БЕРТРА́Н ((Bertrand) Жазеф Луі Франсуа) (11.3.1822, Парыж — 3.4.1900),
французскі матэматык. Чл. Парыжскай АН (з 1856), замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (з 1896, чл.-кар. з 1859). З 1862 праф. Калеж дэ Франс. Навук. працы па матэм. аналізе, тэорыі груп. Аўтар падручнікаў па матэматыцы.
т. 3, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРТРА́Н ((Bertrand) Марсель) (2.7.1847, Парыж — 13.2.1907),
французскі геолаг. Чл. Парыжскай АН (1896). Праф. горнай школы ў Парыжы. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1899). Упершыню выказаў меркаванне аб перыяд. характары буйных тэктанічных рухаў і асн. эпохах складкавасці (гуронскай, каледонскай, герцынскай, альпійскай), выявіў шэраг заканамернасцяў у развіцці магматычных працэсаў. Яго назіранні ў Альпах далі пачатак тэорыі шар’яжаў (гл. Покрыва тэктанічнае).
т. 3, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРТРА́Н ((Bertrand) Габрыэль Эміль) (17.5.1867, Парыж — 20.6.1962),
Французскі біяхімік, хімік, батанік, бактэрыёлаг. Чл. Франц. мед. акадэміі і Парыжскай АН (1923). Праф. (1908). Замежны чл.-кар. Расійскай АН і АН СССР (1924). Скончыў Вышэйшую фармацэўтычную школу ў Парыжы. З 1900 у Сарбоне, адначасова ў Пастэраўскім ін-це. Навук. працы па энзімалогіі. Распрацаваў колькасныя метады выяўлення цукрыдаў (1906) і мікраэлементаў раслін і жывёл.
т. 3, с. 122
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРТРА́Н ДЭ БОРН (Bertran de Born; каля 1140, замак Перыгор, гіст. вобл. Лімузен, Францыя — каля 1215),
правансальскі паэт-трубадур. Выдатны майстар сірвентэса — паліт., воінскай і дыдактычнай куртуазнай песні, што адлюстроўвала рыцарскі кодэкс годнасці, погляды і пачуцці дробнага рыцарства. Валодаў замкам Альтафорт, удзельнічаў ва ўсіх тагачасных паліт. падзеях і феад. спрэчках. Паводле падання, быў адным з гал. віноўнікаў міжусобіцы на франц. землях сярод членаў каралеўскай сям’і Плантагенетаў. І хоць паданне не зусім адпавядала рэчаіснасці, Дантэ змясціў Бертрана дэ Борна як зласлівага дарадцу ў 8-е кола пекла, дзе той паўстае з адсечанай галавой у руцэ («Боская камедыя», Пекла, XXVIII, 118—122). Вельмі бурлівае, поўнае авантур жыццё паэта скончылася ў манастыры.
Тв.:
Рус. пер. — [Стихи] Поэзия трубадуров;
Поэзия миннезингеров;
Поэзия вагантов. М., 1974.
Літ.:
Смирнов А.А. Лирика трубадуров и труверов // История зарубежной литературы: Средние века и Возрождение. 4 изд. М., 1987;
Ковалева Т.В. Рыцарская (куртуазная) литература // Ковалева Т.В., Лапин И.Л., Паньков Н.А. Литература Средних веков и Возрождения. Мн., 1988.
Г.В.Сініла.
т. 3, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЭ́Р, Барэр дэ В’ёзак (Barère de Vieuzac) Бертран (10.9.1755, г. Тарб, Францыя — 13.1.1841), французскі рэвалюцыянер. Адвакат. Дэп. Устаноўчага сходу і Канвента. Спрабаваў прымірыць жырандыстаў з якабінцамі, падтрымліваючы то адных, то другіх. У час якабінскай дыктатуры член К-та грамадскага выратавання. У дні тэрмідарыянскага перавароту садзейнічаў падзенню ўлады М.Рабесп’ера. У гады Рэстаўрацыі ў выгнанні. Аўтар мемуараў.
т. 2, с. 337
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́СЕЛ (Russell) Бертран Артур Уільям, лорд (18.5.1872, Трэлек, Вялікабрытанія — 2.2.1970), англійскі матэматык, філосаф, грамадскі дзеяч; адзін са стваральнікаў сучаснай матэматычнай логікі. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1894). Прафесар шэрагу ун-таў Вялікабрытаніі і ЗША. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (з 1908). Адкрыў лагічны парадокс (названы яго імем), які прывёў да пабудовы арыгінальнага варыянта аксіяматычнай тэорыі мностваў. Аўтар (з А.Уайтхедам) фундаментальнай працы «Асновы матэматыкі» (т. 1—3, 1910—13). Адзін са стваральнікаў канцэпцыі лагічнага атамізму і роданачальнік неапазітывізму. Прызнаваў рэальнасць толькі «пачуццёвых даных», тлумачыў іх у духу «нейтральнага манізму», зыходзячы з якога разглядаў паняцці «дух» і. «матэрыя» як лагічныя канструкцыі з «пачуццёвых даных». Дапускаў існаванне «атамарных фактаў», якія, у адрозненне ад «элементаў вопыту», аб’ектыўныя, але іх аб’ектыўнасць заснавана толькі на веры ў быццё знешняга свету. У галіне этыкі лічыў найвышэйшай мэтай жыццё, якое накіроўваецца пачуццёвай любоўю і зыходзіць з веры ў магутнасць розуму. У палітыцы выступаў супраць тэорый, якія падпарадкоўваюць асобу дзяржаве, асуджаў фашызм і камунізм. Быў адным з ініцыятараў Пагуашскага руху. Аўтар прац «Філасофія лагічнага атамізму» (1918), «Перспектывы індустрыяльнай цывілізацыі» (1923), «Улада і асоба» (1949), «Цвярозы розум і ядзерная вайна» (1960) і інш. Сааўтар «Маніфеста Расела—Эйнштэйна» (1955), прасякнутага ідэяй неабходнасці мысліць па-новаму ў ядзерны век. Нобелеўская прэмія па л-ры 1950.
Тв.:
Рус. пер. — Воздействие науки на общество. М., 1952;
Человеческое познание. Его сфера и границы. М., 1957;
Почему я не христианин. М., 1958;
История западной философии. М., 1959.
Я.М.Бабосаў.
т. 13, с. 311
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)