БЕРТАЛА́НФІ ((Bertalanffy) Людвіг фон) (19.9.1901, Ацгерсдорф, цяпер у межах Вены — 12.6.1972),
аўстрыйскі біёлаг-тэарэтык і натурфілосаф, стваральнік агульнай тэорыі сістэм. У 1934—48 праф. Венскага ун-та, у 1949—72 ва ун-тах Канады і ЗША. Аўтар прац «Тэарэтычная біялогія» (т. 1—2, 1931—51), «Біялагічная карціна свету» (1949), «Робаты, людзі, розум» (1967), «Агульная тэорыя сістэм. Асновы, развіццё, выкарыстанне» (1968) і інш. У пачатку сваёй дзейнасці схіляўся да ідэй Венскага гуртка, пазней крытыкаваў некаторыя аспекты неапазітывізму. Адзін са стваральнікаў тэорыі адкрытых біял. сістэм, якія валодаюць уласцівасцю эквіфінальнасці, г. зн. дасягнення сістэмай аднаго і таго ж канчатковага стану пры розных пач. умовах. Сваімі ідэямі праграма Берталанфі блізкая да тэарэт. кібернетыкі, тэрмадынамікі незваротных працэсаў і сінергетыкі. Ідэі Берталанфі знайшлі выкарыстанне ў медыцыне, псіхіятрыі і інш. Адзін з арганізатараў «Таварыства па даследаваннях у галіне агульнай тэорыі сістэм» і яго штогодніка «General Systems» («Агульныя сістэмы», 1956).
В.В.Краснова.
т. 3, с. 122
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГАНІЦЫ́ЗМ,
вучэнне, што растлумачвае прыродныя і сац. з’явы (працэсы) па аналогіі з біял. будовай арганізма. У яго аснову пакладзены прынцып біял. цэласнасці, які раскрывае найважнейшыя асаблівасці развіцця жывога (арганізм як цэласная сістэма, развіццё да ўсё больш складанай арганізацыі, іерархічная ўпарадкаванасць, адносная ўстойлівасць і самарэгуляцыя). Тэрмін «арганіцызм» уведзены ў 1918 англ. фізіёлагам Дж.С.Холдэйнам, які разам са сваімі паслядоўнікамі (Дж.Вуджэр, Г.Шаксель, Д.В.Харыс і інш.) гал. ўвагу канцэнтраваў на праблеме арган. цэласнасці. Пазней аўстр. біёлаг Л. фон Берталанфі ў сваёй тэорыі эквівалентных сістэм (1930-я г.) дапоўніў канцэпцыю арганіцызму палажэннем пра арганізмы як высокаарганізаваныя адкрытыя сістэмы, што знаходзяцца ў стане дынамічнай раўнавагі з асяроддзем. Ідэі арганіцызму атрымалі развіццё ў агульнай тэорыі сістэм, у кібернетыцы, тэорыі інфармацыі і інш.
Г.І.Шчарбіцкі.
т. 1, с. 467
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГУ́ЛЬНАЯ ТЭО́РЫЯ СІСТЭ́М,
навуковая канцэпцыя даследавання аб’ектаў, якія ўяўляюць сабой сістэмы. Цесна звязана з сістэмным падыходам, з’яўляецца канкрэтызацыяй і логіка-метадалагічным выражэннем яго прынцыпаў і метадаў. Агульную тэорыю сістэм, адну з першых версій якой распрацаваў Л.Берталанфі, абагульняе прынцыпы цэласнасці, арг-цыі, эквіфінальнасці (дасягнення сістэмай аднолькавага канчатковага стану пры розных зыходных умовах) і ўзаемаадназначнай адпаведнасці — ізамарфізму (гл. Ізамарфізм і гомамарфізм). У межах гэтай канцэпцыі было арганізавана даследаванне адкрытых сістэм, якія пастаянна абменьваюцца рэчывам і энергіяй са знешнім асяроддзем. У 1950—70-я г. існавалі і інш. падыходы да пабудовы агульнай тэорыі сістэм (М.Месаровіч, Л.Задэ, Р.Акоф, Дж.Клір, У.Н.Садоўскі, А.І.Уёмаў, Ю.А.Урманцаў, Р.Калман, Э.Ласла і інш); асн. ўвага звярталася на распрацоўку логіка-канцэптуальнага і матэм. апарата сістэмных даследаванняў.
Літ.:
Садовский В.Н. Основания общей теории систем: Логико-методол. анализ. М., 1974;
Уёмов А.И. Системный подход и общая теория систем. М., 1978;
Bertalanffy Z. v. General system theory: Foundations, development, applications. New York, 1969.
т. 1, с. 89
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́НЕЗІС (грэч. genesis),
філасофская катэгорыя, якая абазначае ўзнікненне, паходжанне, станаўленне аб’ектаў і з’яў, што развіваюцца. Першапачаткова стасаваўся да ўяўленняў аб паходжанні прыроды, быцця. Гэты аспект назіраўся яшчэ ў міфалогіі (багі як стваральнікі космасу), а потым у філасофіі (Геракліт, І.Кант, Г.Гегель) і канкрэтна-навук. галінах ведаў (касмаганічная гіпотэза Канта—Лапласа, атамістыка Дж.Дальтона і інш.). З 19 ст. катэгорыя генезісу пачынае адыгрываць важную метадалагічную ролю ў навук. пазнанні, асабліва ў навуках аб працэсах развіцця (тэорыя паходжання відаў праз натуральны адбор у біялогіі). Гэта прывяло да ўсталявання генетычнага метаду як асобнага метаду пазнання і ўзнікнення навук. дысцыплін, што вывучаюць пераважна генетычныя аспекты з’яў і працэсаў (генетычная псіхалогія, генетычная сацыялогія і інш.). У сучаснай навуцы асэнсавана неабходнасць злучэння генетычнага (дыяхроннага) і структурна-функцыянальнага (сінхроннага) даследавання аб’ектаў. У рамках апошняга, у прыватнасці, у розных варунках агульнай тэорыі сістэм (Ю.А.Абрамаў, Л.Берталанфі, Дж.Клір, Э.М.Сарока, А.І.Уёмаў, Ю.А.Урманцаў) робяцца спробы па мадыфікацыі структурна-функцыянальнага падыходу з тым, каб было магчымым вывучэнне генезісу і развіцця структур. Выключна важную ролю набываюць праблема глабальнай эвалюцыі і праблема генеалогіі формаў свядомасці.
У.К.Лукашэвіч.
т. 5, с. 152
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)