані — т. 10 (з матэрыяламі Гродзенскага сейма 1793).
т. 3, с. 495
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРЫ́ЗКА Іасафат Пятровіч
(1826, Лепельскі р-н Віцебскай вобл. — 30.3.1890),
выдавец, журналіст, удзельнік рэв.-вызв. руху 1860-х г. Скончыў Мінскую гімназію, Пецярбургскі ун-т са ступенню кандыдата права (1849). Працаваў у Мін-ве фінансаў. У Пецярбургу заснаваў друкарню, выдаваў газ. «Słowo» («Слова», 1859, на польск. мове, забаронена ўрадам), перавыдаў зб. стараж. законаў Польшчы, Беларусі, Літвы, Украіны Валюміна легум і інш. З студэнцкіх гадоў прымыкаў да гуртка З.Серакоўскага, падтрымліваў сувязі з М.Г.Чарнышэўскім, з рэв. т-вам «Зямля і воля». У 1863 гал. прадстаўнік варшаўскага паўстанцкага ўрада ў Пецярбургу. 14.11.1864 арыштаваны і прыгавораны да 20 гадоў катаргі.
т. 1, с. 86
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)