БУТЭ́НЫ, бутылены,

ненасычаныя вуглевадароды агульнай формулы C4H8. Існуюць 3 структурныя ізамеры: нармальны бутэн-1 (α-бутылен), CH2=CH—CH2—CH3; нармальны бутэн-2 (β-бутылен, псеўдабутылен), CH—CH=CH—CH3 (мае транс- і цыс-формы); ізабутэн (ізабутылен), (CH3)2C=CH2.

Бясколерныя газы з рэзкім, непрыемным пахам tкіп ад -6,90 °C да 3,72 °C. Добра раствараюцца ў многіх арган. растваральніках і вельмі дрэнна ў вадзе. Сумесі з паветрам (1,7—9% бутэны) выбухованебяспечныя. Маюць усе ўласцівасці алкенаў. У прам-сці вылучаюць з бутан-бутыленавай фракцыі газаў крэкінгу нафты. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці бутадыену, бутылкаўчуку, ізаактану, замазак і інш. Бутэны раздражняюць слізістыя абалонкі вачэй і дыхальных шляхоў, ГДК 150 мг/м³.

т. 3, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗАБУТЫЛЕ́Н,

гл. ў арт. Бутэны.

т. 7, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУТАДЫЕ́Н, бутадыен-1,3, дывініл,

ненасычаны вуглевадарод CH2=CH—CH=CH2. Упершыню атрыманы з сівушнага алею франц. хімікам Ж.​Б.​Каванту (1862). Бясколерны газ з непрыемным пахам, tкіп — 4,47 °C, шчыльн. вадкага 621,1 кг/м³ (20 °C), добра раствараецца ў бензоле, эфіры. Гаручы, т-ра самазгарання 415 °C, сумесь з паветрам (1,1—12,5% бутадыёну) выбухованебяспечная. Лёгка полімерызуецца і суполімерызуецца. У прам-сці атрымліваюць дэгідрагенізацыяй нафтапрадуктаў, якія маюць нармальныя бутан і бутэны. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці сінт. каўчукоў. Раздражняе слізістыя абалонкі вачэй і дыхальных шляхоў, ГДК 100 мг/м³.

т. 3, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕНАСЫ́ЧАНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,

арганічныя злучэнні, у малекулах якіх некалькі атамаў вугляроду злучаны кратнымі сувязямі. Да Н.з. адносяцца ацыклічныя і цыклічныя (гл. Аліцыклічныя злучэнні) вуглевадароды з адной падвойнай (алкены і цыклаалкены), ці патройнай (алкіны і цыклаалкіны), з 2 падвойнымі (гл. Дыенавыя вуглевадароды), з падвойнай і патройнай сувязямі (напр., вінілацэтылен), з некалькімі падвойнымі і (ці) патройнымі сувязямі ў малекуле (паліены, палііны), а таксама іх функцыян. вытворныя. Асобная група Н.з. — араматычныя злучэнні. Усе Н.з. лёгка ўступаюць у рэакцыі далучэння па кратных сувязях.

Найпрасцейшыя Н.з. — алкены (алефіны, этыленавыя вуглевадароды) утвараюць гомалагічны рад агульнай ф-лы CnH2n, першы член якога — этылен. Алкены, пачынаючы з бутылену, маюць ізамеры, у т. л. геам. (гл. Геаметрычная ізамерыя). Ніжэйшыя члены рада з 2—4 атамамі вугляроду ў малекуле: этылен, прапілен, бутэны — газы, з 5—18 атамамі — бясколерныя вадкасці, вышэйшыя — цвёрдыя рэчывы. Алкіны (ацэтыленавыя вуглевадароды) утвараюць гомалагічны рад агульнай ф-лы CnH2n−2, першы член якога — ацэтылен. Цыклаалкіны ўстойлівыя пры наяўнасці ў малекуле 8 і больш атамаў вугляроду. Атрымліваюць ненасычаныя вуглевадароды пераважна шляхам дэструктыўнай тэрмічнай і тэрмакаталітычнай перапрацоўкі нафтагазавай сыравіны (гл. Крэкінг, Піроліз). Выкарыстоўваюць як сыравіну ў вытв-сці пластмас, каўчуку, мыйных сродкаў, фарбавальнікаў і інш.

Ю.​Р.​Егіязараў.

т. 11, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)