Бласка Ібаньес В. 2/355; 5/164; 6/9

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БЛА́СКА ІБА́НЬЕС ((Blasco Ibánez) Вісентэ) (29.1.1867, г. Валенсія, Іспанія — 28.1.1928),

іспанскі пісьменнік. Скончыў Валенсійскі ун-т (1888). У ранніх творах адчувальны ўплыў рамантызму (гіст. раман «Граф Гарсі-Фернандэс», антыклерыкальны раман-фельетон «Чорнае павуцінне», апрацоўкі легендаў і паданняў). Аўтар раманаў і апавяданняў пра Валенсію «Бесшабашнае жыццё» (1894), «Майская кветка» (1895), «Хутар» (1898), «У апельсінавых садах» (1900), зб. «Валенсіянскія апавяданні» (1896) і інш. Вызначальны творчы метад Бласкі Ібаньеса — рэалізм з элементамі натуралізму. Напісаў цыклы сац.-тэндэнцыйных («Сабор», 1903; «Нязваны госць», 1904; «Вінны склад», «Арда», абодва 1905) і філас.-псіхал. раманаў («Голая маха», 1906; «Кроў і пясок», 1908; «Мёртвыя валадараць», 1909). Падзеі 1-й сусв. вайны ў раманах «Чацвёра вершнікаў Апакаліпсіса» (1916), «Наша мора» (1918), «Ворагі жанчын» (1919). Раманы «Зямля для ўсіх», «Каралева Калафія» (абодва 1923) з задуманага цыкла твораў пра Паўд. Амерыку, раман «У пошуках Вялікага Хана» (1928) пра Х.​Калумба.

Тв.:

Рус. пер.Полн. собр. соч. Т. 1—16. М., 1910—12;

Избр. произв. Т. 1—3. М.; Л., 1959;

Солнце мертвых. М., 1965.

Літ.:

Плавскин З.И. Иснанская литература XIX—XX веков. М., 1982.

Е.​А.​Лявонава.

т. 3, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІКАСО́, Пікаса [Picasso; сапр. Руіс-і-Пікаса (Ruiz y Picasso)] Пабла (25.10.1881, г. Малага, Іспанія — 8.4.1973), французскі мастак іспанскага паходжання; адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў авангардызму, заснавальнік (з Ж.Бракам) кубізму. Вучыўся ў школе прыгожых мастацтваў у Барселоне (з 1895) у свайго бацькі Х.​Руіса Бласка, акадэміі Сан-Фернанда ў Мадрыдзе (зіма 1897—98). З 1904 жыў у Францыі, пераважна ў Парыжы. Раннія жывапісныя творы [т.зв. «блакітны» (1901—04) і «ружовы» (1905—06) перыяды; назвы ад тонаў, якія дамінавалі ў каларыстычнай гаме] прысвечаны тэме трагічнай адзіноты, абяздоленасці і духоўнага ўбоства ніжэйшых слаёў грамадства, рамант. жыццю вандроўных камедыянтаў: «Стары жабрак з хлопчыкам», «Прасавальшчыца», «Бедная трапеза», «Дзяўчынка на шары», «Сям’я камедыянтаў з малпай» і інш. У той жа час працаваў пад уплывам П.​Пюві да Шавана, набідаў («Арлекін абапёрся»), А.​Тулуз-Латрэка, П.​Гагена («Жыццё»), Э.​Кар’ера («Маці і дзіця»), ісп. («Стары гітарыст») і грэч. («Вадапой») мастацтва. У 1906—07 пад уздзеяннем афр. пластыкі і П.​Сезана імкнуўся да выяўлення значнасці твора праз спрашчэнне форм («Авіньёнскія дзяўчаты» і інш.), што абумовіла ўзнікненне ў яго творчасці кубізму: «Фабрыка ў Хорта дэ Эбра», «Партрэт Фернанда Аліўе» (абодва 1909), «Партрэт Амбруаза Валара» (1909—10), «Партрэт Канвейлера» (1910), «Скрыпка і вінаград» (1912), «Гітара і скрыпка» (1913), «Партрэт дзяўчыны» (1914), «Тры музыканты» (1921), «Мандаліна і гітара» (1924) і інш. З 1917 зноў вярнуўся і да фігуратыўнага жывапісу, у якім пераасэнсоўваў гіст. маст. стылі ў тагачаснай манеры: «Тры жанчыны каля крыніцы» (1921), «Дзве жанчыны на пляжы» (1922), «Флейта Пана», «Партрэт Вольгі», «Жанчына ў белым» (усе 1923), «Поль у касцюме П’еро» (каля 1923) і інш. У 1925 — пач. 1930-х г. працаваў у рэчышчы сюррэалізму: карціны «Купальшчыца сядзіць», «Жанчына ў крэсле» (абедзве 1929), «Постаці на беразе мора» (1931), «Люстэрка» (1932), скульптура «Мужчына з букетам» (1934) і інш. У графіцы пераважалі ант. матывы (ілюстрацыі да «Лісістраты» Арыстафана, 1934; серыя гравюр «Мінатаўрамахія», 1935, і інш.). У творах 1937—45 выявіў варварства фаш. рэжыму, трагізм і безвыходнасць эпохі: «Герніка», «Жанчына плача» (абодва 1937), «Кот і птушка» (1939), «Нацюрморт з бычыным чэрапам» (1942), «Бойня» (1944—45) і інш. З канца 1940-х г. пераважна інтэрпрэціраваў інтэрпрэтаваў* у сучасным стылі карціны старых майстроў («Партрэт мастака. У наследаванне Эль Грэка», «Дзяўчаты на беразе Сены. Паводле Курбэ», абедзве 1950; «Алжырскія жанчыны. Паводле Дэлакруа», 1955; «Меніны. Паводле Веласкеса», 1957; «Сняданак на траве. Паводле Манэ», 1960, і інш.), ствараў творы антываен. тэматыкі (малюнак «Голуб міру», 1947; карціна «Разня ў Карэі», 1951; пано «Мір» і «Вайна», 1952, і інш.), працаваў у скульптуры («Цяжарная жанчына», «Каза», абедзве 1950; «Малпа з малышом», 1952, і інш.), дэкар.-прыкладным мастацтве, графіцы. У 1970 адкрыты музей П. ў Барселоне, у 1985 — у Парыжы. Міжнар. прэмія Міру 1950, Міжнар. Ленінская прэмія 1962. Іл. гл. таксама да арт. Іспанія, Кубізм.

Літ.:

Голомшток И.Н., Синявский А.Д. Пикассо. М., 1960;

Графика Пикассо: [Альбом]. М., 1967;

Дмитриева Н.А. Пикассо. М., 1971;

Зубова М.В. П.​Пикассо. Актеры и клоуны: [Альбом]. М., 1976.

Т.​В.​Пешынс.

П.Пікасо.
П.Пікасо. Скрыпка і вінаград. 1912.

т. 12, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)