БІРС

(Bierce) Амброз Гвінет (24.6.1842, Хорс-Кейв-Крык, штат Агайо, ЗША — 11.1.1914),

амерыканскі пісьменнік. Удзельнік Грамадзянскай вайны ў ЗША 1861—65. У 1870—90-я г. журналіст. Аўтар зб-каў аповесцяў і апавяданняў «Танец смерці» (1877), «Пра вайскоўцаў і цывільных» (1891), «Хіба можа быць такое?» (1893), «Фантастычныя байкі» (1899), у якіх, пад відавочным уплывам Э.По, напружаныя і займальныя сюжэты спалучаў з вытанчаным гумарам, сатыр. з’едлівасцю, песімістычным стаўленнем да жыцця. У багатай эсэістыцы (кн. «Д’яблава зачараванасць», 1872; «Павуцінне ў чэрапе», 1873; «Цень на цыферблаце», 1909; «Слоўнік д’ябла», 1911; «Батальныя накіды», выд. 1930, і інш.) з іроніяй, часам з пэўнай доляй цынізму апавядаў пра сучасныя яму грамадскія з’явы. Некаторыя творы Бірса пераклаў на бел. мову А.Кудраўцаў.

Тв.:

The Collected writings. New York, 1946;

Бел. пер. — Чужынец: Апавяданне // Далягляды. Мн., 1992;

Са «Слоўніка д’ябла»;

Забіты пад Рэсакай: Апавяданне // Крыніца. 1994. № 6 (12);

Рус. пер. — Заколоченное окно: Рассказы и миниатюры. Свердловск, 1989;

Страж мертвеца: Рассказы. М., 1991.

Л.П.Баршчэўскі.

т. 3, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛМА́ЗНЫ СІНДЫКА́Т,

міжнародная манаполія па збыце прыродных і сінтэтычных алмазаў, Засн. ў 1892, аб’ядноўвае ПАР, Заір, Танзанію, Намібію і інш. Кантралюе 60—65% збыту алмазаў. Вядучая роля ў алмазным сіндыкаце належыць кампаніі «Дэ Бірс кансалідэйтэд майнс».

т. 1, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЫЛЬЯ́НТ

(франц. brillant літар. бліскучы),

бездэфектны алмаз, штучна агранены ў выглядзе дзвюх зрэзаных шматгранных пірамід, што максімальна выяўляе яго бляск. «Поўная» брыльянтавая агранка (гл. Агранка) мае 58 плоскіх граняў. Адрозніваюцца масай (вымяраецца ў каратах, 0,2 г), формай (круглая, фантазійная, прамавугольная і інш.), вясёлкавым зіхаценнем колераў у адлюстраваным святле і інш. Каштоўны камень 1-га класа. Брыльянты выкарыстоўваюць у ювелірнай справе. Найбольш вядомыя брыльянты маюць уласныя назвы: «Вялікая Зорка Афрыкі» («Кулінан І») (530,20 кар.), «Нізам» (277 кар.), «Юбілейны» (245,35 кар.), «Арлоў» (189,62 кар.), «Дэ Бірс» (234,50 кар.), «Вікторыя 1880» (228,50 кар.) і інш. Больш за 95% сусветнай вытв-сці брыльянтаў прыпадае на долю Індыі, Ізраіля, Бельгіі, ПАР, ЗША.

В.П.Кісель.

т. 3, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛМА́ЗНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна горнай прам-сці па здабычы і апрацоўцы алмазаў, а таксама вытв-сці сінт. алмазаў.

Апрацоўка алмазаў існуе са старажытнасці. Алмазы былі вядомы ў Індыі з 8—7 ст. да н.э. У пач. 18 ст. яны знойдзены ў Бразіліі, у 1829 — у Расіі (на Урале), у 1866 — у Паўд. Афрыцы. З канца 19 — пач. 20 ст. Афрыка стала асн. алмазаздабыўным рэгіёнам свету. З 1955 пачалася прамысл. здабыча алмазаў у Якуціі. Аульныя запасы алмазнай сыравіны ацэньваюцца больш як у 2 млрд. каратаў (І кар — 200 мг), найб. ў Заіры, ПАР, Батсване, Анголе, Гане, Намібіі, Аўстраліі.

Па здабычы ювелірных алмазаў 1-е месца ў свеце займае Афрыка, каля палавіны тэхн. алмазаў здабываецца ў Аўстраліі. Асн. вытворцы ювелірных алмазаў — Паўд. Афрыка, Батсвана, Расія, Намібія і Ангола. Каля 80% сусв. здабычы алмазаў кантралюе найбуйнейшая ў галіне кампанія «Дэ Бірс кансалідэйтэд майнс». Збыт прыродных алмазаў на сусв. рынку ажыццяўляе манапаліст — Алмазны сіндыкат. Каля 100% ювелірнай сыравіны, якая паступае на рынак, перапрацоўваецца ў брыльянты. Ювелірныя алмазы апрацоўваюцца пераважна ў Амстэрдаме, Тэль-Авіве, Бамбеі, Нью-Йорку. Сінтэтычныя алмазы (памеры 0,01—1,2 мм) вырабляюць Расія і некат. краіны Усх. Еўропы, амер. кампанія «Джэнерал электрык», прадпрыемствы кампаніі «Дэ Бірс», у ПАР, Ірландыі і Швецыі, а таксама японскія, герм. і інш. фірмы. Сучасная штогадовая вытв-сць сінт. алмазаў ацэньваецца ў 150 млн. кар; за іх кошт на 75% забяспечваецца выраб алмазнага інструменту. На Беларусі арг-цыямі ВА «Беларусьгеалогія» вядзецца пошук алмазаў. У 1980—90 выяўлены алмазаносныя кімберліт-лампраітавыя пароды на ПдУ рэспублікі. Знойдзены 3 крышталі алмазаў. На прывазной сыравіне наладжана апрацоўка алмазаў у Гомелі (прадпрыемства «Крышталь»).

т. 1, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)