карэта сапраўдная (Eretmochelys imbricata), паўзун сям. марскіх чарапах. Адзіны від роду, 2 падвіды: адзін у Атлантычным ак. і Міжземным м., другі ў Ціхім і Індыйскім акіянах.
Даўж. панцыра 80—90 см. Рагавыя шчыткі панцыра маладых асобін чарапіцападобна налягаюць адзін на адзін, у дарослых спінны шчыт гладкі. Размнажаюцца на сушы. Самкі ў глебу адкладваюць 150—200 яец. Кормяцца малюскамі, асцыдыямі, членістаногімі, водарасцямі. З рагавых шчыткоў бісы — «карэй» (адсюль другая назва) робяць чарапахавыя вырабы; мяса і яйцы выкарыстоўваюць у ежу. Занесена ў Чырв. кнігу МСАП.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСКІ́Я ЧАРАПА́ХІ (Cheloniidae),
сямейства чарапах. 4 роды, 6 відаў. Пашыраны ў трапічных і субтрапічных морах; мігрыруюць на тысячы кіламетраў. Жывуць у вадзе, на сушу выходзяць для адкладкі яец. Усе віды ў Чырв. кнізе МСАП. Найбуйнейшая М.ч. — зялёная, або супавая (Chelonia mydas).
Даўж. яе панцыра да 1,4 м, маса да 400 кг. Панцыр М.ч. невысокі, абцякальнай формы, укрыты рагавымі шчыткамі. Галава і кароткая шыя не поўнасцю хаваюцца пад панцыр. Канечнасці — ласты; пярэднія — веслападобныя з кіпцюркамі, даўжэйшыя за заднія. Хутка плаваюць, глыбока ныраюць. Кормяцца малюскамі, рыбай, водарасцямі. Адкладваюць да 200 яец. Гл. таксама Біса.