Бофарта мора 2/374

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ФАРТА КАТЛАВІ́НА,

падводная катлавіна ў Бофарта моры, каля берагоў Канады, гл. Канадская катлавіна.

т. 3, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ФАРТА МО́РА (Beaufort Sea),

ускраіннае мора Паўн. Ледавітага ак. каля берагоў Паўн. Амерыкі. Абмывае берагі ЗША (штат Аляска) і Канады. Пл. 476 тыс. км². Сярэдняя глыб. 1004 м, найб. 4684 м. У Бофарта мора ўпадае р. Макензі. У паўд. ч. т-ра паверхневых водаў каля 4 °C, салёнасць 28‰; у паўн. т-ра -1,5 °C, салёнасць каля 32‰. На працягу года ўкрыта льдамі. Названа ў гонар англ. контр-адмірала Ф.​Бофарта.

т. 3, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ФАРТА ШКАЛА́,

служыць для ацэнкі сілы ветру ў балах па яго ўздзеянні на наземныя прадметы або па хваляванні на моры. Распрацавана ў 1806 англ. контр-адміралам Ф.​Бофартам. З цягам часу мянялася і ўдакладнялася. У 1963 прынята Сусв. метэаралагічнай арг-цыяй (гл. табл.).

Сіла ветру па шкале Бофарта (на вышыні 10 м над адкрытай роўнай зямной паверхняй)
Балы Бофарта Скорасць ветру, м/с Характарыстыка ветру
0 0—0,2 Штыль. Дым падымаецца вертыкальна. Люстраное гладкае мора.
1 0,3—1,5 Ціхі. Дым адхіляецца, на моры рабізна.
2 1,6—3,3 Лёгкі. Вецер адчуваецца на твары, шапоча лісце на дрэвах, адхіляецца флюгер. Кароткія хвалі на моры.
3 3,4—5,4 Слабы. Лісце і тонкія галінкі пастаянна гайдаюцца. Выразныя кароткія хвалі, грабяні перакульваюцца, з'яўляюцца рэдкія баранчыкі пены.
4 5,5—7,9 Умераны. Падымаюцца пыл і паперкі, гайдаюцца тонкія галіны дрэў. Хвалі на моры падоўжаныя, у многіх месцах белыя баранчыкі.
5 8—10,7 Свежы. Гайдаюцца тонкія ствалы дрэў. Доўгія, але не вельмі буйныя хвалі, усюды баранчыкі, з’яўляюцца пырскі.
6 10,8—13,8 Моцны. Гайдаюцца тоўстыя галіны, гудуць тэлеграфныя правады, з'яўляюцца вялікія хвалі, пеністыя грабяні займаюць вялікую плошчу.
7 13,9—17,1 Вялікі. Гайдаюцца ствалы дрэў, цяжка ісці супраць ветру. Хвалі нагрувашчваюцца, грабяні зрываюцца, пена кладзецца палосамі па ветры.
8 17,2—20,7 Вельмі вялікі. Ламаюцца галіны дрэў, вельмі цяжка ісці супраць ветру. Сярэдне доўгія хвалі. Па краях грабянёў узлятаюць пырскі.
9 20,8—24,4 Шторм. Невялікія пашкоджанні, вецер зрывае чарапіцу. Высокія хвалі, шырокія палосы пены, пагаршаецца бачнасць.
10 24,5—28,4 Моцны шторм. Разбураюцца пабудовы, дрэвы вырываюцца з каранямі. Вельмі высокія хвалі з доўгімі загнутымі грабянямі. Паверхня мора белая ад пены. Моцны грукат хваляў. Дрэнная бачнасць.
11 28,5—32,6 Люты шторм. Вялікія разбурэнні на значнай плошчы. Надзвычай высокія хвалі. Невялікія і сярэднія судны часам не відаць. Паверхня мора ў камяках пены. Дрэнная бачнасць.
12 больш за 32,7 Ураган. На сушы разбурэнні, як у люты шторм. На моры паветра напоўнена пенай і пырскамі. Вельмі дрэнная бачнасць.

