ВАЛЕ́НСА

(Wałęsa) Лех (н. 29.9.1943, в. Папоў, Вроцлаўскае ваяв., Польшча),

дзяржаўны і палітычны дзеяч Польшчы. У 1960—80-я г. электрык на суднаверфях Гданьска. З 1970 актывіст рабочага руху. Як кіраўнік міжвытворчага забастовачнага к-та ў Гданьску ў 1980 падпісаў пагадненні з урадам аб спыненні ўсеаг. забастоўкі ў Польшчы. Адзін з заснавальнікаў незалежнага прафсаюза «Салідарнасць» (1980, з 1981 яго старшыня). У 1981—82 арыштаваны і інтэрніраваны. З 1987 старшыня Усяпольскай выканаўчай камісіі «Салідарнасць». Праводзіў палітыку дыялога і захавання мірных метадаў барацьбы. У 1989 сустаршыня перагавораў за «круглым сталом», пасля завяршэння якіх адбылася легалізацыя «Салідарнасці» і ўстанаўленне дэмакр. улады ў Польшчы. Прэзідэнт Польшчы ў 1990—95. Міжнар. прэмія па правах чалавека. Нобелеўская прэмія міру 1983.

т. 3, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)