БРАХМА́НЫ,

1) група вышэйшых кастаў у Індыі. У Стараж. Індыі — выканаўцы ахвярапрынашэнняў, знаўцы і тлумачальнікі Ведаў, адно з двух пануючых саслоўяў (варн). У перыяд феадалізму крыніца існавання брахманаў — служба ў апараце кіравання, судзе, землеўладанне.

2) Стараж.-інд. кнігі, якія належаць да літаратуры Ведаў. Створаны ў 8—6 ст. да н.э., уключаюць міфы і паданні, падрабязныя апісанні рытуалаў ведыйскай рэлігіі, звесткі па сац. і культ. гісторыі Стараж. Індыі.

т. 3, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

брахма́ны

(санскр. brāhmana)

першая з чатырох варн у Стараж. Індыі, да якой належалі жрацы брахманізму.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

бра́хман

назоўнік, агульны, адушаўлёны, асабовы, мужчынскі род, 1 скланенне

адз. мн.
Н. бра́хман бра́хманы
Р. бра́хмана бра́хманаў
Д. бра́хману бра́хманам
В. бра́хмана бра́хманаў
Т. бра́хманам бра́хманамі
М. бра́хмане бра́хманах

Іншыя варыянты: брахма́н.

Крыніцы: tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

брахма́н

назоўнік, агульны, адушаўлёны, асабовы, мужчынскі род, 1 скланенне

адз. мн.
Н. брахма́н брахма́ны
Р. брахма́на брахма́наў
Д. брахма́ну брахма́нам
В. брахма́на брахма́наў
Т. брахма́нам брахма́намі
М. брахма́не брахма́нах

Іншыя варыянты: бра́хман.

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

брамі́ны

(санскр. brahmana)

тое, што і брахманы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БРАХМАНІ́ЗМ,

старажытнаіндыйская сістэма рэліг.-філас. поглядаў і рытуальна-культавай практыкі, якая склалася ў 1-й пал. 1-га тысячагоддзя да н.э.; адна з крыніц індуізму. Працягвае традыцыі ведычнай рэлігіі. Звязана з сац. структурай стараж. грамадства, дзе саслоўе жрацоў-брахманаў займала вядучыя пазіцыі. Вярхоўныя багі — Брахма, Вішну і Шыва. Брахманы склалі тэксты каментарыяў да Ведаў (свяшчэнная л-ра), распрацавалі ведыйскую ідэю Брахмана-Абсалюта, стварылі філас. сістэму, якая стала асновай брахманізму. Складаны рытуал, строгая абрадавая рэгламентацыя жыцця, аскетычныя подзвігі разглядаліся як сродак для пераўвасаблення душы і канчатковага вызвалення ад перараджэнняў.

Літ.:

Боги, брахманы, люди: Пер. с чеш. М., 1969. С. 43—60;

Бонгард-Левин Г.М. Древнеиндийская цивилизация. 2 изд. М., 1993.

А.В.Гурко.

т. 3, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́РНА (санскр.),

тэрмін для абазначэння 4 асн. саслоўяў у Стараж. Індыі (брахманы — жрацы, кшатрыі — воіны, вайшыі — радавыя супляменнікі, шудры — слугі абшчыны). Прыналежнасць да варны вызначалася нараджэннем. Члены першых трох варнаў у дзяцінстве праходзілі абрад пасвячэння, які лічылі другім нараджэннем, таму наз. «двойчы народжанымі». Шлюбы паміж прадстаўнікамі розных варнаў забараняліся. З сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. пачаўся працэс ператварэння сістэмы варнаў у сістэму кастаў. У сярэднія вякі пераважаў падзел на касты.

т. 4, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ва́рна

(санскр. warna = якасць, колер, катэгорыя)

кожная з чатырох саслоўных груп у Стараж. Індыі — брахманы, кшатрыі, вайшыі, шудры, — з якіх пазней развіліся касты.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ВЕ́ДЫ (санскр. веда літар. веды),

ведычная літаратура, помнікі стараж.-індыйскай літаратуры (канец 2-га — 1-я пал. 1-га тыс. да н.э.). Напісаны на стараж.-інд. (ведыйскай) мове. Адлюстроўваюць рэліг. ўяўленні і міфалогію стараж. інд. грамадства. Складаюцца з 4 зборнікаў гімнаў, малітваў і ахвярных формул і паэт строф: «Рыгведа» (Кніга гімнаў), «Самаведа» (Веда мелодый), «Яджурведа» (Веда ахвярапрынашэнняў), «Атхарваведа» (Веда заклінанняў), а таксама з тэалагічных трактатаў (брахманы, араньякі і упанішады). Веды — крыніца звестак па сац.-эканам. і культ. гісторыі стараж. Індыі.

т. 4, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́СТА (партуг. casta род, пакаленне ад лац. castus чысты),

1) эндагамная група людзей, аб’яднаных адзінствам спадчынных прафесій, строга абмежаваная ў зносінах з інш. сац. групамі. У старажытнасці прыкметы падзелу грамадства на К. сустракаліся ў Кітаі, Іране, Японіі, Егіпце і інш. У Індыі яны сталі пануючай сілай (у 1940-я г. было каля 3,5 тыс. К. і падкастаў); эканам. і грамадскую дзейнасць членаў К. кантралявалі каставыя саветы (панчаяты); выгнанне з К. ставіла чалавека па-за грамадствам. Паводле Канстытуцыі Індыі (1950) фармальна прызнана раўнапраўе К. Гл. таксама брахманы, варна, «недатыкальныя».

2) У пераносным значэнні К. — замкнёная грамадская групоўка.

т. 8, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)