БУРЛЮ́К (Давід Давідавіч) (21.7.1882, хутар Семіратоўшчына Лебядзінскага пав. Харкаўскай губ. — 15.1.1967),

рускі паэт і мастак. Адзін з першых рус. футурыстаў (гл. Футурызм), арганізатар групы кубафутурыстаў. У 1902—03 вучыўся ў Мюнхенскай каралеўскай акадэміі (мастацтваў), у 1910—14 — у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства. У 1913—14 разам з У.​У.​Маякоўскім і В.​В.​Каменскім удзельнічаў у турнэ футурыстаў па Расіі. З 1920 жыў у Японіі, з 1922 — у ЗША, дзе займаўся пераважна мастацтвам. Пачаў друкавацца ў 1899. Аўтар зб-каў вершаў «Хвост, які лысее» (1919), «Вершы і біяграфія. Да 25-годдзя маст.-літ. дзейнасці (1898—1923)» (1924), «1/2 стагоддзя» (1932), «Талстой. Горкі. Паэмы» (1929) і інш., кн. прозы «Па Ціхім акіяне» (1927) і ўспамінаў «Маякоўскі і яго сучаснікі» (1932).

т. 3, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Бурлюк Д. 11/6

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

«БУБНО́ВЫ ВАЛЕ́Т»,

выстаўка (1910), а потым (да 1917) аб’яднанне маскоўскіх жывапісцаў, якія адмаўлялі традыцыі акадэмізму, рэалізму 19 ст. і містычнага сімвалізму. Назву «Бубновы валет» (ад стараж. франц. выразу «бубновы валет» — ашуканец, махляр) прыдумаў ініцыятар выстаўкі М.​Ларыёнаў. У аб’яднанне ўваходзілі: Д.​Бурлюк, Н.​Ганчарова, П.​Канчалоўскі, А.​Купрын, А.​Лянтулаў, К.​Малевіч, І.​Машкоў, Р.​Фальк, А.​Экстэр і інш., творчасць якіх была адметная пошукамі ў духу зах.-еўрап. постімпрэсіянізму.

Літ.:

Золотой век художественных объединений в России и СССР (1820—1932): Справ. СПб., 1992.

т. 3, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУЧЫ́ЗМ, прамянізм,

кірунак у рус. авангардным жывапісе пач. 20 ст. Узнік у 1909 пасля экспазіцыі на выстаўцы Маскоўскага т-ва свабоднай эстэтыкі карціны М.Ларыёнава «Шкло». У 1910—14 да метаду Л. далучыліся Д.Бурлюк, У.​Бурлюк, Н.Ганчарова, К.​Зданевіч і інш. Сутнасць Л. выкладзена ў 1911 у аднайм. маніфесце Ларыёнава (апубл. ў 1913). Мастакі ставілі за мэту вывесці карціну па-за прастору і час у «чацвёртае вымярэнне» і сцерці межы паміж карціннай плоскасцю і натурай. У творах лучыстаў выяўляўся не сам прадмет, а адбітыя ад яго паверхні светлавыя промні, якія ўмоўна перадаваліся на плоскасці карціны каляровымі лініямі. Іх танальнасць і інтэнсіўнасць павінны былі надаваць сэнс новым формам.

Літ.:

Ларионов М. Лучизм. М., 1913;

Неизвестный русский авангард в музеях и частных собраниях. М., 1992.

М.​Каранеўская.

т. 9, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)