Брадлей Дж. 1/21; 4/268; 7/543

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АБЕРА́ЦЫЯ СВЯТЛА́ ў астраноміі,

змена бачнага становішча свяціла на нябеснай сферы, абумоўленая канечнай скорасцю святла і ўзаемным перамяшчэннем крыніцы святла і назіральніка пры руху Зямлі ў прасторы. Адрозніваюць векавую аберацыю святла, выкліканую рухам Сонечнай сістэмы ў Галактыцы, гадавую — абарачэннем Зямлі вакол Сонца, сутачную — уласным вярчэннем Зямлі. Найб. значную аберацыю святла (гадавую) адкрыў англ. астраном Дж.​Брадлей (1725). Яна выклікае перамяшчэнне відарыса свяціла па эліпсе, вял. вось якога паралельна плоскасці экліптыкі і роўная прыблізна 20,5.

т. 1, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАКО́Н (лац. Draco),

каляпалярнае сузор’е Паўн. паўшар’я неба. Мае 80 зорак ярчэй 6-й зорнай велічыні. Ламаны ланцужок слабых зорак Д. агінае сузор’е Малая Мядзведзіца і заканчваецца больш яркай зоркай γ (2-й візуальнай зорнай велічыні), назіраючы за якою англ. астраном Дж.​Брадлей адкрыў (1725) аберацыю святла. Адна з зорак Д. — Тубан каля 2,5 тыс. гадоў назад была і праз 20 тыс. гадоў зноў будзе «Палярнай» зоркай. У Д. знаходзіцца яркая планетарная туманнасць 8-й зорнай велічыні, якая пашыраецца. З тэр. Беларусі Д. відаць круглы год.

Сузор’е Дракон.

т. 6, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НУТА́ЦЫЯ,

вагальны рух восі ўласнага вярчэння цела, які адбываецца адначасова з прэцэсіяй і пры якім змяняецца вугал паміж воссю ўласнага вярчэння цела і воссю, вакол якой адбываецца прэцэсія, (вугал нутацыі Θ; гл. Эйлеравы вуглы).

У гіраскопа (ваўчка), што рухаецца пад дзеяннем сілы цяжару P, Н. ўяўляе сабой ваганні восі гіраскопа, амплітуда і перыяд якіх тым меншыя. чым большая вуглавая скорасць яго ўласнага вярчэння Ω. Частата Н. пры вялікіх Ω можа быць такая вялікая. што нутацыйныя ваганні восі ваўчка будуць успрымацца на слых (гудзенне). Пры наяўнасці супраціўлення (трэння) нутацыйныя ваганні дастаткова хутка затухаюць, пасля чаго ў гіраскопа застаецца толькі прэцэсійны рух.

У астраноміі Н. — абумоўленыя прыцягненнем Сонца і Месяца невялікія ваганні зямной восі, якія накладваюцца на яе прэцэсійны рух. Адкрыў у 1737 англ. астраном Дж.​Брадлей.

Да арт. Нутацыя.

т. 11, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)