БЫКО́ЎСКІ

(Bykowski) Якса Пётр (31.1.1823, с. Якушынцы Вінніцкай вобл., Украіна — 3.6.1889),

польскі пісьменнік, збіральнік і даследчык бел. нар. песень і абрадаў. Скончыў Кіеўскі ун-т (1843). З 1858 жыў у Камянцы, з 1866 у Варшаве. Аўтар аповесцяў пра мінулае польск. шляхты. У працы «Абрадавыя песні рускага насельніцтва з ваколіц Пінска» (1878) апісаў куставы і вясельны абрад на Піншчыне, апубл. сямейна-, каляндарна-абрадавыя і пазаабрадавыя бел. нар. песні.

А.Ф.Літвіновіч.

т. 3, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫКО́ЎСКІ Міхаіл Дарымядонтавіч

(10.11.1801, Масква — 21.11.1885),

рускі архітэктар. Акадэмік архітэктуры (1831). Вучыўся ў Дз.І.Жылярдзі (з 1816). Выкладаў у Маскоўскім палацавым арх. вучылішчы (з 1836 яго дырэктар), у 1844 арганізаваў маст. класы (пазней Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства). Працаваў у стылі позняга класіцызму: будынкі біржы (1836—39) і Гарыхвостаўскай багадзельні (1839) у Маскве, у стылі несапраўднай готыкі — ансамбль сядзібы Марфіна пад Масквой (1837—38). Аўтар шэрагу культавых збудаванняў у Маскве і Пецярбургу. Адзін з першых прадстаўнікоў навук. рэстаўрацыі.

т. 3, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫКО́ЎСКІ Валерый Фёдаравіч

(н. 2.8.1934, г. Паўлаўскі Пасад Маскоўскай вобл.),

савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1963, 1976), лётчык-касманаўт СССР (1963). Скончыў Качынскае ваен. авіяц. вучылішча лётчыкаў (1955), Ваенна-паветр. інж. акадэмію імя М.Я.Жукоўскага (1968). З 1960 у атрадзе касманаўтаў. 14—19.6.1963 здзейсніў палёт на касм. караблі «Усход-5» адначасова з палётам В.У.Церашковай на касм. караблі «Усход-6», 15—23.9.1976 з У.В.Аксёнавым — на касм. караблі «Саюз-22», 26.8—3.9.1978 з З.Енам (касманаўт б. ГДР) — на караблі «Саюз-31» і арбітальным комплексе «Салют-6» — «Саюз-29». У космасе правёў 20,7 сут.

т. 3, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫКО́ЎСКІ Іаан

(царк. Іаіль; 1707, Мінскае ваяв.жн. 1798),

бібліяфіл, царк. дзеяч. Меў шырокую свецкую і царк. адукацыю. Працаваў на Міншчыне, Чарнігаўшчыне, дзе вывучаў гісторыю Кіеўскай Русі. Ведаў шмат моў. У 1776—87 архімандрыт Спаса-Яраслаўскага манастыра, рэктар духоўнай семінарыі ў Яраслаўлі. Сабраў каштоўную б-ку. У ліку манускрыптаў меў «Слова пра паход Ігаравы», які прадаў А.І.Мусіну-Пушкіну. Некаторыя даследчыкі прыпісваюць Быкоўскаму магчымае аўтарства «Слова...». Аўтар кнігі-трактата пра ісціну (1787).

Літ.:

Моисеева Г.Н. Спасо-Ярославский хронограф и «Слово о полку Игореве». 2 изд. Л., 1984;

Каханоўскі Г.А. Адчыніся, таямніца часу: Гіст.-літ. нарысы. Мн., 1984.

Г.А.Каханоўскі.

т. 3, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫКО́ЎСКІ Ігнацій Якса

(1750, в. Пяцеўшчына Мінскага р-на — 1819),

філосаф, пісьменнік, перакладчык. Пісаў на польскай мове. Вучыўся ў езуітаў у Мінску, з 1765 у піяраў у Віцебску разам з паэтам Ф.Д.Князьніным. У 1772—75 служыў у рус. арміі, ваяваў супраць туркаў. Пасля 1778 жыў у в. Воўчын (Камянецкі р-н), у Мінску, в. Хільчыцы (Жыткавіцкі р-н). У філас. трактатах «Праблема, прапанаваная для вырашэння...» (Мн., 1790), «Сялянскі роздум» (Вільня, 1799) у духу франц. Асветніцтва ўзняты этычныя і эстэт. пытанні. Асобныя палажэнні сугучныя з ідэямі франц. матэрыялістаў. Выдаў «Верш на імператара Паўла...» (Вільня, 1799). Як пісьменнік-сентыменталіст сфарміраваўся пад уплывам Князьніна, Ф.Карпінскага, з якімі сябраваў, а таксама С.Геснера і Э.Юнга. Аўтар паэт. зб-каў «Вясковыя вечары» (ч. 1—2, 1787—88), «Вершы» (1798), паэмы «Вясковыя ночы» (1788), аповесці «Клаўдзіна» (1799), успамінаў «Жыццё Ігнація Быкоўскага...» (1806) і інш. Асветніцкім гуманізмам прасякнуты твор Быкоўскага «Жыццё Зараастра, ці Паходжанне гвебраў». У трагедыі «Саул» асуджаў жорсткасць і амаральнасць некаторых персанажаў Бібліі. Паэтычна-экзістэнцыяльным жалем аб загубленым жыцці прасякнуты радкі аўтабіяграфіі Быкоўскага «Жыццё...» (засталася ў рукапісе). Пераклаў на польск. мову творы А.Сумарокава («Мсціслаў», 1788), Вальтэра, Ж.Мармантэля і інш. Выдаў некаторыя арыгінальныя і перакладныя кнігі: «рускі раман» А.Канстана д’Арвіля «Эма і Лемазаў» (Гродна, 1787), «Батмендзі, персідская аповесць» К.Фларыяна (Мн., 1790), «Сцежка да шчасця, мала каму вядомая» (Гродна, 1803) і інш.

Літ.:

Дорошевич Э.К. Философия эпохи Просвещения в Белоруссии. Мн., 1971;

Mikulski T. Ze studiów nad Oswieceniem. Warszawa, 1956. S. 461—516.

А.В.Мальдзіс, Э.К.Дарашэвіч.

т. 3, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

мо́днік, ‑а, м.

Разм. Той, хто ва ўсім прытрымліваецца моды; франт. Мяне асабліва цікавіў .. [гаспадар], бо глядзеў з партрэта на нас у капялюшыку набакір. Ну, ці ж гэта не моднік, не купалаўскі пан Быкоўскі? Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)