БЯРБЕ́РАЎ (Хрыста Хрыстаў) (28.8.1935, Сафія — 23.12.1967),

балгарскі публіцыст, перакладчык. Скончыў Маскоўскі ун-т (1959). Першы ў Балгарыі пачаў перакладаць бел. прозу з арыгінала. На балг. мову пераклаў некаторыя вершы А.​Куляшова («Выбраныя вершы і паэмы», Сафія, 1963, разам з Н.​Вылчавым), П.​Броўкі, раман І.​Шамякіна «Сэрца на далоні» (Сафія, 1965). У анталогіі «Беларускія апавяданні» (1968) у яго перакладзе змешчаны творы 29 бел. аўтараў. Пераклады Бярберава вызначаюцца высокім маст. узроўнем.

т. 3, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Бярбераў Х. 12/676

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛІЦВІ́НЫ»,

бел. фальклорны гурт. Засн. ў 1991 у Мінску. Арганізатар і кіраўнік У.​Бярбераў. Уключае 9 вакалістаў і інструменталістаў. Яго дзейнасць адметная шырокім выкарыстаннем і прапагандай стараж. інструментаў, у т. л. дуды, цымбалаў маладзечанскай і вілейскай традыцый, пецярбургскага 3-раднага гармоніка, зах.-бел. скрыпкі, паляшуцкай дудкі і інш. Гурт выкарыстоўвае аўтэнтычныя строі і распрацоўвае новыя ў дакладных рэгіянальных традыцыях. У рэпертуары ансамбля апрацоўкі бел. нар. песень, абрадавая і танц. нар. музыка (большасць твораў запісана ўдзельнікамі гурта), гучанне якіх вызначаецца своеасаблівым «вясковым» каларытам. Гурт выпусціў 4 аўдыёальбомы на касетах і кампакт-дысках (больш за 80 твораў, 1992—99), 2 песні ў яго выкананні змешчаны у зб-ку музыкі Усх. Еўропы (1997; ЗША). Калектыў — удзельнік III (Браціслава, 1995) і IV (Магілёў, 1997) Сусв. цымбальных кангрэсаў, прызёр шэрагу фестываляў. Збор запісаў у выкананні «Л.» захоўваецца ў фондах Нац. б-кі Рэспублікі Беларусь.

т. 9, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)