БЯСКІ́ДЫ,

раз’яднаныя хрыбты ў паўн. ч. Карпат, у Польшчы, Чэхіі, Славакіі і на Украіне. Падзяляюцца на Зах. і Усх. Бяскіды. Даўж. каля 300 м. Выш. да 1725 (г. Бабіна). Складзены пераважна з флішаў. Ад восевай зоны Карпат аддзелены падоўжнымі далінамі і ўтвараюць асобныя плоскавяршынныя масівы з невысокімі пераваламі паміж імі. Букавыя і хвойныя лясы, на вяршынях — лугі (паланіны). Нац. паркі Бабінагорскі і Гарчанскі (Польшча), рэзерват Катліна пад Бабінай Гарой (Славакія).

т. 3, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Бяскі́ды мн. Beskden pl

Беларуска-нямецкі слоўнік (М. Кур'янка, 2010, актуальны правапіс) 

МАЛАПО́ЛЬСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Małopolskie),

адм.-тэр. адзінка на Пд Польшчы. Утворана 1.1.1999. Пл. 15,9 тыс. км². Нас. 3204 тыс. чал. (1999), гарадскога 51%. Адм. цэнтр — г. Кракаў. Найб. гарады: Тарнаў, Новы-Сонч, Новы-Тарг. Паўн. частку М.в. займае Малапольскае ўзв., на ПнЗ — Кракаўска-Чанстахоўскае ўзв., у цэнтры — Асвенцімская і Сандамірская катлавіны, на Пд — Карпаты (Зах. Бяскіды). Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -2 °C, ліп. 19 °C, ападкаў 700—1000 мм за год. Гал. рака Вісла з прытокамі Скава, Раба, Дунаец. Глебы падзолістыя, бурыя, горныя. Лясы займаюць 30% тэрыторыі. Гаспадарка прамысл.-агр. тыпу. Прам-сць: чорная і каляровая металургія, машынабудаванне (цяжкае, электратэхн., радыёэлектроннае), хім. (у т. л. фармацэўтычная), лёгкая, паліграф., дрэваапр. (у т. л. мэблевая), харч., тытунёвая. Вытв-сць буд. матэрыялаў. Здабыча каменнага вугалю, свінцова-цынкавых руд, нафты, каменнай солі, вапнякоў. Пад с.-г. ўгоддзямі 56% тэрыторыі. Вырошчваюць жыта, авёс, ячмень, бульбу, хмель, агародніну. Садоўніцтва. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, птушак. Курорты: Закапанэ (горнакліматычны), Вялічка (бальнеалагічны) і інш.

т. 10, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЬСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Bielskie),

на Пд Польшчы. Мяжуе з Чэхіяй і Славакіяй. Пл. 3704 тыс. км², нас. 906,2 тыс. чал. (1992). Адм. ц.г. Бельска-Бяла. Большая ч. тэрыторыі гарыстая, занятая Карпатамі (Зах. Бяскіды, найб. выш. 1557 м, гара Пільска), на Пн ад іх — Шлёнскае узв. і Асвенцімская катлавіна. Клімат умерана кантынентальны, сярэдняя т-ра студз. ад -4,9 да 2,2 °C, ліп. 14,9—18,2 °C, ападкаў 720—1200 мм за год. Гал. рэкі — Вісла з прытокамі Сола і Скава. Глебы пераважна малаўрадлівыя горныя, месцамі трапляюцца буразёмы. Лясы займаюць 37% тэрыторыі, найб. захаваліся ў Зах. Бяскідах. У гаспадарцы пераважае прам-сць, значная роля турызму. Найб. развіты машынабудаванне (транспартнае, у т. л. аўтамаб.), тэкст., хім., гарбарная, футравая, дрэваапр., папяровая, харч. (піваварная, цукровая), энергет. прам-сць. Найб. прамысл. цэнтры: Бельска-Бяла, Асвенцім, Цешын, Андрыхаў, Жывец, Кэнты, Хэлмек, Скочаў, Вадавіцы. Пад с.-г. ўгоддзямі 49% тэрыторыі. Вырошчваюць бульбу, пшаніцу, ячмень, цукр. буракі, каля гарадоў — агародніну. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак. Цэнтры турызму і адпачынку (Вісла, Шчырк, Устрань з Яшоўцам, Завоя).

