БЕЛАРУ́СКАЯ НАЦЫЯНА́Л-САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ (БНСП),

арганізацыя бел. фашыстаў у 1930—40-я г. Пачала стварацца ў 1933 у Вільні па ініцыятыве групы пранямецка настроеных бел. дзеячаў. З 1934 працаваў прэзідыум Бел. нацыянал-сацыяліст. актыву (старшыня Ф.Акінчыц), які ў 1936 ператвораны ў БНСП. Друкаваны орган — час. «Новы шлях». Партыя была забаронена ўладамі Польшчы. БНСП не мела падтрымкі сярод бел. насельніцтва і ням.-фаш. улад. Распалася, відаць, пасля смерці Акінчыца (сак. 1943).

А.М.Літвін.

т. 2, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НО́ВЫ ШЛЯХ»,

часопіс, орган Беларускай нацыянал-сацыялістычнай партыі (БНСП). Выдаваўся ў ліст. 1933 — ліст. 1937 у Вільні на бел. мове кірыліцай і лацінкай. Меў падтрымку ведамства замежнай палітыкі Нацыянал-сацыялісцкай рабочай партыі Германіі. Рэдактар-выдавец У.Казлоўскі. Прапагандаваў ідэі нацыянал-сацыялізму, друкаваў дакументы і матэрыялы БНСП, рэзка крытыкаваў нац. і эканам. палітыку, будаўніцтва сацыялізму ў БССР, дзейнасць Камінтэрна і КПЗБ. Шмат увагі аддаваў падзеям у свеце, асабліва ў Германіі, узнімаў праблемы асветы і жыцця бел. вёскі, палемізаваў з час. «Золак», газ. «Наша воля», «Родны край». Змясціў біяграфіі лідэраў БНСП Ф.Акінчыца, Казлоўскага і К.Юхневіча, літ. і публіцыстычныя творы, Казлоўскага і А.Стаповіча, крытычныя агляды асобных нумароў час. «Маладая Беларусь», «Калоссе». Публікаваў хроніку. Выйшла 26 нумароў (апошні ў Лідзе), з іх некат. канфіскаваны. Казлоўскі неаднойчы меў справы з судом. Забаронены польскімі ўладамі.

С.І.Ёрш.

т. 11, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)