Бургунды 2/600; 3/240; 5/509; 11/317
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БУРГУ́НДЫ,
племя ўсходніх германцаў. У першыя ст. н.э. прыйшлі з Балт. мора на Рэйн. У 406 засн. каралеўства з цэнтрам у Вормсе (у 436 знішчана гунамі). У 457 занялі басейн р. Рона, дзе заснавалі дзяржаву з цэнтрам у Ліёне. У 6 ст. прынялі каталіцтва. У 534 падпарадкаваны франкамі. Пазней увайшлі ў склад паўд.-франц. народнасці.
т. 3, с. 348
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТАЛАУ́НСКІЯ ПАЛІ́,
раўніна ў Паўн.-Усх. Францыі (каля г. Каталаунум, сучасны г. Шалон-сюр-Марн), дзе ў чэрв. 451 адбылася буйная бітва ў час Вялікага перасялення народаў. Рым. войскі на чале з Аэцыем і іх саюзнікі (вестготы, бургунды, франкі, аланы і інш.) разбілі аб’яднаныя сілы гунаў, остготаў, гепідаў і інш. плямён на чале з Атылам. Бітва на К. п. спыніла нашэсце гунаў у Зах. Еўропу.
т. 8, с. 169
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРМА́НЦЫ старажытныя,
вялікі саюз плямён індаеўрап. моўнай групы ў паўн.-зах. частцы Еўропы. Займалі тэр. паміж Паўночным і Балтыйскім морамі, Рэйнам, Дунаем і Віслай, а таксама Паўд. Скандынавію. Паводле пісьмовых крыніц вядомы з 1 ст. да н.э. Ю.Цэзар у «Запісках пра Гальскую вайну» (каля 50 г. да н.э.) вылучыў германцаў як асобную этнічную групу і падрабязна апісаў іх побыт. Найб. старажытная з вядомых археал. культур германцаў — культура Ясторф на ніжняй Эльбе і ў Ютландыі (7 ст. да н.э.). Вылучаюць групы германцаў: паўн. (хаўкі, англы, варны, фрызы, гаўты, свіёны), зах. (свевы, маркаманы, квады, лангабарды, семноны) і ўсх. (вандалы, бургунды, готы, гепіды). Іх асн. занятак — земляробства і жывёлагадоўля. У 4—6 ст. германцы адыгралі значную ролю ў Вялікім перасяленні народаў, адным з вынікаў якога было ўтварэнне на частцы тэр. Рымскай імперыі т.зв. варварскіх каралеўстваў. На тэр. Беларусі выяўлены могільнікі вельбарскай культуры, пакінутыя готамі і роднаснымі ім гепідамі. Лінгвістамі выяўлена генетычная сувязь і ўзаемапранікненне герм. і славянскіх моў. Пэўную ролю вікінгі (нарманы, варагі) адыгралі ў гісторыі Кіеўскай дзяржавы (гл. Нарманская тэорыя). Стараж.-бел. граматы 13—14 ст. адлюстроўваюць гандл. зносіны паўн. гарадоў Беларусі з ням. насельніцтвам Рыгі і Гоцкага берага.
Літ.:
История Европы с древнейших времен до наших дней. Т. 1. Древняя Европа. М., 1988. С. 594—605.
т. 5, с. 192
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАВА́НС (Provence),
гістарычная вобласць на ПдУ Францыі, на ўзбярэжжы Міжземнага м., пераважна ў Франц. Альпах. Уключае дэпартаменты Бушдзю-Рон, Вар, Ваклюз, Верхнія Альпы, Альпы Верхняга Праванса, Прыморскія Альпы. Пл. 31,8 тыс. км². Нас. каля 4 млн. чал. (2000), больш за 80% пражывае ў гарадах. Гал. горад Марсель, найважн. прамысл. цэнтры — Ніца, Тулон, Авіньён. Пераважае горны рэльеф. Клімат умераны (у гарах), міжземнаморскі (на ўзбярэжжы). Прамысл. раён са значнай роллю курортнай справы і турызму. Гал. галіны прам-сці: маш.-буд., нафтаперапр., нафтахім., тэкст., харч., чорная металургія. Здабыча баксітаў, солі з марской вады, бурага вугалю. Лесанарыхтоўкі. ГЭС на горных рэках. У горнай частцы пераважае жывёлагадоўля (авечкі і козы), на ўзбярэжжы — субтрапічнае пладаводства і вінаградарства, агародніцтва і кветкаводства, вырошчванне алівак, эфіраалейных культур, пасевы пшаніцы; дэльта р. Рона — асн. раён рысаводства ў Францыі. П. — пастаўшчык ранняй агародніны і фруктаў для інш. раёнаў краіны. На У гал. курортны раён краіны — Блакітны бераг (Рыўера).
У 6 ст. да н.э. на тэр. сучаснага П. заснаваны грэч. калоніі. У 2 ст. да н.э. заваяваны рымлянамі, якія ўтварылі тут сваю правінцыю (адсюль назва П.). У 5—6 ст. н.э. на П. нападалі вестготы, бургунды, остготы. У 536 далучаны да каралеўства франкаў. У 855—863 самастойнае каралеўства. З 879 у складзе каралеўства Ніжняя Бургундыя, з 933 — графства ў Аб’яднаным Бургундскім каралеўстве. У 1113—1246 належаў графам Барселонскім, у 1246—1481 — Анжуйскай дынастыі. У 1481 далучаны да Францыі з захаваннем правінцыяльнай аўтаноміі, якая паступова ўразалася каралеўскай уладай. У час гугеноцкіх войнаў 16 ст. насельніцтва П. (акрамя Марселя) падтрымлівала гугенотаў. У 17 ст. на тэр. правінцыі адбываліся буйныя паўстанні (у 1631 у Эксе, у 1644 у Марселі і Арлі). Пасля задушэння паўстання ў 1660 у Марселі б.ч. прывілеяў скасавана. У час Франц. рэвалюцыі 1789—99 падзелены на дэпартаменты.
т. 12, с. 526
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)