БРУ́ГЕ

(флам. Brugge, франц. Bruges),

горад на ПнЗ Бельгіі. Адм. ц. правінцыі Зах. Фландрыя. 116,7 тыс. ж. (1993). Трансп. вузел; марскі (суднаходнымі каналамі звязаны з аванпортам на Паўн. моры г. Зебруге) і рачны порт. Гандаль нафтай, вугалем, жал. рудой, рыбай і інш. Металаапрацоўка, машынабудаванне (суднабудаванне і рамонт, аўтазборка, выраб тэлевізараў), хім., тэкст., мэблевая, харчасмакавая прам-сць; традыцыйная вытв-сць карункаў. Цэнтр турызму. Музей нідэрл. мастацтва. Муніцыпальная маст. галерэя.

Упершыню ўпамінаецца ў 7 ст. У 9 ст. тут пабудаваны замак графаў Фландрскіх, з канца 11 ст. — іх рэзідэнцыя. Цэнтр антыфранц. паўстання 1302 (гл. «Бругская ютрань»). У 13—15 ст. адзін з цэнтраў міжнар. крэдытных аперацый, узначальваў т.зв. Лонданскую ганзу фландрскіх купцоў, тут знаходзілася іх самая буйная факторыя, цэнтр вытв-сці сукна з англ. воўны.

Арх. своеасаблівасць гораду, які называюць Паўночнай Венецыяй, надаюць старадаўнія вузкія дамы, цэрквы і вежы, шматлікія каналы з выгнутымі мастамі. На пл. Гротэ-маркт размешчаны Суконныя рады (1248—1364) з гар. вежай (1283—1482), на пл. Бург — ратуша (1376—1421) і капэла Святой крыві (каля 1480). Сярод цэркваў — сабор Сінт-Салватор (12—18 ст.), Онзе-ліве-Враўэкерк (1210—1549; з «Мадоннай» Мікеланджэла, бронзавымі грабніцамі Марыі Бургундскай і Карла Смелага, 16 ст.). У Суконных радах, доме Грутхусе (1420—70), прытулку Потэры (1276) — музеі нідэрл. мастацтва, у зале капітула (1685) шпіталя Сінт-Янс — музей Г.Мемлінга.

т. 3, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Бру́ге нескл. м. Brǘgge n -s

Беларуска-нямецкі слоўнік (М. Кур'янка, 2010, актуальны правапіс) 

Bruges

[bru:ʒ]

г. Бру́ге

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

Brugia

ж. г. Бруге

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

АЛЬБЕ́РТ II (Albert)

(н. 6.6.1934, Брусель),

бельгійскі кароль з 1993. Скончыў ваенна-марское вучылішча ў г. Бруге, камандор ВМС. У канцы 2-й сусв. вайны дэпартаваны ў Германію, у 1950 вярнуўся ў Бельгію. Да жн. 1993 прынц, пасля смерці старэйшага брата Бадуэна — кароль (6-ы). Ганаровы прэзідэнт Нац. алімпійскага к-та.

т. 1, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́ВІД (David) Герард

(каля 1460—70, Аўдэватэр, каля г. Гаўда, Нідэрланды — 13.8.1523),

нідэрландскі жывапісец. Працаваў пераважна ў г. Бруге. Яго творы паўтаралі асн. кампазіцыйныя схемы нідэрл. жывапісу 15 ст., у той жа час адметныя мяккасцю і сакавітасцю жывапіснай манеры, майстэрствам перадачы асвятлення, паэтычнасцю пейзажных матываў: 2 кампазіцыі «Суд Камбіза» (1498), трыпціх «Хрышчэнне Хрыста».

т. 5, с. 562

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЭ́КСТАН (Caxton) Уільям

(1422—1491),

англійскі першадрукар. Першую друкаваную кнігу — раман Р.Лефеўра «Апавяданні з гісторыі Троі» — выдаў у Бруге ў 1475. У 1476 заснаваў друкарню ў Вестмінстэры, дзе надрукаваў каля 100 кніг, сярод якіх — першая англ. датаваная кн. «Выслоўі, або Выказванні філосафаў» (1477). У выданнях адсутнічаюць тытульныя лісты, з 1487 кнігі аздабляліся яго друкарскай маркай.

т. 9, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БРУ́ГСКАЯ Ю́ТРАНЬ» , паўстанне рамеснікаў фландрскага г. Бруге ў 1302 супраць падатковага прыгнёту гарадскіх улад і франц. панавання ў Фландрыі (з 1300). У ноч на 18 мая паўстанцы на чале з ткачом П.Конінкам знішчылі франц. гарнізон і мясц. патрыцыят. З’явілася сігналам да ўсеагульнага паўстання, у выніку якога была вызвалена б.ч. Фландрыі (разгром войска франц. караля Філіпа IV у бітве каля Куртрэ ў 1302).

т. 3, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́НГВІН, Брэнгуін (Brangwyn) Фрэнк (13.5.1867, г. Бруге, Бельгія — 11.6.1956), англійскі графік і жывапісец. Вучыўся ў Маст. школе паўд. Кенсінгтана. У 1882—84 працаваў у майстэрні У.Морыса. У карцінах «Пахаванне на моры» (1904), манум. пано «Сучасны гандаль» (1906), афортах вял. фармату «Пільшчыкі на верфі» (1904), «Пабудова карабля» (1912), «Таўэрскі мост» (1913) нібыта ўзнаўляў напружаную дынаміку жыцця сучаснага яму прамысл. горада, суровую прыгажосць і рамантыку працы. Смелую рэаліст. абагульненасць і драм. выразнасць вобразаў ён спалучаў з дэкаратыўнасцю кампазіцыі. Антываен. пратэстам прасякнуты яго літаграфіі і плакаты, прысвечаныя 1-й сусв. вайне 1914—18.

т. 3, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́НЗА

(ад ням. Hanse саюз, таварыства),

гандлёва-палітычны саюз купецтва многіх паўн.-еўрап. гарадоў у сярэдзіне 13—17 ст. Узнікла як антыпірацкі саюз купецтва 60 гарадоў Паўн. Германіі на чале з г. Любек (назва «Ганза» з 1358). Падзялялася на некалькі філіялаў: прускі на чале з Данцыгам (Гданьскам), рэйнскі — з Кёльнам і інш.; аб’ядноўвала каля 200 гарадоў. Найб. ролю адыгрывала вендская ганза на чале з Любекам, пазней Гамбургам, якая кантралявала гандаль у Паўн. Еўропе да пач. 16 ст. Ганза склікала сходы (ганзетагі) сваіх прадстаўнікоў, мела ўласны флот, абвяшчала вайну і мір, умешвалася ў справы балт. краін і вяла актыўную барацьбу за панаванне на Балт. і Паўн. морах. Мела калоніі, партовыя збудаванні, канторы, цэрквы ў многіх гарадах Еўропы (Амстэрдаме, Бруге, Лондане, Вісбю, Стакгольме, Бергене, Рызе, Ноўгарадзе і інш.), у т. л. на Беларусі (у Віцебску і Полацку). Паступова ганзейскае купецтва выцеснена са сваіх пазіцый англ., галандскімі і франц. купцамі. Апошні ганзетаг адбыўся ў Любеку ў 1669 з удзелам прадстаўнікоў толькі 6 гарадоў.

Літ.:

Рыбина Е.А. Иноземные дворы в Новгороде XII—XVII вв. М., 1986;

Никулина Т.С. Социально-политическая борьба в Ганзейском городе в XIV—XVI вв.: По материалам Любека. Куйбышев, 1988.

т. 5, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)