«ВА́ДВІЧ»,

прыватнаўласніцкі герб, якім на Беларусі, Украіне, у Літве і Польшчы карысталася каля 20 родаў, у т. л. Адамовічы, Анцэвічы, Барэйшы, Мантыгердавічы, Нарушэвічы, Станкевічы. Шчыт герба вертыкальна падзелены на 2 часткі, дзе змешчаны выявы белай стронгі ў чырв. полі і чырвонай — у белым. Клейнод над прылбіцай 5 страусавых пёраў. Вядомы з пач. 15 ст., у ВКЛ — пасля Гарадзельскай уніі 1413.

Герб «Вадвіч».

т. 3, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРУШЭ́ВІЧЫ,

шляхецкі род герба «Вадвіч» у ВКЛ. Паходзяць ад Наруша, унука літоўскага баярына Мантыгерда (Мантыгірда), родапачынальніка Мантыгірдавічаў. Найб. вядомыя Н.:

Мікалай Ян (?—16.4.1575), староста ваўкавыскі, маркаўскі і мядзельскі, каралеўскі сакратар з 1558, адначасова пісар ВКЛ з 1562, падскарбі земскі з 1566. Адзін з ініцыятараў валочнай памеры ў ВКЛ. Станіслаў (?—1589), кашталян мсціслаўскі з 1580(?), смаленскі з 1588. Крыштоф (каля 1570—1630), лоўчы ВКЛ у 1613—24, падскарбі надворны ў 1615—18 і падскарбі вялікі з 1618, адначасова пісар ВКЛ. Аляксандр Крыштоф (?—21.6.1668), пісар ВКЛ у 1654—58, падканцлер ВКЛ з 1658. Казімір Адам (3.3.1730—4.4.1803), каталіцкі рэліг. дзеяч, езуіт, рэктар Віленскай акадэміі ў 1769—73. Адам Тадэвуш Станіслаў (1733—96), гл. Нарушэвіч А.Т.С.

т. 11, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНТЫГІ́РДАВІЧЫ (Мантыгердавічы),

дзяржаўныя дзеячы і буйныя землеўладальнікі ВКЛ у 14—15 ст. Родапачынальнік — баярын Мантыгірд (Мантыгерд), намеснік полацкі ў 1396. Меў некалькі сыноў і пляменнікаў, з іх ад Наруша пайшоў шляхецкі род Нарушэвічаў. З прамых нашчадкаў Мантыгірда найб. вядомыя:

Пётр (Петраш; каля 1390—1459), сын Мантыгірда. У час заключэння Гарадзельскай уніі 1413 разам з братамі і родзічамі прыняў герб «Вадвіч». Староста падольскі ў 1418, маршалак надворны ў 1422—31, намеснік новагародскі ў 1431, маршалак земскі з 1434. Член рады вял. кн. Жыгімонта Кейстутавіча і Казіміра IV. Атрымаў мястэчкі Іўе ад вял. кн. Казіміра (1444) і Лоск пасля жаніцьбы з дачкой кн. Фёдара Карыбутавіча Ганнай. Пётр Янавіч (мянушка Белы; каля 1440—19?), унук Пятра, намеснік браслаўскі, маршалак надворны ў 1480—82, староста луцкі, маршалак валынскі ў 1487, ваявода трокскі і маршалак земскі з 1491. Неаднаразовы ўдзельнік пасольстваў вял. кн. Аляксандра ў Маскву. Уладальнік Іўя і Лоска, Дубровы і Нядрэзска ў Заслаўскім княстве, Шацка і Цітвы ў Менскім пав., Лахвы на Палессі, Алыкі на Валыні; у 1492 атрымаў Нясвіж. Яго адзіны сын Ян загінуў у бітве на Вядрошы 1500, пасля чаго ўсе маёнткі адышлі да дачкі Соф’і, жонкі Станіслава Кішкі.

В.​Л.​Насевіч.

т. 10, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)