Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)
ВАКУО́ЛЯ (франц. vacuole ад лац. vacuus пусты),
поласць у цытаплазме жывёльных і раслінных клетак, абмежаваная мембранай і запоўненая вадкасцю. У цытаплазме прасцейшых знаходзяцца стрававальныя вакуолі (маюць ферменты, якія раскладаюць рэчывы) і скарачальныя вакуолі (выконваюць функцыі асмарэгуляцыі і выдзялення). Для шматклетачных жывёл характэрны стрававальныя і аўтафагіруючыя вакуолі; яны ўваходзяць у групу другасных лізасом і маюць гідралітычныя ферменты. У раслін вакуолі — вытворныя эндаплазматычнай сеткі, акружаныя пранікальнай мембранай — танапластам. Функцыі вакуоляў: рэгуляцыя водна-салявога абмену, падтрыманне тургарнага ціску ў клетцы, назапашванне нізкамалекулярных водарастваральных метабалітаў, запасных рэчываў і выдаленне з абмену таксічных рэчываў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗААСПО́РА (ад заа... + спора),
зоаганідый, рухомая клетка (спора) водарасцей і некаторых грыбоў, якая служыць для бясполага размнажэння і рассялення. Утвараецца ў аднаклетачным органе — зоаспарангіі. У адрозненне ад тыповай расліннай клеткі пазбаўлена шчыльнай абалонкі. У многіх водарасцей З., акрамя храматафору, маюць таксама чырв. вочка і пульсуючыя вакуолі. У вадзе З. перамяшчаецца з дапамогай жгуцікаў, якія праз некат. час губляе, утварае шчыльную абалонку і развіваецца ў новы арганізм водарасці ці грыба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЁБЫ (Labosea),
клас прасцейшых. Трапляюцца ў прэсных, саленаватых, марскіх водах, часта ў прыбярэжным пяску, глебе; асобныя паразітуюць у кішэчніку жывёл і чалавека (напр., амёба дызентэрыйная Entamoeda histolytica), выклікаюць амёбіяз.
Цела 15 мкм — З мм, пастаяннай формы не маюць. Перамяшчаюцца з дапамогай часовых вырастаў (псеўдаподыяў). Хуткасць руху 0,5—3 мкм/мін. Маюць ядро, пульсуючую і стрававальную вакуолі. Жывяцца бактэрыямі, водарасцямі, прасцейшымі. Размнажаюцца бясполым спосабам (дзяленнем). У неспрыяльных умовах акругляюцца, укрываюцца 2-слаёвай шчыльнай абалонкай (інцыстуюцца).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛАНТЫ́ДЫЙ КО́ЛІ (Balantidium coli),
прасцейшае атр. роўнараснічных інфузорый. Паразітуе ў тоўстым кішэчніку чалавека, свіней і буйн. раг. жывёлы, узбуджальнік балантыдыязу і каліту. Упершыню выяўлены ў свіней ням. пратазаолагамі Р.Лейкартам і Ф.Штэйнам (1862).
Даўж. цела 30—150, шыр. 20—110 мкм, несіметрычнае, авальнае, укрыта кароткімі раснічкамі. Мае ротавую адтуліну, 2 ядры, 2 скарачальныя вакуолі. Размнажаецца папярочным дзяленнем. Жывіцца рэшткамі ежы ў калавых масах, элементамі крыві, крухмалам, зрэдку асобінамі свайго віду. Утварае цысты, якія з калам выходзяць з кішэчніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ЛЬДЖЫ КО́МПЛЕКС, Гольджы апарат, Гольджы зона,
унутрыклетачны сеткаваты апарат, пастаянная клетачная арганела ўсіх эўкарыятычных клетак. Апісаны італьян. гістолагам К.Гольджы ў 1898. Мае форму сеткі, утворанай дыктыясомамі. У кожнай з іх плоскія цыстэрны, да якіх далучаюцца буйныя вакуолі; па краях цыстэрны расшыраюцца, ад іх ідуць групы дробных пузыркоў. Функцыі Гольджы комплексу: удзел у сакраторнай функцыі клетак у сінтэзе глікапратэідаў і поліцукрыдаў клеткі, у працэсах унутрыклетачнай засваяльнасці. Гольджы комплекс разбураецца пры дзеянні кіслот і растваральнікаў, ліпідаў, некат. ядаў, іанізуючай радыяцыі, мяняецца пры галаданні, траўмах, старэнні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕ́ТАЧНЫ СОК,
вадкасць, што выдзяляецца цытаплазмай жывой расліннай клеткі і запаўняе яе вакуолі. Складаецца з вады і розных рэчываў, звычайна ў выглядзе калоідных раствораў. У спячым насенні і спорах раслін К.с. абязводжваецца, пры прарастанні — абвадняецца. У маладых клетках К.с. менш, чым у старых. Склад К.с. спецыфічны для сям., відаў раслін, залежыць ад умоў вырошчвання, узросту расліны і асобных клетак. У ім ёсць вугляводы (вінаград, груша, цукр. буракі), інулін (вяргіня, тапінамбур), пекціны (цытрусавыя, яблыня), амінакіслоты, дубільныя рэчывы і інш. Афарбоўка К.с. залежыць ад пігментаў. Абумоўлівае асматычныя ўласцівасці і тургар клетак, служыць ёмістасцю для вады, метабалітаў і канчатковых прадуктаў абмену.