т. 3, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДКАРПА́ЦКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Podkarpackie),

адм.-тэр. адзінка на ПдУ Польшчы. На У мяжуе з Украінай, на Пд са Славакіяй. Створана 1.1.1999. Пл. 17,6 тыс. км². Нас. 2,1 млн. чал. (1999), гарадскога 40%. Адм. цэнтр — г. Жэшаў. Найб. гарады: Пшэмысль, Тарнобжаг, Кросна. Паўн. ч. ваяводства займае Сандамірская катлавіна, паўд. — перадгор’і Карпат, Нізкія Бяскіды і Бяшчады (выш. да 1346 м). Клімат умераны. Сярэдняя т-ра студз. ад -3 °C да -6 °C (у гарах), ліп. ад 18 °C да 16 °C, ападкаў 600—1200 мм за год. Гал. р. Вісла з прытокам Сан. Глебы на Пн падзолістыя, на Пд горныя, ёсць бурыя і чарназёмныя. Пад лесам каля 35% тэрыторыі (Бяшчадскі нац. парк і Сандамірская пушча). Гаспадарка прамысл.-аграрная. Прам-сць: маш буд. (аўтамаб., авіяц., станкабуд., электратэхн., чорная металургія, хім., харч., дрэваапр., буд. матэрыялаў. Здабыча серы, прыроднага газу, нафты. С.-г. ўгоддзі займаюць 55% тэрыторыі. Вырошчваюць пшаніцу, жыта, сланечнік, бульбу, авёс, кармавыя культуры. Садоўніцтва, агародніцтва. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, птушак. Турызм (Бяшчады), курорты (Рыманаў, Івоніч-Здруй).

т. 11, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРПА́ТЫ,

горная сістэма на У Цэнтр. Еўропы. Размешчана на тэр. Румыніі (каля 56% паверхні), Чэхіі і Славакіі (20%), Украіны (каля 10%), Польшчы (9,3%), Венгрыі (4,4%) і Аўстрыі (0,3%). Цягнецца дугой, адкрытай на З, ад Дзевінскіх Варот у наваколлі Браціславы да Жалезных Варот на Дунаі. Даўж. 1500 км, шыр. 100—300 км, найб. да 430 км на ПдУ. Паверхня К. разам з перадгор’ямі займае каля 190 тыс. км², з якіх 105 тыс. км² размешчана вышэй за 500 м; сярэдняя выш. каля 1000 м, найб. 2655 м (г. Герлахаўскі Шціт у Татрах). К. — адзін з гал. водападзелаў Еўропы паміж Балтыйскім і Чорным морамі. Складаюцца з кулісападобна размешчаных горных масіваў і хрыбтоў, расчлянёных падоўжнымі і папярочнымі далінамі рэк. Араграфічна вылучаюцца Заходнія Карпаты, Усходнія Карпаты (ч. іх наз. Украінскія К.), Бяскіды, Паўднёвыя Карпаты, Заходнія Румынскія горы і Трансільванскае плато. Уздоўж вонкавага боку дугі К. цягнецца паласа перадгор’яў, шыр. да 40—60 км. Ва ўнутранай ч. Карпацкай дугі знаходзіцца Вял. Венгерская нізіна. У К. пашыраны карставыя раёны, складзеныя з вапнякоў і даламітаў, якія асабліва ярка выражаны ў масівах Славацкі Крас, Хэгімаш, Аніна. Ва Усх. К. на нізкагор’ях участкі з гліністым і саляным карстам і актыўна дзеючымі гразевымі вулканамі.