т. 3, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Beaufort Sea

[,boʊfərtˈsi:]

мо́ра Бо́фарта

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

КАНА́ДСКАЯ КАТЛАВІ́НА Бофарта катлавіна,

падводная катлавіна ў зах. частцы Паўн. Ледавітага ак., каля берагоў Канады. На Пд замыкаецца мацерыковым схілам Паўн. Амерыкі, на Пнхр. Мендзялеева, на З і У — падняццямі Чукоцкім і Альфа. Пераважныя глыб. 3000—3500 м, найбольшыя — 3879 м. Дно катлавіны — абісальная раўніна, укрытая гліністым ілам.

т. 7, с. 566

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЛВІЛ (Colville),

рака на Пн Аляскі (ЗША). Даўж. каля 700 км, пл. бас. каля 60 тыс. км². Вытокі на схілах хр. Брукса, дзе даліна ўрэзана ў плато на глыб. да 120 м, ніжняе цячэнне на прыморскай раўніне. Упадае ў м. Бофарта Паўн. Ледавітага ак. Вясенне-летняе разводдзе. Сярэдні гадавы расход вады каля 380 м³/с. Большую частку года ўкрыта лёдам.

т. 8, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРА́ДХА-БЕЙ (Prudhoe Bay),

буйное газанафтавае радовішча ў ЗША (штат Аляска). Размешчана ў зал. Прадха Бофарта м. Уваходзіць у Паўночнай Аляскі нафтагазаносны басейн. Адкрыта ў 1968, распрацоўваецца з 1977. Пачатковыя прамысл. запасы нафты з кандэнсатам 1,3 млрд. т, газу 730 млрд. м³. Пл. 607 км². 12 пакладаў у адкладах ад каменнавугальнага да палеагенавага ўзросту на глыб. 0,75—3,2 км. Нафта метана-нафтэнавая, шчыльн. 844—913 кг/м³. У газе 44% метану.

т. 12, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́РА, шторм,

вельмі моцны працяглы вецер, які выклікае вял. хвалі на моры і разбурэнні на сушы. Узнікае пры інтэнсіўных цыклонах (асабліва трапічных), смерчах, навальніцах. Сіла ветру каля зямной паверхні 9—12 балаў па Бофарта шкале, скорасць 20—50 м/с, асобныя парывы да 100 м/с (гл. таксама Ураган, Шквал). На адкрытых месцах у Беларусі здараецца прыкладна раз у год, найчасцей вясной або восенню пры моцным зах. і паўд.-зах. ветры (да 30—35 м/с).

т. 3, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКЕ́НЗІ (Mackenzie),

рака на ПнЗ Канады. Даўж. ўласна М. каля 1770 км, разам з р.Піс (ад вытокаў р. Фінлі) 4250 км. Пл. басейна (уключае сістэму рэк Нявольніцкая, Піс і Атабаска, якія належаць бас. Вял. Нявольніцкага воз.) 1804 тыс. км². Пачынаецца з Вял. Нявольніцкага воз., цячэ па нізіне Макензі, упадае ў м. Бофарта Паўн. Ледавітага ак., утварае дэльту (пл. каля 12 тыс. км²). Даліна М. складзена з тоўшчаў алювіяльных і водна-ледавіковых адкладаў, моцна забалочаная, укрытая яловымі лясамі. Гал. прытокі: Ліярд, Арктык-Рэд-Рывер, Піл (злева), Вял. Мядзведжая (справа). Жыўленне снегава-дажджавое. Вясенне-летняя паводка. Ледастаў з кастр. да мая. Сярэдні расход вады 11 тыс. м​3/с. Даўж. суднаходных шляхоў усёй сістэмы 2200 км (ад Уотэруэйса на р. Атабаска да порта Тактаяктук на ўзбярэжжы Паўн. Ледавітага ак.). Найб. населеныя пункты: Аклавік, Інувік, Норман-Уэлс, Форт-Норман, Форт-Провідэнс. Адкрыта і ўпершыню пройдзена ад вытокаў да вусця А.Макензі ў 1789, названа ў яго гонар.

т. 9, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)