БЯНЁЎСКІ (Beniowski) Маўрыцы Аўгуст
(1746?, Вербаў, Славакія — 23.5.1786),
польскі падарожнік і мемуарыст. З венг. шляхецкай сям’і. Выхоўваўся ў Венскай ваен. акадэміі, вывучаў марскую справу ў Гамбургу. З 1768 у Польшчы, падтрымліваў сувязі з удзельнікамі Барскай канфедэрацыі. У 1770 трапіў у рас. палон, сасланы на Камчатку. У 1771 арганізаваў бунт ссыльных і на захопленым караблі дабраўся да Макао (Аамынь). З 1772 у Францыі, у 1773 адпраўлены на в-аў Мадагаскар з мэтай заснаваць там франц. калонію. Абраны жыхарамі ўладаром часткі вострава, але ў 1776 пакінуў яго. У 1778 на службе ў аўстр. арміі. Неаднаразова падарожнічаў у Амерыку, удзельнічаў у вайне за незалежнасць у Паўн. Амерыцы. У 1784 арганізаваў экспедыцыю на Мадагаскар, дзе збіраўся заснаваць уласную дзяржаву. Забіты ва ўзбр. сутычцы з французамі. Вёў дзённік, стылізаваны пад авантурны раман.
Літ.:
Давидсон А.Б., Макрушин В.А. Зов дальних морей. М., 1979. С. 143—202;
Orłowski L. Maurycy August Beniowski. Warszawa, 1961;
Sieroszewski A. Maurycy Beniowski w literackiej legendzie. Warszawa, 1970;
Kajdański E. Tajemnica Beniowskiego: Odkrycia, intrygi, fałszerstwa. Warszawa, 1994.
Н.К.Мазоўка.
т. 3, с. 406
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́НСКАЯ (Glińska) Тэафіля
(сапр. Букатова; 1762 ці 1763, в. Вял. Косічы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 23.10.1799),
польская паэтэса. Некаторы час жыла ў Шчорсах (Навагрудскі р-н). Яе творчасць развівалася ў рэчышчы сентыменталізму. Аўтар апісальнай паэмы «Шчорсы» (1784), вершаванага пералажэння фрагмента рамана Ж.Ф.Мармантэля «Інкі, або Знішчэнне Перу» («Перуанскія гімны смерці», 1785). Ёй прыпісваюць таксама не зусім дакладны пераклад драмы А. фон Кацэбу «Бянёўскі».
Літ.:
Mikulski T.T. Glińska // Mikulski T. Ze studiów nad oświeceniem. Warszawa, 1956.
В.В.Саладоўнікаў.
т. 5, с. 297
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)