К. ўваходзяць у склад альпійскай геасінклінальнай вобласці (гл. таксама Карпацкая складкавая вобласць). Утварыліся ў неаген-антрапагенавы перыяд. У фарміраванні рэльефу пасля гораўтваральнай стадыі асн. ролю адыгрывалі неатэктанічныя рухі, рачная эрозія, плейстацэнавыя ледавікі, схілавыя і карставыя працэсы. Вонкавы пояс перадкарпацкіх прагінаў складзены пераважна з флішу (пясчанікі, кангламераты, гліністыя сланцы). Цэнтр. (восевы) пояс утвораны пераважна з крышт. парод, вапнякоў, дзе знаходзяцца найб. высокія хрыбты (Татры, Фэгэраш і інш.) са слядамі стараж. зледзянення. Унутр. пояс прадстаўлены ў асн. вулканічнымі масівамі. Радовішчы нафты і газу, каменнага і бурага вугалю, каменнай і калійнай солей, серы, каляровых і рэдкіх металаў, мінер. вод і інш.

Клімат К. умераны, пераходны ад марскога да кантынентальнага. Сярэдняя т-ра студз. ад -2 °C на Пд да -5 °C на Пн, на высокіх вяршынях да -10 °C. Ва ўнутр. упадзінах зімой назіраюцца тэмпературныя інверсіі. Сярэдняя т-ра ліп. ад 17 °C на Пн да 20 °C на Пд; у верхнім поясе гор зніжаецца да 4 °C. Гадавая колькасць ападкаў у перадгор’ях 600—800 мм на вонкавым баку дугі Усх. і Паўд. К. і 900—1000 мм у Зах. Румынскіх гарах і Зах. К. У высакагорным поясе сума ападкаў павялічваецца да 1200—1400 мм на Пд і 1800—2000 мм на ПнУ. Максімум ападкаў выпадае летам. Снежнае покрыва ў перадгор’ях трымаецца 2—3 месяцы, у высокіх гарах — 5—7 месяцаў і больш. Рэкі бас. Віслы і Одры ахопліваюць б.ч. паўн. схілаў і ўпадаюць у Балтыйскае м. Большасць рэк належаць да бас. р. Дунай, рэкі паўн.-ўсх. схілаў — да бас. р. Днестр, якія ўпадаюць у Чорнае м. Для рэк К. характэрны ваганні ўзроўню вады (да 5 м) вясной і ў пачатку лета; маюць вял. запасы гідраэнергіі. Азёры ў высакагор’і займаюць днішчы стараж. караў. Глебы пераважна горна-падзолістыя, у катлавінах — бурыя. Расліннасць размеркавана адпаведна вышыннай пояснасці: да 600—750 м шыракалістыя лясы (дуб, граб, бук), да выш. 1200—1400 м мяшаныя лясы (бук, піхта); хвойныя лясы (у асноўным з елкі) падымаюцца да 1500—1600 м ка Пн і 1700—1800 м на Пд. Вышэй лясоў размешчаны: субальпійскія зараснікі крывалесся (хваёвы сланік, ядловец у Зах. К. і вольха ва Усх. К.); альпійскія лугі (паланіны) ці пояс фрагментарнага развіцця альпійскіх лугоў (да выш. 2300—2400 м) з альпійскім разнатраўем і зараснікамі рададэндрану і карлікавай вярбы; востраканцовыя скалістыя вяршыні субнівальнай зоны пераважна без расліннасці. Жывёльны свет: алень, казуля, дзік, воўк, мядзведзь, рысь, лясны кот і інш. Для аховы прыроды ўтворана шмат заказнікаў і некалькі нац. паркаў. Самы вял. з іх у Татрах на тэр. Польшчы і Славакіі. Найб. густанаселены перадгор’і і ўнутрыгорныя катлавіны. Верхняя мяжа пасяленняў даходзіць да 800 м (макс. да 1300 м). Важнае значэнне маюць лясы як рэсурсы для вытв-сці драўніны. У сельскай гаспадарцы пераважае жывёлагадоўля (у асноўным авечкагадоўля). Земляробствам займаюцца ў міжгорных∙ катлавінах і на схілах да выш. 600—1000 м. праз К. ўздоўж далін рэк і на перавалах праходзяць камунікацыйныя лініі. Турыстычны раён. Цэнтры турызму і курорты на базе крыніц з мінер. вадой.

А.​Ф.​Санько, Т.​Каліцкі.

Да арт. Карпаты. Высокія Татры, даліна Спішскіх азёр.

т. 8, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)