Брахма (рэліг.) 2/397; 5/88; 11/385

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́ХМА, Брама,

у брахманізме і індуізме адзін з асн. багоў, творца Сусвету, яго ўвасабленне і душа. Яго ўяўляюць чырвоным, з барадой, чатырохтварым і васьмірукім. Практычна культ Брахмы адсутнічае. Лічыцца, што Брахма трансфармаваў рэчаісны свет з Адзінага; канчатковай жа мэтай усіх вернікаў індуісцкіх рэлігій з’яўляецца дасягненне супрацьлеглага — растварэння ў Вечным і Адзіным. Індуісцкія ўяўленні пра касм. цыклы стварэння і разбурэння звязаны з «днём», «ноччу», «годам» Брахмы.

Літ.:

Дюмезиль Ж. Верховные боги индоевропейцев: Пер. с фр. М., 1986;

Мифы народов мира: Энцикл. М., 1991. С. 185—186.

А.​В.​Гурко.

т. 3, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

брахмані́зм, ‑у, м.

Старажытнаіндыйская рэлігія (вярхоўнае бажаство Брахма, або Брама), якая ўзнікла ў 10–9 ст. да н. э.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

КУБЕ́РА,

у старажытнаіндыйскай міфалогіі бог багацця. Яго ўяўляюць з вял. шарападобным жыватом, двухрукім, трохногім, васьмізубым, аднавокім. За набожнасць Брахма прыраўняў К. да багоў, зрабіў яго вартавым падземных скарбаў і захавальнікам (адным з лакапалаў) Поўначы. Блізкім сябрам і апекуном К. лічыцца Шыва.

т. 8, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ШНУ,

у вішнуізме і індуізме адзін з асн. (нароўні з Брахмам і Шывам) багоў; ахоўнік, увасабленне вечна жывой прыроды, энергіі, што ўладкоўвае космас. Уяўлялі прыгожым юнаком (часам з чатырма рукамі) з цёмна-сінім колерам скуры. Жонка Вішну Лакшмі — багіня шчасця і дабрабыту. Паводле эпасу, у канцы кожнага сусв. цыкла Вішну ўбірае ў сябе сусвет і ўпадае ў сон, лежачы на змеі Шэшы, які плавае ў сусв. акіяне. Калі Вішну прачынаецца і задумвае новае тварэнне, з яго вырастае лотас, з якога з’яўляецца Брахма і стварае сусвет. Звычайнае месцазнаходжанне Вішну — вяршыня гары Меру. Вядомы аватары Вішну (цялесныя ўвасабленні) у выглядзе герояў Крышны, Рамы, вепра, карліка і інш.

А.​В.​Гурко.

Вішну, Брахма, Лакшмі на змеі Шэшы. Сярэдневяковы малюнак.

т. 4, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЙ (Рам Мохан) (22.5.1772 або 1774, Раджнагар, Індыя — 27.9.1833),

індыйскі (бенгальскі) асветнік, філосаф, рэфарматар індуізму, грамадскі і літ. дзеяч. Скончыў вышэйшую мусульм. школу ў г.Патна. Імкнуўся стварыць універсальную рэліг. сістэму на аснове індуізму, выступаў за скасаванне яго найб. адыёзных звычаяў (самаспаленне ўдоў, дыскрымінацыя «недатыкальных», дзіцячыя шлюбы і інш.). Стварыў рэліг.-рэфарматарскае т-вы Ар’я самадж (1815) і Брахма самадж (1828). Па ініцыятыве Р. ў Калькуце адкрыта першая інд. свецкая школа — Індускі каледж (1817). Выдаваў газ. «Шомбад каўмудзі» («Месяц навін», на бенгальскай мове) і «Мірат уль-ахбар», («Люстэрка навін», на перс. мове). Аўтар перакладаў на бенгальскую мову філас. твораў Стараж. Індыі, юрыд. даследаванняў, памфлетаў, падручнікаў.

т. 13, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАХМАНІ́ЗМ,

старажытнаіндыйская сістэма рэліг.-філас. поглядаў і рытуальна-культавай практыкі, якая склалася ў 1-й пал. 1-га тысячагоддзя да н.э.; адна з крыніц індуізму. Працягвае традыцыі ведычнай рэлігіі. Звязана з сац. структурай стараж. грамадства, дзе саслоўе жрацоў-брахманаў займала вядучыя пазіцыі. Вярхоўныя багі — Брахма, Вішну і Шыва. Брахманы склалі тэксты каментарыяў да Ведаў (свяшчэнная л-ра), распрацавалі ведыйскую ідэю Брахмана-Абсалюта, стварылі філас. сістэму, якая стала асновай брахманізму. Складаны рытуал, строгая абрадавая рэгламентацыя жыцця, аскетычныя подзвігі разглядаліся як сродак для пераўвасаблення душы і канчатковага вызвалення ад перараджэнняў.

Літ.:

Боги, брахманы, люди: Пер. с чеш. М., 1969. С. 43—60;

Бонгард-Левин Г.М. Древнеиндийская цивилизация. 2 изд. М., 1993.

А.​В.​Гурко.

т. 3, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕДА́НТА (санскр., літар. канец ведаў),

рэлігійна-філасофская сістэма ў інд. філасофіі. Узнікла на аснове абагульнення каментарыяў да тэкстаў Ведаў (упанішад; гл. Веды) і часткова эпічных тэкстаў («Рамаяна», «Махабхарата», «Бхагавадгіта»). Уключае ўласна веданту, некаторыя вучэнні вішнуізму, шываізму, а таксама неаіндуізму. Асн. філас. катэгорыі веданты: брахман (касм. душа), атман (індывід. душа), пуруша (абстрактны духоўны пачатак), пракрыці (абстрактны матэрыяльны пачатак, прырода), артха (сэнс, значэнне), джняна (веды), авастха (псіхічны стан) і мая (ілюзія). Вышэйшая рэальнасць і прычына ўсяго існага — вечны Брахман. Мэтай быцця веданта лічыць «вызваленне», дасягненне адзінства з Богам шляхам поўнага адыходу ад рэальнасці і паглыблення ў чыстае мысленне.

Мяркуюць, што мудрэц Бадараян (каля 4—3 ст. да н.э.) сістэматызаваў вучэнні ў «Брахма-сутры» («Веданта-сутры»), што існавалі ў 7 ст. да н.э. Каментарыі да іх далі пачатак школам веданты — Шанкары, Рамануджы, Мадхвы, Валабхі, Німбаркі і інш., якія разыходзяцца ў поглядах на індывід. Я (джыву) і Брахман. Веданта значна паўплывала на індуізм. Прадстаўнікі неаведантызму 20 ст. Р.Тагор, С.​Радхакрышнан і інш.

Літ.:

Чаттерджи С., Датта Д. Введение в индийскую философию: Пер. с англ. М., 1955;

Боги, брахманы, люди: Четыре тысячи лет индуизма: Пер. с чеш. М., 1969;

Костюченко В.С. Классическая веданта и неоведантизм. М., 1983.

А.​В.​Гурко.

т. 4, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)