БЕЛАРУ́СКІ КО́РПУС САМААХО́ВЫ (БКС),
Беларуская самаахова, ваенізаванае фарміраванне бел. калабарацыяністаў у Вял. Айч. вайну. Пачаў стварацца летам 1942 Беларускай народнай самапомаччу (БНС) з дазволу ням. улад. Гал. камендантам БКС быў прызначаны І.Ермачэнка, пры ім створаны штаб БКС (нач. штаба падпалк. У.Гуцька), у акругах — камісіі для арганізацыі самааховы. Меркавалася стварыць БКС у складзе 3 дывізій: адна ў напрамку на Мінск, Слуцк; 2-я — на Баранавічы, Навагрудак, Слонім; 3-я — на Вілейку, Ліду, Глыбокае. Паводле распараджэння ням. улад у кожным павеце дазвалялася мець адзінку самааховы (ад роты да батальёна). На з’ездзе акр. кіраўнікоў БНС (2-я пал. ліп. 1942) вырашана пачаць работу з вайсковай падрыхтоўкі кадраў. У пач. жн. 1942 у Мінску адкрыты афіцэрскія курсы (кіраўнік Ф.Кушаль), на якіх прайшлі перападрыхтоўку каля 260 чал. Падафіцэры займаліся на курсах у акругах. Самаахова павінна была дапамагаць ням. і мясц. паліцыі ў барацьбе супраць партызанаў, забяспечваць спакой на Беларусі. Стварэнне БКС суправаджалася шырокай прапагандысцкай кампаніяй. Усяго было сфарміравана 20 батальёнаў і некалькі меншых адзінак БКС, якія, аднак, не выканалі ўскладзеных на іх задач. Адна з гал. прычын гэтага ў тым, што гітлераўцы не адважваліся ўзбройваць самаахову і ствараць на Беларусі нац. армію, нават і дружалюбную ім. Другая заключалася ў тым, што ў агульнай масе насельніцтва не ўспрыняло заклік калабарацыяністаў і падтрымлівала партызанаў. Члены БНС і іх сем’і пастаянна праследаваліся партызанамі, многія пераходзілі на бок апошніх разам з атрыманай зброяй. Таму з восені 1942 адносіны немцаў да самааховы пачалі мяняцца. Ермачэнка быў пазбаўлены тытула ген. каменданта, штаб БКС забаронены. Ермачэнку дазвалялася мець пры сабе вайсковага рэферэнта па справах самааховы, а таксама рэферэнтаў пры старшынях БНС у акругах, якія падпарадкоўваліся акр. начальнікам паліцыі. Былі забаронены афіцэрскія званні, замест іх уведзены назвы службовых пасад: камандзір звязу, камандзір роты і інш. Фарміраванне адзінак БКС было перададзена жандармерыі і паліцыі, што адмоўна ўспрымалася насельніцтвам і калабарацыяністамі. Вясной 1943 гітлераўцы вымушаны былі яго распусціць.
А.М.Літвін.
т. 2, с. 447
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАВІ́СТАЎ БЕЛАРУ́СКІ КАМІТЭ́Т (БКС),
навуковая арганізацыя пры Нац. АН Беларусі, прызначаная развіваць і каардынаваць даследаванні ў галіне славяназнаўства на Беларусі, садзейнічаць навук. сувязям бел. славістаў са славістамі інш. краін.
Засн. ў 1957 як арганізац. к-т для падрыхтоўкі да IV Міжнар. з’езда славістаў у Маскве. У 1959 ператвораны ў пастаянна дзейны Бел. к-т славістаў, які функцыянуе ў адпаведнасці са статутам Міжнар. к-та славістаў (гл. Славістаў міжнародны камітэт). С.б.к. удзельнічае ў выпрацоўцы праблематыкі чарговых з’ездаў, уносіць прапановы па іх правядзенні, прапануе тэмы дакладаў ад Беларусі, садзейнічае іх своечасовай падрыхтоўцы і публікацыі, клапоціцца пра належнае прадстаўніцтва бел. славістыкі на з’ездзе і ў міжнар. камісіях. Прымае ўдзел у арганізацыі на Беларусі канферэнцый, сімпозіумаў і інш. мерапрыемстваў, прысвечаных вывучэнню мовы, л-ры, духоўнай і матэрыяльнай культуры слав. народаў, у першую чаргу беларусаў у іх сувязях з інш. славянамі, падтрымлівае кантакты з замежнымі славістамі, якія займаюцца бел. праблематыкай, арганізоўвае абмен л-рай, удзельнічае ў падрыхтоўцы кніжных выставак у час міжнар. з’ездаў славістаў, каб паказаць дасягненні бел. вучоных у галіне славяназнаўства і беларусістыкі. Старшыні С.б.к.: П.Ф.Глебка (з 1957), М.Р.Суднік (з 1959), А.І.Жураўскі (з 1985), І.Я.Навуменка (з 1990).
Г.А.Цыхун.
т. 14, с. 500
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)